«Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!». Галоўныя асобы бітвы пад Воршай

8 верасьня 1514 года войскі Вялікага Княства Літоўскага ў легендарнай бітве на рацэ Крапіўне, што цячэ ля Воршы, разграмілі вялізнае войска маскоўцаў. Ход бітвы добра вядомы, дык давайце прыгледземся да асноўных дзеючых асобаў як з нашага боку, так і з варожага.

Гетман Канстантын Астрожскі. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Гетман Канстантын Астрожскі. Выява: instagram.com/belarus_minulaja

Ворагі

Міхаіл Булгакаў-Голіца

Як бы ня дзіўна гэта выглядала, але кіраваць маскоўскім войскам Васіля ІІІ ў паходзе на Воршу быў пастаўлены нашчадак нашага вялікага князя Гедыміна. Як так атрымалася?

У Гедыміна, як вядома, было прынамсі 14 дзяцей, зь якіх ты сыны былі пазьней кіраўнікамі нашае дзяржавы – Яўнут, Альгерд і Кейстут. Аднак быў яшчэ і Нарымонт (1294-1348), які займаў сур’ёзнае становішча ў ВКЛ і ў выніку атрымаў у валоданьне адну з частак – Полацкае княства. Разам з гэтым Вялікае Княства Літоўскае падтрымлівала Наўгародзкае княства, якое змагалася з Масквой. Атрымалася нават пасадзіць нашага князя на чале Ноўгарада, але толькі на некалькі гадоў, бо яму больш цікавай была радзіма. У бітве з крыжакамі ў 1348 годзе ён загінуў.

Ягоны сын Патрыкей, унук Гедыміна, у 1383-1386 гадах і з 1398 года быў княскім намесьнікам Вялікага Княства Літоўскага ва ўсё тым жа Ноўгарадзе, куды трапіў па запрашэньні баярскай рады. Там ён атрымаў у кіраваньне горады Арэхаў і Карэлу. А з 1408 года паехаў служыць маскоўскаму князю Васілю І. Там жа працаваў і сын Патрыкея – Юры, унук Васіль і праўнук Іван.

За гэты працяглы час памяць пра родную старонку ўшчэнт сьцерлася, асабліва калі цябе кормяць рукой з Крамля. Нарэшце сын Івана і быў тым самым Міхаілам Булкагавым-Голіцай, які пайшоў страшэннай вайной на Вялікае Княства Літоўскае. Мянушка Голіца замацавалася за ім, бо ў восьмым пакаленьні нашчадак Гедыміна любіў на левай руцэ насіць латную пальчатку. Ад гэтай мянушкі ўтварылася новае прозьвішча, якім карысталіся яго нашчадкі – Галіцыны.

Міхаіл Булгакаў-Голіца на старажытнай выяве

Міхаіл Булгакаў-Голіца на старажытнай выяве

Міхаіл Булгакаў-Голіца быў цалкам разьбіты пад Воршай і больш за тое – трапіў у палон. Даволі іранічным выглядае тое, што ён правёў на зямлі сваіх продкаў амаль усё жыцьцё – быў за кратамі ў Вільні 37 гадоў. Толькі ў 1551 годзе той атрымаў волю і паскакаў у Крэмль. Неўзабаве пастрыгся ў манахі і ў хуткім часе памёр у 1558 годзе.

Між тым РПЦ уключыла яго ў адмысловы «вечны сьпіс» для ўспаміну ва Ўспенскім саборы ў Крамлі ў сувязь з «яго доўгачасовым ўтрыманьнем ў польскім палоне і пакутамі, якія ён цярпеў». Там так і напісана – польскі палон. Відаць сталіца Вялікага Княства Літоўскага і ўвогуле Беларусь лічалася б занадта «не гераічным» месцам зьняволеньня для падданага маскоўскіх тыранаў.

Іван Чаляднін

Іван быў нашчадкам маскоўскіх баяраў, вядомых з ХІІІ стагодзьдзя. Ягоны бацька Андрэй Чаляднін ужо праліваў кроў нашых продкаў – падчас вайны Вялікага Княства Літоўскага з маскавітамі 1500-1503 гадоў. Войскі пад кіраўніцтвам ваяводы Андрэя Чалядніна спусташалі нашыя землі ля Полацка і Віцебска.

Сын пайшоў у бацьку і таксама атрымаў пасаду ваяводы пскоўскага. Іван Чаляднін падчас наступнай вайны з Масквой (1507-1508) быў у складзе дэлегацыі маскавітаў у вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Пасьля вайны крамлёўскі тыран Васіль ІІІ скіраваў яго паслужыць Маскве-матухне ў якасьці свайго намесьніка ў Пскоў. Там Чаляднін паслужыў на славу. Ён кіраваў дэпартацыяй жыхароў пскоўскай зямлі на маскоўскія тэрыторыі. Гэта такая спрадвечная крамлёўская забава: выразаць ці дэпартаваць насельнікаў памежных з сабою месцаў, і засяляць іх сваімі іванамі.

Але Чаляднін неўзабаве трапіў у чорную паласу, якая і прывяла яго да сьмерці. У 1512 годзе ён безпасьпяхова ўдзельнічаў у аблозе Смаленска, а потым надыйшоў 1514 год, дзе Іван Чаляднін кіраваў 80-тысячным маскоўскім войскам.

Іван Чаляднін

Іван Чаляднін

Ваявода Іван Чаляднін у сваёй перамозе не сумняваўся. Захаваўся яго запіс напярэдадні:

«Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што без сумненьня і вялікіх намаганьняў мы зможам ці разьбіць гэтае войска, ці абкружыць яго ды гнаць, як быдла, аж да Масквы. Нарэшце, адзінае, што нам застанецца,  заняць усю Літву».

Языком малоць – адно, а на справе, як і яго паплечнік Міхаіл Булгакаў-Голіца, Чаляднін страціў усё войска, а сам трапіў у наш палон, дзе і памёр прыблізна ў 1521 годзе.

Глядзіце таксама

Героі

Януш Сьвярчоўскі

Януш паходзіў з польскага шляхетнага роду гербу Трубы. Нарадзіўся каля 1460 года і да моманту адыходу ў лепшы сьвет у 1530 годзе пасьпеў назьбіраць багаты сьпіс пасадаў, якія ён займаў. Ён быў і надворным гетманам, а таксама кашталянам вісьліцкім, старостай церабаўлянскім і люблінскім, маршалкам і падкаморыям каронным. Апроч гэтага, яшчэ да бітвы пад Воршай езьдзіў з дыпляматачнай місіяй у Асманскую імпэрыю.

На момант знакамітага 8 верасьня 1514 года Януш Сьвярчэўскі быў падначаленым Канстантына Астрожскага, і кіраваў сур’ёзнай часткаю войска. У яго ўваходзілі 5-тысячнае кароннае войска, 3 тысячы надворных жаўнераў і 3 тысячы польскай наёмнай пяхоты, апроч таго Сьвярчэўскі меў і вялікую колькасьць гарматаў.

Такая падмога войску Вялікага Княства Літоўскага была вельмі дарэчы. Нагадаем, што супраць 80-тысячнай арды захопнікаў выступіла армія, якая налічвала ўсяго каля 30 тысячаў чалавек.

У 1515 годзе ён камандаваў войскамі, якія рушылі ўглыб Масковіі, падыходзячы да Вялікіх Лук і Тарапца.

Юры Радзівіл Геркулес
Юры Радзівіл

Юры Радзівіл

На сёньня больш знакамітай за Юрыя Радзівіла зьяўляецца яго дачка. У 1520 годзе ў шлюбе з Барбарай Кішка нарадзілася дзяўчынка, якой далі імя маці. Праз 28 гадоў вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст ажаніўся зь ёю: так гэта была легендарная Барбара Радзівіл, Чорная Панна Нясьвіжу.

Аднак вернемся ў часы бітвы. Юры Радзівіл браў непасрэдны ўдзел у вайне з маскавітамі, і на рацэ Крапіўне кіраваў лёгкай коньніцай.

Юры Радзівіл быў адным з самых знакамітых асобаў свайго часу. Ён быў ледзьве не самым магутным магнатам Вялікага Княства Літоўскага, з уладаньнямі па ўсёй тэрыторыі дзяржавы. Напрыканцы жыцьця атрымаў галоўную вайсковую пасаду – кіраўніка ўзброенымі сіламі ВКЛ – ён стаў гетманам вялікім літоўскім.

Мянушка Геркулес, як не складана здагадацца, замацавалася за ім праз шматразовыя перамогі над ворагамі нашае дзяржавы. Часам яго называлі “Віктар” – таксама ад слова “вікторыя” – перамога.

Юры Радзівіл камандаваў войскам Вялікага Княства Літоўскага ў вайне супраць Масквы 1534 - 1537 гадоў. Падчас яе, у 1535 годзе вызваліў ад акупантаў Гомель і Старадуб. Памёр вялікі герой Беларусі ў 1541 годзе.

Канстантын Астрожскі

Чалавек, імя якога назаўжды ў пантэоне найвялікшых дзяцей нашай дзяржавы, нарадзіўся ў 1460 годзе, а скончыў свой век у Тураве ў 1530 годзе.

Князь, продкі якога верагодна паходзілі ад колішніх князёў Турава-Пінскага княства, стаў галоўным чыньнікам слаўнай перамогі 8 верасьня 1514 года.

Як слушна піша гісторык Мікола Ермаловіч, зьвяртае на сябе ўвагу і тое, што Астрожскі, зьяўляючыся праваслаўным, узначальваў войска, якое змагалася з праваслаўным войскам. А гэта сьведчыць аб тым, што ён не зьмешваў адзінаверства з адзінадзяржаўем i, зыходзячы з гэтага, не прызнаваў права адной дзяржавы ўмешвацца ў справы другой на падставе абароны адзінавернага насельніцтва ў ёй.

Глядзіце таксама

Уладзімер Арлоў падкрэсьлівае, што колькасьцю падданых Канстантын Астрожскі быў другім землеўладальнікам у Вялікім Княстве Літоўскім (пасьля Альбэрта Гаштольда). На жаль, пасьля сьмерці яго сына Януша, перасеклася мужчынская галіна роду.

Цікавым фактам біяграфіі гетмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага зьяўляецца перыяд з 1500 па 1506 год. Гэты час ён правёў у палоне ў маскоўскіх ворагаў. Той перыяд дадаў яму разуменьня сутнасьці і прыроды крамлёўскіх рэжымаў: гэта сьмерць, вайна і поўнае вынішчэньне. Скарыстаўшыся магчымасьцю, Канстантын Астрожскі вярнуўся на Радзіму, дзе яго пасада была вернутая яму адразу.

Да бітвы пад Воршай Астрожскі на чале войска Вялікага Княства Літоўскага атрымаў слаўныя перамогі над татарамі пад Слуцкам і пры Вішняўцы.

Па сьмерці, кіраўніком нашай арміі стаў вышэйзгаданы Юры Радзівіл Геркулес.

Ой, у нядзельку параненько

Узышло сонейко хмарненько,

Узышло сонейко над борам,

Панад Селецкім таборам.

А ў таборы трубы граюць,

Да ваяцкае парады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Аткуль Воршы дабываці:

А ці с поля, а ці зь лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

Ані з поля, а ні зь лесу,

Толькі з рэчкі невялічкі!

А ў нядзельку параненьку

Сталі хлопцы-пятыгорцы,

Каля рэчкі на прыгорцы:

Гучаць разам з самапалоў,

Зь сяміпадых ад запалоў;

Б’юць паўсоткаю з гарматоў…

Масква стала нарэкаці,

Место Воршу пакідаці;

А як з Воршы ўцекалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як нашая слава тутка прапала;

Бадай высыхала да сканчэньня сьвету,

Што нашай славанькі ўжо нету!».

Слава Воршы ўжо ня горша

Слаўся, пан Астрожскі!

З Днём беларускай вайсковай славы, сябры!