Чэхія: дэмакратыя ўсё?
У Чэхіі ўпершыню пасля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 года фармуюць урад пры ўдзеле камуністаў. Дэмакраты ў сувязі з гэтым кажуць пра канец палітычнай мадэлі, заснаванай пасля краху камунізму.
Хаця апошнія падзеі ў Чэхіі вельмі папулярна называць «Аксамітнай контррэвалюцыяй», паралелі з падзеямі 1989 года, мякка кажучы, трошкі нацягнутыя. Аксамітная рэвалюцыя абапіралася на шырокі грамадскі кансенсус. Неабходнасць рэформаў прызнавалі нават камуністы, якія даволі лёгка пагадзіліся адысці ад улады. Цяперашняе вяртанне камуністаў у эліту выклікала шмат спрэчак. Дастаткова сказаць, што канчатковаму галасаванню 12 ліпеня папярэднічалі парламенцкія дэбаты, якія цягнуліся аж 16 гадзін.
Прадстаўнікі правых партый заклікалі адумацца, нагадваючы пра злачынствы таталітарызму і пагрозу рэабілітацыі KSCM (Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравіі). У гэтым плане яны не хлусілі. Цяперашняя Чэхія — прадукт 1989 года. Паколькі тая рэвалюцыя мела выразны антыкамуністычны складнік, адной з негалосных альфаў і амегаў новага рэжыму была маргіналізацыя кампартыі. Апошнім, праўда, удалося захавацца на палітычнай сцэне, аднак у склад урадавай кааліцыі іх ніколі не запрашалі. Для ўсіх вядучых палітыкаў кааперацыя з KSCM на ўзроўні ўраду лічылася нейкім абсалютным табу.
Правілы гульні зламаў папуліст Андрэй Бабіш — скандальны алігарх, лідар папулісцкай партыі ANO («Акцыя незадаволеных грамадзян»). ANO — фармальны пераможца парламенцкіх выбараў, што адбыліся яшчэ 9 месяцаў таму. Першы ўрад Бабіша праіснаваў толькі месяц: у студзені 2018 года парламент выказаў яму недавер. Паколькі Бабішу бракавала дэпутацкай большасці, стартавалі пошукі партнёраў, якімі на пачатку лета пагадзіліся стаць эсдэкі. Аднак і гэта не дало патрэбнай колькасці мандатаў. Вось тут і спатрэбіліся камуністы, якія маюць фракцыю ў 15 чалавек.
Хаця фармальна камуністы не будуць сябрамі кабінету, яны, як кажуць некаторыя, атрымліваюць рычаг ціску на міністраў. Непразрысты перамоўны працэс дае камуністам магчымасць таксама манеўраваць і атакаваць кааліцыйных партнёраў новымі патрабаваннямі.
Адсюль і сапраўдная Ніягара эмоцый з боку дэмакратаў. Некаторыя дэпутацкія групы прыцягнулі ў залу пасяджэнняў транспаранты з надпісамі: «Стоп бальшавізм!», «Не камуне!» і гэтак далей. Бурліва было і на вуліцы, дзе некалькі сотняў чалавек пратэставалі супраць вяртання камуністаў у Град (урадавы квартал у Празе). Справа ледзь не дайшла да палітычнага замаху: калі Бабіш з’явіўся перад маніфестантамі, з натоўпу ў прэм’ера паляцелі пляшкі. Дадавала драматызму і тое, што на дварэ — юбілей інтэрвенцыі войскаў Варшаўскага блоку ў Чэхаславакію ў жніўні 1968-га.
Нягледзячы на мабілізацыю, аргументы правай апазіцыі не спрацавалі. У выніку фінальнага галасавання ўрад быў ухвалены 105 галасамі з 196 прысутных. У прынцыпе, усё вырашыла прагнасць сацыял-дэмакратаў, рэйтынгі якіх зараз самыя нізкія за ўсю гісторыю. А тут Бабіш гатовы даць аж пяць міністэрскіх пасадаў.
Не паспелі абвясціць вынікі галасавання, як на старонках правай прэсы пачаліся хаўтыры па чэшскай дэмакратыі. На думку лідараў апазіцыі, рэспублікі, якую заснавалі на рэштках савецкай Чэхаславакіі, больш няма. На яе месца прыйшла новая мадэль, якую адны называюць «посткамуністычная Чэхія», а іншыя — «алігархічная рэспубліка» або «Бабішаўская Чэхія». Лідар фракцыі ліберальнай партыі TOP 09 Міраслаў Калоўсек чакае пераарыентацыі Чэхіі на Маскву. Некаторыя дэмакраты рвуць на сабе валасы праз тое, што ў 1989-м не пачалі працэс забароны камуністычнай партыі, як зрабілі некаторыя краіны-суседкі.
Не ўсе спяваюць рэквіем па чэшскай дэмакратыі і спадчыне яе заснавальніка Вацлава Гавела. Некаторыя каментатары заклікаюць не дэманізаваць камуністаў. Па-першае, KSCM даўно ўжо не марыць пра дыктатуру пралетарыяту. Арганізацыю Войцеха Філіпа (правадыра камуністаў) можна параўнаць з партыяй Зюганава, якая стала эксплуатуе настальгію па часах камунізму (сярэдні ўзрост чэшскага камуніста — 62 гады). Этычны кодэкс камуніста не замінае функцыянерам KSCM весці вельмі буржуазны modus vivendi.
Такая апартуністычная партыя наўрад ці будзе асабліва ўплываць на стратэгію Бабіша. Лепшы прыклад — апошнія знешнепалітычныя крокі яго кабінету. Нягледзячы на рэверансы перад камуністамі, Бабіш паслядоўна арыентуецца на Вашынгтон, адмаўляючыся, напрыклад, ад скарачэння чэшскіх вайсковых кантынгентаў у Афганістане і краінах Балтыі. Раней, у сакавіку, Прага выставіла трох дыпламатаў Расіі ў знак салідарнасці з Лонданам па справе Скрыгаляў.
Вяртанне камуністаў у эшалоны ўлады сапраўды стварае вялікую маральную і псіхалагічную праблему для палітычных сілаў, якія арыентуюцца на спадчыну Аксамітнай рэвалюцыі. У сімвалічным сэнсе апошнія падзеі рыкашэтам б’юць па іх канцэпцыі, у якой камуністы заўжды былі абсалютным злом.
Напэўна, пытанне трэба ставіць яшчэ больш глабальна. Чаму грамадства дае легітымацыю такім палітыкам, як Бабіш? Як піша брытанская «The Guardian», Андрэй Бабіш адважыўся на саюз з камуністамі, паколькі ў пытаннях дэмакратыі адчуваў палітычную апатыю большасці простых чэхаў.