Лукашэнка схлусіў 17 верасня, сказаўшы, што ЗША штурхаюць Еўропу ў вайну з РФ. Румынія абурылася
Часовага паверанага ў справах Беларусі ў Румыніі па патрабаванні міністра Багдана Аўрэску выклікалі ў МЗС гэтай краіны для тлумачэння пазіцыі, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства Румыніі.
Незадаволенасць румынскага боку выклікалі заявы Аляксандра
Лукашэнкі, якія ён зрабіў 17 верасня падчас выступу на так званым патрыятычным
форуме ў «Мінск-Арэне». Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што ЗША «штурхаюць
Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расіяй на тэрыторыі Украіны». Пры гэтым ён
сказаў, што ў вайну ў хуткім часе непасрэдна будзе ўцягнутая ў тым ліку
Румынія.
«Румынскі бок рашуча абвяргае такія недапушчальныя заявы, якія падсілкоўваюць рыторыку, заснаваную на закліку да сілы і пагрозы
сілай у міжнародных адносінах. Таксама нельга ігнараваць ролю і міжнародную
адказнасць Беларусі як памагатага Расіі ў падтрымцы агрэсіўнай вайны супраць
Украіны», — гаворыцца ў тлумачэнні для прэсы МЗС Румыніі адносна заяваў
Лукашэнкі.
МЗС Румыніі нагадаў, што краіна з'яўляецца дзяржавай — членам
НАТА і ў вышэйшай ступені карыстаецца ўсімі гарантыямі бяспекі, вынікаючымі з
гэтага статусу ў адпаведнасці з пунктам аб калектыўнай абароне ў Артыкуле 5
Паўночнаатлантычнага дагавора. Там адзначылі, што НАТА з'яўляецца самым моцным
ваенна-палітычным саюзам у гісторыі.
Даслоўную цытату з выступу Лукашэнкі прыводзіць reform.by:
— А што сёння? Злучаныя Штаты Амерыкі штурхаюць Еўропу ў
ваеннае супрацьстаянне з Расіяй на тэрыторыі Украіны. Свае планы яны не хаваюць
— кантракты ўжо заключаны на гады наперад. Гэта значыць, Украіну будуць
разбураць дашчэнту. І мэта пры гэтым — паслабленне Расіі і знішчэнне Беларусі.
І яшчэ адна мэта заакіянскіх гаспадароў. Мэта — Еўропа.
Амерыка з'яўляецца адзінай краінай — атрымальнікам выгады ад таго, што адбываецца
тут. І Еўропу на месца паставіць, і прыбраць канкурэнтаў. Сёння Украіна, заўтра
будзе Малдова ці Прыбалтыка, Польшча ці Румынія. Штаты раздзімаюць вайну ў
Косаве, спрабуючы ціснуць на Сербію, падкідваюць вуголле ў тлеючыя супярэчнасці
ў Карабаху, каламуцяць ваду ў Сірыі. Пра Украіну я ўжо сказаў. Не ўсё проста ў
Афганістане і суседніх дзяржавах.
Адзначым, што вострая рэакцыя Румыніі, хутчэй за ўсё, выклікана тым, што словы Лукашэнкі афіцыйны Бухарэст чамусьці ўспрыняў усур'ёз. Польшча, краіны Балтыі, альбо Малдова з уласна Украінай на лукашэнкаўскі «геапалітычны» словаблуд даўно не рэагуюць. А калі ўсё ж робяць гэта, то хутчэй у жанры тролінгу, як тыя ж украінцы.