Лінкальн не быў абаліцыяністам. 5 фактаў, якія вы маглі не ведаць пра вызваленне рабоў у ЗША

У гэтым годзе спаўняецца 160 гадоў з часу вызвалення рабоў у Паўночнай Амерыцы. 22 верасня 1862 года прэзідэнт ЗША Аўраам Лінкальн выдаў «Пракламацыю аб вызваленні», у якой абвясціў, што з 1 студзеня 1863 года ўсе чарнаскурыя рабы ў штатах, якія на той момант паўсталі супраць Федэральнага ўрада, «будуць з гэтага часу і назаўжды вольныя».

Тэкст Пракламацыі аб вызваленні

Тэкст Пракламацыі аб вызваленні


Факт №1: Лінкальн не быў абаліцыяністам

Аўраам Лінкальн сапраўды лічыў рабства маральна няправільным, але была адна вялікая праблема: рабства фактычна было санкцыянаванае вышэйшым законам краіны, Канстытуцыяй. Бацькі-заснавальнікі не ўпісвалі слова «рабства» ў Канстытуцыю Злучаных Штатаў наўпрост, але яны ўключылі ў яе некалькі важных артыкулаў, якія абаранялі гэты інстытут. Напрыклад, пункт аб збеглых рабах ці расісцкі пункт аб трох пятых, які вызначаў правіла ўліку чарнаскурага насельніцтва пры падліках колькасці агульнага насельніцтва штата. Згодна з ім улічваліся толькі 3/5 ад агульнай колькасці рабоў, якія пражывалі на канкрэтнай тэрыторыі, астатнія нібы і не існавалі. Але такая складаная сістэма падлікаў давала на траціну больш галасоў выбаршчыкаў, чым у выпадку, калі б рабы не ўлічваліся наогул.

У сваёй трохгадзіннай прамове ў горадзе Пеорыя, штат Ілінойс, увосень 1854 года Лінкальн ясна выклаў сваё маральнае непрыманне рабства, а затым прызнаў, што не ведае на самой справе, што з гэтым рабіць у рамках існуючай палітычнай сістэмы.

Факт № 2: Лінкальн фактычна двойчы выдаваў Пракламацыю аб вызваленні

Спачатку Аўраам Лінкальн выдаў папярэднюю Пракламацыю аб вызваленні рабоў ад 22 верасня 1862 года. У ёй гаварылася, што калі паўднёвыя штаты не капітулююць да 1 студзеня 1863 года, то Пракламацыя ўступіць у юрыдычную сілу як закон. Калі Канфедэрацыя адмовілася выканаць гэта патрабаванне, Лінкальн споўніў свае абяцанні і выдаў канчатковую Пракламацыю аб вызваленні 1 студзеня 1863 года. Калі б паўднёўцы пагадзіліся, вызваленне рабоў магло б адцягнуцца на нявызначаны тэрмін.

16-ты прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Аўраам Лінкальн

16-ты прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Аўраам Лінкальн


Факт №3: Лінкальн спачатку не лічыў, што ў чарнаскурых павінны быць такія ж правы, як у белых

Хоць Лінкальн сцвярджаў, што фраза бацькоў-заснавальнікаў ЗША «Усе людзі створаны роўнымі» датычная як да чорных, так і да белых людзей, гэта не азначае, што ён лічыў, што яны павінны мець аднолькавыя сацыяльныя і палітычныя правы. Яго погляды высветліліся ў серыі дэбатаў 1858 года супраць яго апанента Стывена Дугласа падчас выбараў у Сенат ЗША ад штата Ілінойс. Дуглас абвінаваціў Лінкальна ў падтрымцы «роўнасці неграў». У іх чацвёртых дэбатах у Чарльстане 18 верасня 1858 года Лінкальн ясна выклаў сваю пазіцыю. «Тады я скажу, што я ніколі не выступаў за поўную сацыяльную і палітычную роўнасць белай і чорнай расы», — сказаў ён, дадаўшы, што выступае супраць таго, каб чорныя мелі права галасаваць, уваходзіць у склад суда прысяжных, займаць пасады і ўступаць у змешаныя шлюбы з белымі.

Факт № 4: Пракламацыя аб вызваленні прымянялася толькі да штатаў, якія аб’ядналіся ў Канфедэрацыю, і не датычылася паўночных штатаў

Паколькі Лінкальн выдаў Пракламацыю ў першую чаргу з мэтай напалохаць рабаўладальнікаў Поўдня, яна пачала дзейнічаць не адразу і не ўсюды. Напрыклад, яе дзеянні не распаўсюджваліся на памежныя штаты, такія як Дэлавэр, Мэрыленд, Кентукі і Місуры, якія таксама былі рабаўладальніцкімі, але засталіся вернымі ЗША (насамрэч, у Місуры былі два ўрады, якія канкурыравалі: адзін лаяльны і прызнаны Вашынгтонам, а другі лаяльны Канфедэрацыі). У надзеі заручыцца падтрымкай мясцовага белага насельніцтва Лінкальн таксама вызваліў ад дзеяння свайго ўказа асобныя раёны Канфедэрацыі, якія на той момант ужо перайшлі пад кантроль Саюза. Такім чынам, на практыцы Пракламацыя аб вызваленні не вызваліла адразу ніводнага панявольнага чалавека, паколькі адзіным месцам, дзе яна мела права дзейнічаць, былі тэрыторыі паўднёвых штатаў, якія ў той самы момант наўпрост вялі баявыя дзеянні супраць урада Лінкальна.

Выява бітвы Грамадзянскай вайны ў Амерыцы

Выява бітвы Грамадзянскай вайны ў Амерыцы

Факт №5: Пракламацыя аб вызваленні дапамагла прадухіліць удзел еўрапейскіх дзяржаў у Грамадзянскай вайне ў Амерыцы

Вялікабрытанія і Францыя разглядалі магчымасць падтрымкі Канфедэрацыі ў Грамадзянскай вайне, каб пашырыць свой уплыў у Заходнім паўшар'і. Аднак у еўрапейскай грамадскай думцы тады ўжо моцна пераважалі антырасісцкія настроі. Многія ў Еўропе нават палічылі Пракламацыю аб вызваленні рабоў празмерна абмежаваным і недапрацаваным дакументам. Таму калі адміністрацыя Лінкальна ўсё ж такі прыняла Пракламацыю, урадам Вялікабрытаніі і Францыі прыйшлося адмовіцца ад гэткіх планаў. Умяшанне ва ўнутраныя амерыканскія справы, ды яшчэ і на баку відавочна расісцкай КША, наўрад ці магло знайсці падтрымку сярод жыхароў гэтых краін.

Нягледзячы на ўсе свае недапрацоўкі абвешчаная Пракламацыі шмат у чым стала паваротным момантам у Грамадзянскай вайне. Гэта выклікала вялікі прыток добраахвотнікаў у армію Саюза. Да канца вайны ўжо каля 200 тысяч чарнаскурых салдат прынялі вайсковую прысягу, стварыўшы такім чынам сапраўдны падмурак сучаснай амерыканскай нацыі.

Чарнаскурыя салдаты арміі Злучаных Штатаў

Чарнаскурыя салдаты арміі Злучаных Штатаў