Сікорскі: NATO будзе збіваць расійскія самалёты, якія парушаць паветраную прастору Альянса

Расійскія самалёты за апошні тыдзень некалькі разоў парушылі паветраную прастору краін NATO. Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ў часе пасяджэння Савета Бяспекі ААН заявіў, што надалей NATO будзе збіваць расійскія самалёты, якія парушаць паветраную прастору Альянса. А ЗША адзначылі, што будуць усяляк падтрымліваць партнёраў па блоку. Ідуць 1308-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

69919381_0_image_a_578_1718108261343.avif

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 179 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 верасня.

На Пакроўскім кірунку адбылося 58 баявых сутыкненняў у раёнах Ніканораўкі, Залатога Калодзежу, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Мірнаграду, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 31 штурм расіян у раёнах Філіі, Шаўчэнка, Сасноўкі, Новаіванаўкі, Тэрнаў, Мірнага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 20 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Ольгаўкі, Новаегароўкі, Грэкаўкі, Сярэдняга, Калодзежаў, Стаўкі, Шандрыгалава, Новаміхайлаўкі, Торскага і іншых.

На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 17 атак у раёнах Плешчыеўкі, Бярэстак, Кацярынаўкі, Клебан-Быка, Русінага Яру, Шчарбінаўкі, Палтаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку Сілы абароны адбілі 12 атак расіян ў раёнах Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў, Краснага Першага, Заходняга і ў бок Адраднага і Куцькоўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулы дзень адбылося 11 баявых сутыкненняў. 

На Сіверскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па сем баявых сутыкненняў на кожным.

* * *

Ноччу расійскія ўдарныя беспілотнікі атакавалі аб'ект інфраструктуры ў Кіраваградскай вобласці Украіны. У выніку атакі БПЛА ўзнік пажар, пра пацярпелых інфармацыя не паступала. 

Запарожжа ў ноч на 23 верасня было атакавана авіябомбамі. Авіябомбы РФ папалі ў прыватную забудову і аб'екты прамысловай інфраструктуры. Загінуў мужчына — яго цела ратавальнікі дасталі з-пад завалаў.

У ноч на 23 верасня ў Чарнігаве прагрымела серыя выбухаў. Расія атакавала адзін з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры. Інфармацыі пра пацярпелых няма.

Расійская Федэрацыя ў чарговы раз нанесла ўдар па Адэсе. У выніку атакі ўзнік пажар у 5 гандлёвых кіёсках, пашкоджаны будынкі гатэля, «Укрпошты», «Укртэлекама», дома культуры, цэнтра прадастаўлення адміністрацыйных паслуг. Адна жанчына загінула, тры чалавекі параненыя.

* * *

552932405_1146341114345632_5541936389836874206_n.jpg

* * *

Чэшскі прэзідэнт Пётр Павел на палях сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку выказаўся за захаванне ініцыятывы па пастаўках боепрыпасаў у падтрымку Украіны, якую найбуйнейшая апазіцыйная сіла паабяцала перагледзець у выпадку прыходу да ўлады.

На думку Павела, для Чэхіі было б небяспечна адмовіцца ад дапамогі Украіне. «Калі мы хочам паважаць тое, што свет павінен функцыянаваць на аснове пэўных правілаў, то мы павінны падтрымліваць кожнага, хто з'яўляецца ахвярай парушэння такіх правілаў», — сказаў ён. 

Прэзідэнт Чэхіі таксама нагадаў, што ініцыятыва па пастаўках снарадаў «даказала сваю эфектыўнасць з пункту гледжання якасці і надзейнасці паставак боепрыпасаў, якія патрэбны Украіне для таго, каб яна магла абараняцца».

«Любая спроба абмежаваць або адмяніць гэтую ініцыятыву насамрэч сустрэне вялікае непаразуменне нават з боку нашых саюзнікаў, таму што яны давяраюць гэтаму працэсу, і мы фактычна страцім сваю ўласную надзейнасць», – дадаў ён.

* * *

Злучаныя Штаты і іх саюзнікі будуць абараняць кожны сантыметр тэрыторыі NATO. Расія павінна неадкладна спыніць небяспечныя дзеянні, заявіў пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Майк Уолтц, паведамляе The Guardian.

Падчас пасяджэння Савета Бяспекі, пасол жорстка раскрытыкаваў дзеянні Расіі і запэўніў саюзнікаў у гатоўнасці Злучаных Штатаў да абароны. Ён нагадаў, што ўсяго дзевяць дзён таму Савет Бяспекі ААН ужо збіраўся пасля масавага парушэння расійскімі беспілотнікамі паветранай прасторы Польшчы, але Масква «зноў уварвалася ў паветраную прастору краіны-члена NATO».

Уолтц падкрэсліў, што ЗША і іх саюзнікі «будуць абараняць кожны сантыметр тэрыторыі NATO», таму «Расія павінна неадкладна спыніць небяспечныя дзеянні». Ён таксама заявіў, што Вашынгтон чакае ад Масквы «крокаў да дээскалацыі, а не да пашырэння канфлікту».

На думку дыпламата, інцыдэнты з беспілотнікамі і знішчальнікамі ствараюць уражанне, што «Расія або імкнецца ўцягнуць у процістаянне з Украінай больш дзяржаў, або страціла кантроль над уласнымі ваеннымі». Ён назваў «вельмі трывожным» любы з гэтых варыянтаў, і заклікаў Крэмль выконваць нормы міжнароднага права.

* * *

Краіны NATO будуць збіваць расійскія самалёты або ракеты, калі яны парушаць іх паветраную прастору. Пра гэта на Савеце Бяспекі ААН заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, перадае The Guardian.

Сікорскі адзначыў, што раней краіны NATO заплюшчвалі вочы на правакацыі Расіі, але замест прабачэнняў Масква толькі хлусіла. Ён дадаў, што парушэнне паветранай прасторы краін Альянсу — гэта эскалацыя гібрыднай вайны, якую Расія вядзе супраць Захаду ўжо шмат гадоў. 

«Мы — мірныя дэмакратыі, якія свядома пазбягалі актыўнага ўдзелу ў вашай спробе вярнуць Украіну. Але мы не дазволім сябе запалохаць. У мяне толькі адна просьба да расійскага ўрада: калі яшчэ адна ракета або самалёт увойдуць у нашу паветраную прастору без дазволу, наўмысна або па памылцы, будуць збітыя і абломкі ўпадуць на тэрыторыю NATO, калі ласка, не прыходзьце сюды скардзіцца. Вас папярэдзілі», — дадаў Сікорскі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перад сустрэчай з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам сустрэўся ў Нью-Ёрку са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Кітам Келагам. Пра гэта кіраўнік Украіны паведаміў у Telegram.

«Праінфармаваў пра сітуацыю на фронце і вынікі контрнаступальнай аперацыі каля Дабраполля і Пакроўска. Таксама закранулі развіццё супрацоўніцтва Украіны і ЗША, у прыватнасці ўзаемавыгадных пагадненняў па дронах і закупцы амерыканскай зброі, якія Украіна прапанавала ЗША», — расказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што Украіна вельмі зацікаўлена ў тым, каб заключыць іх у бліжэйшы час. Таксама абмеркавалі гарантыі бяспекі і абарону ўкраінскага неба.

У Белым доме паведамілі, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім 23 верасня.