На што мы сёння здольныя. Сацыяльна-грамадскія развагі напярэдадні вялікай даты.

Месяц таму мінула трэцяя гадавіна падзей 2020 года, а з ёй чарговая хваля роздумаў розных спецыялістаў на тэму, а ці правільна мы ўсё зрабілі тры гады таму? Ці не патрэбна было гэта рабіць неяк інакш?

Мінск, 16 жніўня 2020 года

Мінск, 16 жніўня 2020 года

Восьмага верасня мы будзем адзначаць чарговую гадавіну бітвы пад Оршай, калі войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандваннем гетмана Канстанціна Астрожскага ўшчэнт разбілі значна большую армію маскоўскіх агрэсараў. 

І тут шмат у каго ўзнікае пытанне: а ці здольныя беларусы сёння на абарону сваёй Айчыны ад чужынцаў?

Невялікі экскурс у айчынную гісторыю

Як і заўжды бывае ў такіх сітуацыях, пытанне на самой справе даволі цяжкае. З аднаго боку, чужынскія войскі ўжо зараз у Беларусі. А беларусы збольшага паводзяць сябе даволі ціха, ніякага масавага супрацьстаяння гэтаму не бачна. Некаторыя пачалі рабіць з гэтага нейкія далёкія высновы. Ганьбіць беларусаў ці прыдумваць ім нейкія ментальныя асаблівасці. Але ці маюць яны рацыю? Канечне, не.

Наш народ сёння апынуўся зусім не ва ўнікальнай сітуацыі. Мы далёка не першыя, а хутчэй за ўсё і не апошнія ў гісторыі, хто патрапіў у такое становішча.

Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. Наша гісторыя ўсё гэта ўжо праходзіла. Напрыканцы існавання Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі таксама стаялі расійскія войскі, кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, хацеў ён таго ці не, быў сябрам прарасійскай вайсковай арганізацыі, а расійскі ж пасол Сіверс меў значна большы ўплыў на ўнутраную палітыку фармальна незалежнай дзяржавы, чым гэта дазвалялася дыпламату нават такога высокага рангу. Так што нічога для нас новага.

Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі


Якаў Яфімавіч Сіверс. Надзвычайны пасол Расійскай імперыі ў Рэчы Паспалітай

Якаў Яфімавіч Сіверс. Надзвычайны пасол Расійскай імперыі ў Рэчы Паспалітай

Шляхецкія паўстанні. Выйсце ці марны гераізм?

Тут можна адразу запярэчыць, прыгадаўшы, што на той момант вялікая частка насельніцтва зусім не сядзела склаўшы рукі, спакойна назіраючы за тым, як у іх адбіраюць краіну. Гэта так. Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ставіла сваёй мэтай недапушчэнне далейшага развалу дзяржавы, а следам за ім паўстанне 1830-31 гадоў — яе аднаўлення. Але тут ёсць адзін невялічкі нюанс. Паўстанні гэтыя былі ў вельмі значнай ступені шляхецкімі. Прадстаўнікі якіх б іншых сасловій да іх не далучаліся, менавіта шляхта, якая на момант распаду РП складала да 10-15% яе насельніцтва, была іх галоўным рухавіком.

Тадэвуш Банавентура Касцюшка

Тадэвуш Банавентура Касцюшка

Зразумела, што па сваёй структуры яна ніколі не была аднароднай. Пакуль адны жылі ў шыкоўных палацах, іншыя былі вымушаны штодзённа працаваць. Але радавы гонар, слаўныя вайсковыя традыцыі продкаў і прадзедаўская шабля заўжды займалі важнае месца ў гэтым асяроддзі і старанна захоўваліся.

Такая сітуацыя была справядлівай не толькі для нашай краіны. У Іспаніі цэнтрамі барацьбы супраць улады Мадрыда заўжды былі паўночныя правінцыі. І справа тут не толькі ў мясцовым нацыяналізме тых жа баскаў ці каталонцаў. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова проста паглядзець на карту рассялення дваран-ідальга ў розных частках тагачаснага Іспанскага каралеўства. Відавочна, што на поўначы іх колькасць значна вышэйшая чым на поўдні. Спалучэнне нацыянальнага гонару з арыстакратычным і дало ў выніку тую выбухованебяспечную сувязь, якая і зараз не дае спакойна спаць мадрыдскім чыноўнікам. 

Працэнт дваран у Іспанскім каралеўстве на канец XVIII ст.

Працэнт дваран у Іспанскім каралеўстве на канец XVIII ст.

Але вернемся на Беларусь. Беларуская шляхта, нягледзячы на паражэнні, усё ж такі стварала такія праблемы новай расійскай уладзе, што тая была вымушана пачаць супраць яе барацьбу на вынішчэнне. Амаль адразу пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў Камітэт Заходніх губерняў неадкладна заняўся вырашэннем праблем шляхецкага саслоўя. 19 кастрычніка 1831 года быў выдадзены закон «Аб разборы шляхты ў Заходніх губернях і аб упарадкаванні такога роду людзей». Гэта быў першы крок да знішчэння нашай шляхты як грамадскага класа, і яго ніяк не назавеш няўдалым.

Але ў чым прычына такіх частых паражэнняў? Праблема на той час была ў тым, на мой погляд, што шляхецка-дваранскія бунты часта аказваліся замкнутымі самі на сабе. Ажно да другой паловы ХХ стагоддзя асноўную масу насельніцтва большасці краін свету складалі сяляне. Яны па сваёй прыродзе, навучаныя цяжкім жыццём і карпатлівай штодзённай працай, людзі практычныя, а таму вельмі доўга прыглядваюцца і прымяраюцца. Трэба зразумець, што сялянства амаль ніколі не бунтуе, пакуль мае што есці. Прыгожыя лозунгі аб свабодзе і патрыятызме вельмі марудна знаходзяць дарогу да практычнага сялянскага сэрца. Дрэнная адукацыя і існаванне амаль усё жыццё на даволі невялікай тэрыторыі таксама не дадаюць надзеі на нейкі грамадскі ўздым сярод сялян. Свая зямля і ўласны дабрабыт — вось што заўжды валодала іх думкамі. І толькі падчас паўстання Кастуся Каліноўскага гэтае пытанне паўстала ў поўны рост.

Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі

Нацыянальная буржуазія. Крэатыўны каталізатар перамен

Але існуе яшчэ адзін клас, які ў гісторыі часта станавіўся авангардам руху да перамен. І дамагаўся ў гэтым значна большых поспехаў. Гэта нацыянальная, пераважна гарадская, буржуазія. Маючы ўласнасць і грошы, прадстаўнікі буржуазіі з цягам часу пачыналі патрабаваць для сябе яшчэ і грамадзянскіх правоў. Людзі, якія ўмелі зарабляць самастойна, не патрабуючыя амаль ніякай падтрымкі ад дзяржавы, больш не хацелі быць бяспраўнай паднявольнай масай. І гэта знаходзіла водгук сярод даволі шырокіх слаёў насельніцтва. 

Праз гэты шлях праходзілі амаль усе краіны Еўропы. Недзе перамен удавалася дабіцца мірным шляхам, недзе не абыходзілася без крыві.

Найбольш вядомым у нас прыкладам гвалтоўнага супрацьстаяння старой сістэмы новым класам з’яўляецца Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя. Калі ўлада Бурбонаў не адчула ў патрэбны момант неабходнасць перамен і была знесена паўстаўшым народам, а кароль пакараны на гільяціне. 

І што далей?

Вось тут мы падыходзім да таго, дзеля чаго я, уласна кажучы, і напісаў гэты тэкст. Што з сябе ўяўляе сучаснае беларускае грамадства і якая будучыня яго чакае?

Зразумела, што ні пра якую шляхту ў сённяшніх беларускіх рэаліях гаварыць не даводзіцца. Вялікая яе частка была папросту фізічна вынішчана. Кожны раз пасля падаўлення чарговага паўстання найбольш актыўныя яе ўдзельнікі былі ці забіты, ці высланы за межы краіны. Рэшта была пазбаўлена шляхецкага звання і паступова зведзена да ўзроўню заможных сялян ці гарадскіх мяшчан. Так што пра шляхцюкоў мы зараз можам узгадваць толькі ў нейкім рамантычным ключы.

Да нядаўняга мінулага можна было дастаткова справядліва казаць пра беларусаў як пра пераважна сялянскую нацыю. І на гэта ёсць падставы. Зусім не так даўно большасць насельніцтва шмат якіх беларускіх гарадоў складалі яўрэі, а беларусы жылі пераважна па сёлах. Магчыма, якраз у гэтым палягае прычына такой пасіўнасці вялікай колькасці нашых суайчыннікаў. Гэта не страх. Знакамітыя чарка і шкварка — гэта і ёсць сялянская практычнасць у дзеянні. Навошта ваяваць і бунтаваць, калі збольшага і так усё добра. Дык давайце казаць праўду: многія з нашых суседзяў і цяпер успрымаюць Беларусь як гэткую адвечную ціхую правінцыю, дзе ўжо сотні гадоў нічога значнага не адбывалася.

Але 2020 год і масавасць пратэстаў паказалі, што карціна выглядае не зусім так. Сярод тых, хто запоўніў вуліцы беларускіх гарадоў тым летам і восенню, было шмат людзей, якія даўно ўжо ад дзяржавы нічога не патрабуюць. Адукаваныя, яны моцна стаяць на ўласных нагах, жывуць сваім розумам і сваімі сіламі. Абсалютна розныя людзі: бізнесмены, рабочыя розных прадпрыемстваў, супрацоўнікі сферы паслуг. Усе гэтыя людзі былі абураныя тым узроўнем гвалту, які іх дзяржава ўжыла да сваіх уласных грамадзян. Беларуская дзяржава заключыла за апошнія гады, калі карыстацца тэрміналогіяй Жан-Жака Русо, сваеасабовы сацыяльны кантракт з грамадствам, дзе людзі маглі больш-менш спакойна жыць, падарожнічаць, зарабляць грошы. Узамен ад іх патрабавалася толькі не лезці асабліва ў палітыку. І тут раптам дзяржава сама парушае гэтую дамову, учыніўшы такі нічым не апраўданы гвалт.

Жан-Жак Русо

Жан-Жак Русо

І людзі выйшлі. Больш за ўсё гэта нагадвала класічную буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю. Рэвалюцыю, але без крыві. І гэта паказала глыбокую прорву паміж грамадствам і ўладай. Пакуль грамадства еўрапеізавалася, рухаючыся наперад, пабудаваная Лукашэнкам сістэма ўсё больш кансервавалася. І выявілася, што ўся гэтая агромністая махіна абсалютна нежыццяздольная. Калі б не знешняя падтрымка, мы даўно б жылі ў іншай краіне.

Дык усё ж такі, а што далей? Ці будуць беларусы змагацца за сваю свабоду? Са зброяй у руках хутчэй не. Бо, па-першае, дзе яе ўзяць, а па-другое, дзеля гэтага патрэбны сапраўдны тэрор з масавымі ахвярамі, а да гэтага пакуль што далёка.

Але гістарычны працэс нельга павярнуць назад. Карэнны пералом ужо адбыўся. Пакуль беларускія чыноўнікі працягвалі жыць у эпоху позняга СССР, беларусы навучыліся жыць без іх. За апошнія пару пакаленняў беларусы з непрыкметнага перыферыйнага народа сталі абсалютна нармальнай еўрапейскай нацыяй. Такім грамадствам нельга больш кіраваць у аўтакратычнай манеры, патрабуецца пераход да больш складанай мадэлі. Далей грамадства павінна паступова пераходзіць да заходнезаваных тыпаў дэмакратыі. 

Таму ўся гэтая сярэднявечная архаіка, усе гэтыя Азаронкі і Бондаравы — гэта ўжо зараз рудымент, спроба таго, што даўно аджыла, што непатрэбна, хоць неяк абараніць сябе, працягнуць сваё бессэнсоўнае існаванне. Але гэта ўсё марна. Перамагчы ў гэтай барацьбе яны не змогуць, толькі троху запаволіць непазбежнае. А мы яшчэ ўбачым вольную Беларусь.