Свята, якое б аб’яднала беларусаў і ўкраінцаў. Ці трэба нам адзначаць «Дзень беларускай вайсковай славы»?

У альтэрнатыўным беларускім календары ёсць добра вядомае свята — «Дзень беларускай вайсковай славы». Прымеркавана яно да перамогі ў Аршанскай бітве, якая адбылася 8 верасня 1514 года. Ці варта нам трымацца за гэту падзею і за гэта свята, што яно можа сімвалізаваць сёння? Чарговыя ўгодкі бітвы — добрая нагода, каб разабрацца.

00_vokladka__frahment_karciny_.jpg

У афіцыйным календары ніякага «Дня беларускай вайсковай славы» мы, канешне ж, не знойдзем. Галоўнае свята войска ў сучаснай Беларусі, як і ў савецкі час — 23 лютага. Абыдзем спрэчнасць афіцыйнага календара і адкажам на пытанне: а ці былі спробы ў гэтай справе нешта змяніць? Ці ёсць альтэрнатыва, якае мае большы нацыянальны беларускі каларыт, чым святы са спадчыны савецкага календара? Ці, прынамсі, дні і падзеі, якія былі хаця б звязаны непасрэдна з гісторыяй краіны?

Альтэрнатыва — ёсць?

Што ж, альтэрнатыва сапраўды ёсць. Напрыклад, «Дзень беларускай вайсковай славы», які прыпадае на 8 верасня, што прымеркавана да перамогі пад Оршай у 1514 годзе. Так, дата ёсць, а ці былі спробы яе адзначаць? Таксама адказ тут станоўчы.


Дзень беларускай вайсковай славы, 1990-я, фота Уладзіміра Сапагова

Дзень беларускай вайсковай славы, 1990-я, фота Уладзіміра Сапагова

Было гэта яшчэ ў далёкім 1992 годзе, калі патрыёты зладзілі першае святкаванне Дня беларускай вайсковай славы на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Падчас святкавання ў сталіцы адбылася падзея: масавае прыняцце 12 афіцэрамі і 3000 жаўнерамі прысягі на вернасць Беларусі. У наступныя гады Дзень беларускай вайсковай славы адзначаўся шэсцямі, мітынгамі, імпрэзамі, але пазней, калі змянілася ў Беларусі ідэалагічная мадэль, свята ўжо адзначалася ў вузкіх колах нацыянальнай інтэлігенцыі ў полі пад Оршай, дзе меркавана і адбылася бітва.

Дзень Беларускай вайсковай славы, Мінск, 1997 год, фота Уладзіміра Сапагова

Дзень Беларускай вайсковай славы, Мінск, 1997 год, фота Уладзіміра Сапагова

Наяўнасць альтэрнатыўнага «Дня беларускай вайсковай славы» падштурхоўвае да шматлікіх разваг. Ці трэба нам, краіне, якая не прэтэндуе на вайсковую гегемонію і не хворая на «ўра-патрыятызм», адзначаць свята з яскравым мілітарным чыннікам? Наогул, ці варта выцягваць з дальніх паліц гістарычнай памяці даўнія бітвы і адзначаць перамогі, якія былі здабыты ў часы сівой даўніны?

Глядзіце таксама

Што адбылося пад Оршай больш за 500 год таму?

«Вялікая бітва» — так сучаснікі называлі Аршанскую бітву. Перамога, здабытая 8 верасня 1514-га, — прыклад поспеху ў справе змагання супраць знешняга ворага нароўні са здабытай на стагоддзе раней перамогі пад Грунвальдам. Бітва адбылася на полі недалёка ад Оршы. Войскамі Вялікага Княства Літоўскага камандаваў славуты гетман Канстанцін Астрожскі

Яшчэ ўвосень 1512 года Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за землі, якія лічыла «исконно русскими» — сучасныя Беларусь і Украіну. Фарпостам Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе быў горад Смаленск. Двойчы з пачатку вайны ён вытрымліваў маскоўскія атакі. У трэці раз войска маскавітаў узяло яго ў аблогу ў ліпені 1514 года, па месячнай аблозе і моцным абстрэле ваявода Юры Салагуб капітуляваў.

Натхнёны поспехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Літвы. Неўзабаве ўслед за Смаленскам захопнікі ўзялі Крычаў, Мсціслаў і Дуброўну. Аб упэўненасці маскоўскага валадара ў перамозе сведчыць ягоны загад сваім ваяводам: «войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы, як быдла, пугамі гнаць». Над Вялікім Княствам павісла небяспека існавання.

Аршанская бітва (1515)

Аршанская бітва (1515)

Сітуацыю змяніла Аршанская бітва. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасць вярнуць захопленыя праціўнікам гарады. Пасля, дзякуючы ўдалай дыпламатычнай палітыцы Вялікага Княства Літоўскага, пачаў развальвацца накіраваны супраць Польшчы і ВКЛ таемны альянс. На Венскім з’ездзе 1515 года Ягелоны і Габсбургі дасягнулі поўнага ўзаемаразумення.

Асноўная мэта кампаніі — вяртанне ў склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленска — засталася недасяжнай, але наш вайсковы поспех спыніў актыўны наступ маскоўскага войска ўглыб Вялікага Княства Літоўскага.

Гэты, хоць і кароткі экскурс у рэаліі XVI стагоддзя, красамоўна нам сведчыць: у гэтай частцы свету за стагоддзі мала што мяняецца. Актуальнасць падзей не змяншаецца. І памятаць, а пажадана выносіць хоць якія-небудзь мінімальныя ўрокі з мінулага тут варта.

Ці адзначаюць у свеце падобныя святы?

Падзеі XVI стагоддзя адгукаюцца сёння — гэта факт. Агрэсія суседа, прага захапіць землі, вырашэнне палітычных спрэчак на Марсавым полі… Мінула 500 год, а выклікі па-сутнасці тыя ж. Але гэта гістарычны кантэкст. Можа, было б больш дарэчы, каб гэтым займаліся гісторыкі ў акадэмічных колах і на канферэнцыях вялі дыскусіі? Навошта варушыць даўнія падзеі і рабіць з іх свята?

А давайце паглядзім, ці ёсць наогул у свеце такі досвед і такая практыка: адзначаць святы, прымеркаваныя да бітваў? Канешне, ёсць. Гэта цалкам натуральна.

Напрыклад, у шэрагу штатаў ЗША адзначаецца Дзень патрыёта (Patriots Day). Дзень Патрыёта з’яўляецца афіцыйным дзяржаўным святам, прысвечаным святкаванню гадавіны бітваў пры Лексінгтоне і Канкордзе, першых бітваў вайны за незалежнасць ЗША. Свята першапачаткова адзначалася 19 красавіка, як фактычная дата бітваў, якія адбыліся ў 1775 годзе.

Дзень Патрыёта (ЗША)

Дзень Патрыёта (ЗША)

У штатах, дзе яно адзначаецца, гэта не проста свята, але і выхадныя тры дні. Гэты дзень з’яўляецца днём памяці.

Падобнае ж свята ёсць і ў блізкай ад нас Польшчы. 15 жніўня там адзначаецца Дзень Польскага Войска (Święto Wojska Polskiego). Гэты дзень з’яўляецца агульнанацыянальным выхадным. Дарэчы, ён супадае з рэлігійным святам у каталікоў — Унебаўзяццем Найсвяцейшай Панны Марыі. Карані свята з вайсковым чыннікам у 1920-м: у гэты дзень польскае войска пад камандаваннем Юзэфа Пілсудскага спыніла наступ на Варшаву савецкіх войскаў, якімі кіраваў Тухачэўскі.

Дзень Польскага Войска

Дзень Польскага Войска

Пры гэтым для Польшчы свята досыць маладое. Святкаванне было ўстаноўлена толькі ў 1992 годзе, а маштабныя мерапрыемства, прымеркаваныя да яго, упершыню прайшлі ў 2007 годзе. 

Паралелі з увядзеннем і спробай адзначыць наш Дзень вайсковай славы напрошваюцца самі. 

Ці добра, што свята мае мілітарны чыннік і фактар перамогі над кімсьці?

Канешне, лепш, калі б на дзяржаўным узроўні і з размахам адзначаліся святы, прымеркаваныя да падзей культурных: Дні кнігі, універсітэтаў, навукі, літаратуры, права і закона… Але нам выпала жыць у той частцы свету, дзе войны вяліся заўжды. Без бітваў і, пажадана, перамог у іх немагчыма ўявіць нашу гісторыю.

Толькі адзначаць вайсковыя святы трэба асцярожна. Тут важна не скаціцца ў выхвалянне накшталт «если надо, повторим». Гэта небяспечна. Але ў выпадку беларусаў крыху вайсковага гонару з мінулага якраз і не зашкодзіць. Так склалася, што вобраз нам сфарміравалі такі ўжо звыш мірны, ажно складваецца ўражанне: продкі беларусаў не ваявалі, не мелі перамог, не было тут таленавітых стратэгаў і вайскоўцаў. Але ж рэчаіснасць была зусім іншая.

znakamiatja_karcina__dze_adljustravana_arszanskaja_bitva.jpg

Што праўда, апаненты свята «Дня беларускай вайсковай славы» закідваюць аргумент, маўляў, навошта яно, гэта нас раз’ядноўвае з суседзямі. Сапраўды, у бітвах заўжды, як мінімум, два ўдзельнікі і хтосьці прайграе. У выпадку з Аршанскай — прайгралі маскавіты. Па логіцы праціўнікаў адзначэння Аршанскай перамогі, гэтая падзея нас сварыць з Расіяй у ХХІ стагоддзі.

Але ж гэта нават не сур’ёзна. Ва ўсіх спелых нацыях і цывілізаваных краінах ёсць падзеі, якія скіраваны «супраць» суседзяў, і нічога — жывуць жа неяк краіны ў міры. Асабліва ў Еўропе, дзе цягам усяго Сярэднявечча і Новага часу палалі войны усіх паміж усімі. Азірацца на іншыя дзяржавы ў выбары ўласных святочных дзён — прыкмета нявылечанага каланіяльнага сіндрому, маўляў, а што ж скажуць «там», у мітраполіі?  

Глядзіце таксама

Што казаць, і ў самой сучаснай Расіі ёсць святы, якія закранаюць іншыя дзяржавы. Напрыклад, Дзень народнага адзінства — свята, якое адзначаецца 4 лістапада і прысвечана падзеям вызвалення Масквы ад «польска-літоўскіх інтэрвентаў». Усталёўваючы яго, наўрад ці Крэмль раіўся з Вільняй ці Варшавай: а ці ж не закране гэты дзень вашых пачуццяў, панове?         

Чаму менавіта Аршанская бітва?

У вайсковай гісторыі было шмат пераможных бітваў. У чым жа перавага Аршанскай? Справа ў тым, што вакол менавіта Аршанскай бітвы сфарміраваўся трывалы вобраз значнай і лёсавызначальнай.

Падзеі далёкага 1514 года трапілі ў поле зроку мысляроў ХХ стагоддзя. А якраз ў тыя часы адбываліся глабальныя працэсы: стваралася і папулярызавалася гісторыя беларусаў як самастойнага народа. З лёгкай рукі Вацлава Ластоўскага за Аршанскай бітвай замацаваўся вобраз важнай і значнай бітвы. У 1910 годзе на старонках «Нашай Нівы» і ў асобным выданні пабачыла свет «Кароткая гісторыя Беларусі з 40 рысункамі». Там, апісваючы бітву пад Оршай, Ластоўскі робіць падсумаванне: «З гэтага часу змаганне за Беларусь вядзецца безупынна».

Сучасны арт на тэму Аршанскай бітвы

Сучасны арт на тэму Аршанскай бітвы

А калі ў 1991 годзе Беларусь стала незалежнай, адноўленай дзяржаве трэба былі новыя патрыятычныя сімвалы і святочныя даты. І тут вельмі дарэчы прыйшлася Аршанская перамога. У той жа год на старонках часопіса «Спадчына» быў апублікаваны праграмны артыкул знакамітага гісторыка Анатоля Грыцкевіча «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.». Гэта праца абагульніла і завяршыла фарміраванне вобразу слаўнай Аршанскай перамогі. Гісторык пісаў: «Бітва пад Оршай з’яўляецца славутай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Яна цалкам упісваецца ў агульны шэраг гістарычных перамог беларускага войска на працягу некалькіх стагоддзяў падчас існавання самастойнай, незалежнай і моцнай дзяржавы беларускага народа — Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага».

І хто ж пасля такіх слоў асмеліцца канкурыраваць з Аршанскай перамогай?..

І ўсё ж, навошта свята: пяць аргументаў

Свята «Дзень беларускай вайсковай славы» — патрэбнае. Яно можа аб’яднаць ушанаванне ўсіх слаўных перамог, якія былі ў нашай гісторыі. Прывязка да Аршанскай перамогі таксама бачыцца найбольш дарэчнай, бо, прынамсі, пра гэту бітву ведаюць куды больш чым пра астатнія. Канкурэнт па вядомасці хіба толькі Грунвальд 1410-га. А яшчэ…

Сучасны арт на тэму Аршанскай бітвы

Сучасны арт на тэму Аршанскай бітвы

Па-першае, Аршанская перамога — гэта сімвал паспяховай вайсковай кампаніі з мінулага з мноствам эпічных сімвалаў: мужны гетман, разгромлены шматлікі вораг, мужныя рыцары.

Па-другое, перамога пад Оршай была не толькі вайсковай, але і дыпламатычнай. А гэта — узровень!

Па-трэцяе, гэта падзея з часоў Вялікага Княства Літоўскага, а яго гісторыю варта вяртаць у публічную прастору, бо за апошнія дзесяцігоддзі шмат з той гісторыі было ўпушчана і забыта.

Па-чацвёртае, з Аршанскай перамогі пачынаецца наш «залаты век». Вялікае Княства Літоўскае ўваходзіць у Рэнесанс, надыходзіць эпоха росквіту і дасягненняў. Ці быў бы той росквіт без перамогі Астрожскага? Пытанне адкрытае. 

Па-пятае, гэта ўжо традыцыя. Калі свята вызначылася, яго пачалі святкаваць і памяць па ім захавалася цягам трох не самых для яго спрыяльных дзесяцігоддзяў, то кінуць традыцыю — зусім недарэчы.

Глядзіце таксама

Хіба што дастаткова аргументаў. Але ж акрамя таго, калі глядзець у будучыню, то менавіта гэта свята магло б стаць чыннікам для супольнага святкавання беларусаў і ўкраінцаў. А гэта важна! Зараз Аршанская перамога займае бачнае месца ва ўкраінскай павестцы. Усё ж гетман Астрожскі меў рэзідэнцыю на Валыні, і падзеі пад Оршай XVI стагоддзя ўпісаны ўжо ва ўкраінскую вайсковую гісторыю. Зараз, як ніколі, перамога над Масквой, хоць і 500-гадовай даўніны, дарэчная на інфармацыйным фронце. Канешне, супольнае слаўнае вайсковае мінулае, якое адзначаецца на дзяржаўным узроўні, будзе цудоўнай нагодай для супрацы. Нішто так не аб’ядноўвае суседнія народы, як супольнае свята.