Бітва пад Оршай. Слаўная перамога нашых продкаў
Аршанская бітва была часткай доўгай серыі маскоўска-літоўскіх войнаў, якія развязалі маскоўскія князі супраць беларуска-літоўскай дзяржавы, імкнучыся праз вайну і гвалт сабраць пад сваю ўладу ўсе тыя землі, што некалі ўваходзілі ў склад так званай Старажытнарускай дзяржавы.
8 верасня 1514 года адбылася знакамітая Бітва пад Оршай, вялікая баталія паміж саюзнымі войскамі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і Каралеўства Польскага пад агульным камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага і войскам Вялікага Княства Маскоўскага пад камандаваннем ваяводы Івана Чалядніна.
Ход вайны да Аршанскай бітвы
У канцы лістапада 1512 года Вялікае Княства Маскоўскае пачынае новую вайну супраць Вялікага Княства Літоўскага. Да таго ж у наступным годзе ў Еўропе пачынае стварацца кааліцыя, накіраваная супраць ВКЛ і Польшчы. Ініцыятарамі яе стварэння сталі імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян І і Вялікі князь маскоўскі Васіль ІІІ.
Вялікі князь маскоўскі Васіль ІІІ. Крыніца: wikipedia.org
Самым усходнім фарпостам Вялікага Княства і адным з найважнейшых апорных пунктаў, якія ахоўвалі яго з гэтага боку, была на той момант крэпасць Смаленска. У 1513 годзе маскавіты двойчы спрабавалі захапіць горад, але дзякуючы мужнасці смалян і добра пастаўленай абароне, гараджане абодва разы здолелі прымусіць ворага адступіць. Аднак маскоўскі князь не спыняўся ў сваіх намаганнях захапіць Смаленск. Ён добра разумеў, што нельга нават мроіць аб далейшым працягу вайны, калі ты маеш моцную варожую крэпасць у тыле. Летам 1514 года маскавіты ў чарговы раз аблажылі Смаленск. Не вытрымаўшы аблогі і артылерыйских абстрэлаў, на гэты раз гераічны горад быў вымушаны здацца. 1 жніўня Васіль ІІІ урачыста заехаў у Смаленск, дзе прызначыў сваім намеснікам князя Васіля Шуйскага. Падбадзёраны гэтым першапачатковым поспехам, маскоўскі ўладар загадаў сваім войскам рушыць далей углыб тэрыторыі Вялікага Княства. Прасоўваючыся на захад, маскоўская армія паступова займае адзін за адным гарады Крычаў, Мсціслаў і Дуброўна.
Тым часам кароль Жыгімонт І Стары здолеў сабраць усяго толькі каля 35000 войска для вайны з усходнім суседам. Яно саступала маскоўскаму па агульнай колькасці (налічвала прыблізна 80000 чалавек), але значна пераўзыходзіла ў якасці. Асноўная яго частка складалася з добра падрыхтаваных і загартаваных у шматлікіх баях ваяроў, якія прайшлі ўжо не адну кампанію. Агулам сілы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ўключалі 16000 літоўскай і 14000 польскай кавалерыі (як лёгкай, так і цяжкай), 3000 польскай наёмнай пяхоты і 2500 добраахвотнікаў з розных краін Еўропы. На ўзбраенні ў добрай колькасці мелася вогнепальная зброя і гарматы. На чале аб'яднанага войска стаў Вялікі гетман літоўскі Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Маскоўскае ж войска цалкам складалася з коннага апалчэння і не мела артылерыі.
Спачатку месцам збору польска-літоўскай арміі быў прызначаны Мінск. Але, прабыўшы там невялікі час, кароль павёў свае сілы ў Барысаў. Там Жыгімонт пакінуў 4-5 тысяч чалавек для абароны горада, а асноўныя сілы — каля 30 тысяч — рушылі насустрач арміі маскавітаў. У канцы жніўня адбылося некалькі сутычак на пераправах праз рэкі Бярэзіна, Бобр і Друць, але маскоўскае войска пакуль што ўхілялася ад буйнога сутыкнення.
Несучы нязначныя страты, маскавіты прасунуліся ў раён паміж Оршай і Дуброўна на рацэ Крапіўне, дзе разбілі лагер. Гетман Астрожскі адцягнуў увагу непрыяцеля, пераправіўшы невялікую колькасць кавалерыі на вачах маскоўскіх дазорных. Асноўная ж частка саюзнага войска пераправілася праз раку паўночней па двух пантонных мастах у ноч на 8 верасня. Маскоўскія дазорныя дакладвалі сваім ваяводам аб пераправе войска Вялікага гетмана праз Дняпро і прапаноўвалі атакаваць яго ў гэты зручны момант. Але Чаляднін вырашыў не перашкаджаць пераправе арміі Астрожскага, збіраючыся даць таму генеральны бой і вырашыць усе пытанні ў адной бітве. Сігізмунд фон Герберштэйн, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі, прыпісвае Івану Чалядніну наступныя словы: «Пачакаем да таго часу, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, без сумневу, мы без асаблівага намагання зможам альбо скамячыць гэтае войска, альбо акружыць яго і гнаць, як быдла, аж да самай Масквы. Нарэшце, адзінае, што нам застанецца — заняць усю Літву».
Саюзнае войска пачало рыхтавацца да галоўнай бітвы з маскавітамі. Гетман Канстанцін Астрожскі размясціў сваю армію ў дзве лініі. Спераду ён паставіў два кавалерыйскія палкі, ВКЛ і Кароны, якімі камандаваў Войцех Сампаліньскі. У другой лініі месціліся яшчэ два конныя палкі пад камандаваннем Юрыя Радзівіла і Януша Свярчкоўскага. Паміж імі стаялі атрады пяхоты з вогнепальнай зброяй. Маскоўскае войска, на чале якога стаялі ваявода Іван Чаляднін і князь Міхаіл Булгакаў-Голіца, было выстраена ў тры лініі. Фармальным кіраўніком быў прызначаны Чаляднін, але на справе кожны маскоўскі ваявода быў сам па сабе, каардынацыя паміж флангамі ў маскавітаў амаль адсутнічала.
Бітва пад Оршай
Неўзабаве пасля світання 8 верасня 1514 года Булгакаў-Голіца аддаў загад аб пачатку наступлення. Маскавіты спрабавалі абысці літвінаў з флангаў, якія былі ўкамплектаваны польскімі і літоўскімі лёгкімі гусарамі. Але ваяры Астрожскага здолелі адбіцца і пры падтрымцы польскай цяжкай кавалерыі перайшлі ў контратаку. Маскоўская атака захлынулася, маскавіты былі вымушаны адысці да сваіх зыходных пазіцый. Гэта быў першы сігнал аб магчымай паразе, але Чаляднін па-ранейшаму быў упэўнены, што суадносіны армій амаль 3 к1 на карысць яго войска ўсё адно павінны прынесці яму перамогу. Пры гэтым ён быў цалкам заклапочаны толькі ўласным флангам (так званай «рукой») свайго войска. Добра бачачы, у якім стане аказаўся Булгакаў-Голіца, ён, тым не менш, зусім не спяшаўся таму на дапамогу. Сучасныя даследчыкі мяркуюць, што гэта стала вынікам дрэнных адносін паміж ваяводамі, кожны з якіх хацеў асабіста выслужыцца перад маскоўскім князем і прыпісаць перамогу менавіта сабе.
Тым часам літоўская і польская конніца атакавалі перанапружаны цэнтр ліній маскоўскага войска, спрабуючы іх раскалоць. У вырашальны момант кавалерыя Вялікага Княства як бы пахіснулася, потым пайшла ў адступленне. Гэта быў загадзя спланаваны Астрожскім манеўр. Маскавіты з крыкам «Літва ўцякае» перайшлі ў павальны наступ усімі кавалерыйскімі рэзервамі. У атаку іх павёў непасрэдна сам Іван Чаляднін, які спрабаваў такім чынам выправіць дрэнную для яго сітуацыю на полі бою. Літоўская кавалерыя пасля некалькіх хвілін адступлення раптам раз'ехалася ў розныя бакі. Коннікі Чалядніна апынуліся ў пастцы. Яны трапілі пад шчыльны гарматны агонь літоўскай артылерыі, што была схавана перад бітвай і прыкрыта шэрагамі пяхоты. Тут з абодвух бакоў з'явіліся польскія і літоўскія кавалерысты, якія пачалі абкружаць ворага. Сярод акупантаў пачалася паніка. Спачатку правы фланг, а за ім і ўсё войска кінуліся ўцякаць. Асноўныя страты маскавіты зазналі якраз падчас гэтых уцёкаў. Ахопленыя страхам, яны танулі ў балоцістых водах Крапіўны ў такой колькасці, што тая выйшла з берагоў. Войска Вялікага Княства Літоўскага пераследавала адступаючых амаль 60 кіламетраў.
Як пісаў вядомы расійскі гісторык Карамзін у сваёй «Истории государства Российского», «Літвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над маскавітамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Воршай і Дуброўнай…».
У гэтай бітве маскоўскае войска зазнала страшэнныя страты. Паводле звестак польскіх хронік і лістоў караля Жыгімонта І іншым еўрапейскім уладарам, у бітве пад Оршай з боку Масквы загінула сама мала 30 тысяч чалавек і яшчэ вялікая колькасць была ўзята ў палон, у тым ліку паланёнымі аказаліся Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца.
Наступствы бітвы
Армія Астрожскага працягвала наступ услед за разбітым рускім войскам і паступова вярнула сабе большасць раней захопленых крэпасцей, у тым ліку Мсціслаў і Крычаў. Аднак літоўскае і польскае войскі былі занадта знясіленыя, каб хутка аблажыць Смаленск. Астрожскі змог дасягнуць Смаленска толькі ў канцы верасня, што дало князю Шуйскаму дастаткова часу для падрыхтоўкі абароны. Але агульнае прасоўванне маскоўскай арміі на працяглы час было спынена.
У снежні 1514 года гетман Канстанцін Астрожскі з трыумфам увайшоў у Вільню. У гонар яго перамогі былі ўзведзены дзве праваслаўныя царквы: царква Святой Тройцы і царква святога Мікалая, якія і цяпер застаюцца прыкладамі праваслаўнай царкоўнай архітэктуры горада, што найбольш уражваюць. 3 снежня сам кароль Жыгімонт даў у гонар непераможнага гетмана ўрачысты прыём. Астрожскага пачалі зваць «Сцыпіёнам Руськім», параўноўваючы яго са славутым рымскім палкаводцам Сцыпіёнам Афрыканскім, што некалі абараніў Рым ад небяспекі з боку Карфагена.
Палітычныя наступствы Аршанскай бітвы цяжка пераацаніць. Германскі імператар Максіміліян I быў настолькі ўражаны размахам перамогі Канстанціна Астрожскага, што забыўся на ўсе свае планы хаўрусу з Масквой і пачаў мірныя перамовы з каралём Жыгімонтам у Вене. У наступным 1515 годзе былі заключаны канчатковыя пагадненні аб міры і кааліцыя супраць Літвы і Польшчы, якую спрабаваў стварыць маскоўскі ўладар, назаўжды спыніла сваё існаванне.