Свята, якое нам неабходна

«Шануй сваё! Барані сваё!» — гэтая фраза магла б быць дэвізам беларускага войска.

i_5.jpg


Войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Астрожскага 505 гадоў таму ўшчэнт разбіла армію рускага цара Васіля ІІІ у бітве на рэчцы Крапіўна пад Оршай.

Гэты дзень неафіцыйна абвешчаны Днём беларускай вайсковай славы. Але дзівіць, што дагэтуль неафіцыйна. Асабліва ў сённяшніх варунках, калі незалежнасць і суверэнітэт Беларусі — пад пагрозай. А сучасная армія перажывае, скажам так, не лепшыя часы ў іміджавым плане.

Нашаму войску не хапае менавіта такіх святаў. А айчынныя генералы, узгадаваныя ў савецкай парадыгме, проста адмаўляюць нашу гісторыю. Для іх прыкладам з’яўляецца не незалежная Беларусь і не ВКЛ, а «вялізны і магутны» СССР і Другая сусветная вайна. І нават не Другая сусветная — яе яны па звычцы завуць Вялікай Айчыннай.

Перамога пад Оршай — гэта не толькі перамога меншага войска над большым. Яна была дасягнутая, згодна сведчанням гісторыкаў, ледзьве не з мінімальнымі людскімі стратамі для войска ВКЛ. Паводле падлікаў, з «нашага боку» загінулі толькі 4 прадстаўнікі «вялікіх паноў» і 500 рыцараў (простую пяхоту тады ніхто не лічыў). З маскоўскага — толькі ў палон трапілі 612 «баяраў», у тым ліку і камандаванне арміяй.

Сённяшнія генералы наракаюць на «недахоп патрыятычнага выхавання» і на тое, што ў выніку ніхто не хоча ісці ў войска. Ім, канешне, можна было б адказаць цытатай, якую інтэрнэт памылкова прыпісвае Манэргейму: «Перш, чым выдаткаваць вялікія грошы на абарону, трэба стварыць народу жыццё, якое варта было б бараніць». Сказаў гэта, аднак, не Карл Манэргейм, стваральнік абарончай лініі, якая абышлася фінам у 621 мільён марак, а міністр фінансаў гэтай краіны Вяйне Танер. Але справа не ў тым, хто сказаў, а што сказаў.

Як вядома, войска Астрожскага пад Оршай складалася ў асноўным з «прызыўнікоў» і «добраахвотнікаў». Па тых (дый па ўсіх) часах, каб наймаць войска, былі патрэбныя грошы. Шляхецкія ўладанні ВКЛ былі вызваленыя ад дзяржаўных падаткаў. Каб атрымаць грошы на войска, вялікаму князю была патрэбная згода Сейма, але гэтыя выдаткі блакавалі дэпутаты з цэнтральных ваяводстваў дзяржавы. Ім не было справы да войнаў, якія вяліся на межах. Масковія — цэнтралізаваная да дэспатызму дзяржава з жорсткай падатковай сістэмай — у гэтым сэнсе выйгравала. Мела грошы, наймала генуэзскую пяхоту, па ўсёй Еўропе шукала артылерыйскія тэхналогіі, майстроў і артылерыстаў.

Такім чынам, у войску Астрожскага былі патрыёты, а не найміты. І гэта яшчэ адзін прыклад, які наша дзяржава магла б выкарыстаць у «патрыятычным выхаванні». Але генералы цураюцца сваёй гісторыі, аддаючы перавагу гістарычнай міфалогіі.

Кажуць, што ў выніку бітвы пад Оршай не была дасягнутая галоўная мэта — узяць Смаленск, таму яна была, нібыта «безвыніковай». Але вынік, насамрэч, быў агромністы: варожая навала на Беларусь з Усходу спынілася на 22 гады. Саюз Святой Рымскай Імперыі і Лівоніі супраць ВКЛ імгненна разваліўся. Крымскі хан, дазнаўшыся пра Оршу, таксама вырашыў не лезці на тэрыторыю сённяшняй «Сінявокай». У выніку XVI стагоддзе стала залатым стагоддзем беларускай культуры.

Між іншым, у гэтыя ж дні нашы суседзі адзначаюць адзін з дзён вайсковай славы Расіі — дзень Барадзінскай бітвы. Якая таксама ў тактычным плане не дала нічога. Аднак жа святкуюць! Увогуле, у Расіі аж 17 (!) дзён вайсковай славы. А ў нас і аднаго цураюцца.

А якія яшчэ даты могуць быць «беларускай вайсковай славай»? Звыклае 23 лютага, калі ўтвораная Чырвоная Армія прыняла свой першы бой — і была разгромленая? 9 траўня, 3 ліпеня — занятыя. Дый яны савецкія, а не беларускія. Слуцкае паўстанне? Грунвальд? Дык ад гэтых датаў нашы ўлады таксама збягаюць як ад агню. Пытанне толькі, чаму і навошта.

Можа быць, таму, што яны ніяк не звязаныя з савецкімі міфалагемамі, з тым, што «мы з рускімі гнілі ў адных акопах» ды «братнія народы»?

Але затое гэтыя даты выдатна сведчаць пра тое, што ў незалежнай Беларусі, у пераемніцы ВКЛ, могуць быць свае перамогі, нацыянальныя інтарэсы і ўрэшце — свой гонар і годнасць. А не «супольныя з іншымі».  

«Шануй сваё! Барані сваё!» — гэты слоган мог бы быць дэвізам беларускага войска. Канешне, у ім шмат чаго трэба змяніць. Але галоўнае, што мы павінны выкараніць, — гэта сумнеў у тым, што нашае войска будзе нас бараніць у выпадку любой агрэсіі — ці з Захаду, ці з Усходу. Цяпер жа наконт дзеянняў нашай арміі ў выпадку навалы з   Усходу (больш верагоднай, чым атака з Захаду) — мы не ўпэўненыя.