Кішынёў запатрабаваў ад амбасадара Беларусі тлумачэнняў за словы Лукашэнкі

Напярэдадні за словы Лукашэнкі аб тым, што «ЗША падштурхоўваюць Еўропу да ваеннай канфрантацыі з Расіяй», а наступнымі ўцягнутымі ў канфлікт могуць быць Малдова, Польшча, Румынія ці краіны Балтыі, МЗС Румыніі ўручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту.

Анатоль Калінін. Амбасадар Беларусі ў Малдове

Анатоль Калінін. Амбасадар Беларусі ў Малдове

Паводле інфармацыі мясцовага выданьня Ziarul de Garda («Штодзённая газета»), ад дыпламата запатрабавалі тлумачэнняў у сувязі са словамі Лукашэнкі аб тым, што нібыта «ЗША падштурхоўваюць Еўропу да ваеннай канфрантацыі з Расіяй», а наступнымі ўцягнутымі ў канфлікт могуць быць Малдова, Польшча, Румынія ці краіны Балтыі.
Міністэрства замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы шкадуе аб «ролі Беларусі ў прапагандзе расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і неаднаразовым прасоўванні ў публічнай прасторы паведамленняў, скіраваных на стварэнне дэзынфармацыі і фэйкаў».

Учора незадаволенасць румынскага боку выклікалі заявы Лукашэнкі, якія ён зрабіў 17 верасня падчас выступу на так званым патрыятычным форуме ў «Мінск-Арэне». Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што ЗША «штурхаюць Еўропу ў ваеннае супрацьстаянне з Расіяй на тэрыторыі Украіны». Пры гэтым ён сказаў, што ў вайну ў хуткім часе непасрэдна будзе ўцягнутая ў тым ліку Румынія.

«Румынскі бок рашуча абвяргае такія недапушчальныя заявы, якія падсілкоўваюць рыторыку, заснаваную на закліку да сілы і пагрозы сілай у міжнародных адносінах. Таксама нельга ігнараваць ролю і міжнародную адказнасць Беларусі як памагатага Расіі ў падтрымцы агрэсіўнай вайны супраць Украіны», — гаворыцца ў тлумачэнні для прэсы МЗС Румыніі адносна заяваў Лукашэнкі.

МЗС Румыніі нагадаў, што краіна з'яўляецца дзяржавай — членам НАТА і ў вышэйшай ступені карыстаецца ўсімі гарантыямі бяспекі, вынікаючымі з гэтага статусу ў адпаведнасці з пунктам аб калектыўнай абароне ў Артыкуле 5 Паўночнаатлантычнага дагавора. Там адзначылі, што НАТА з'яўляецца самым моцным ваенна-палітычным саюзам у гісторыі.