Як беларускія дзяржслужачыя скуплялі кватэры ў Балгарыі. Расследаванне
У цяперашні час афіцыйны Мінск варожа ставіцца да заходніх краін. Супрацоўнікі беларускіх дзяржструктур публічна падтрымліваюць адпаведную рыторыку. Аднак, як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, дзяржслужбоўцы, якія на працы лаюць замежжа, аддаюць перавагу адпачынку якраз на еўрапейскіх курортах.
У новым расследаванні гаворка пойдзе пра чатырох беларусаў, якія, будучы на дзяржаўнай службе і ўзначальваючы дзяржаўныя прадпрыемствы, вырашылі прыдбаць нерухомасць на беразе Чорнага мора ў Балгарыі.
Дзмітрый
Партон ужо шмат гадоў захоўвае вернасць Аляксандру Лукашэнку, працуе ў
дзяржаўных СМІ і лае Еўрасаюз. Аднак такое стаўленне не перашкаджае яму ўвесь
гэты час адпачываць на самым вядомым курорце ў Балгарыі, атрымліваючы асалоду
ад чарнаморскага паветра ва ўласных апартаментах.
Станіслаў Іодзіс набываў жыллё ў Еўропе, з'яўляючыся кіраўніком найбуйнейшага алкагольнага дзяржхолдынгу краіны, нягледзячы на тое, што яго афіцыйная зарплата не была надта высокай. Але нават гучны карупцыйны скандал, у які трапілі ягоныя падначаленыя, не перакрыў яму шляху ў Еўропу.
Абзаводзіліся кватэрамі ў Балгарыі і беларускія дзяржслужбоўцы ніжэйшага рангу. У кожнага з іх для гэтага былі свае крыніцы даходу, але выключна на зарплату зрабіць гэта было б складана.
Дзмітрый Партон
Дзмітрый Партон пачынаў у вайсковых СМІ і на радыё, пасля ўзначаліў прэс-службу МУС, адвучыўся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і выйшаў на кіруючыя пасады ў дзяржаўных СМІ. З 2012 па 2017 гады — намеснік галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь сёння». Пасля — дырэктар дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання тэлеканала СТВ. З 2018-га — намеснік гендырэктара агенцтва «Мінск-Навіны».
У сваёй працы Дзмітрый Партон часта крытыкуе парадкі «ў сытай і распуснай Заходняй Еўропе».
«Падобна, французскія паліцыянты, надзеўшы ружовыя шалікі, страцілі нюх, ці яны ўжо не могуць зразумець, хто свой, хто чужы ў шматмільённым эмігранцкім натоўпе? Няўжо было незразумела, што ўвесь гэты еўрапейскі лібералізм і ёсць бомба запаволенага дзеяння?», — вось адзін з яго пасажаў.
У 2011 годзе ён прыдбаў жыллё на найвядомейшым курорце ў Балгарыі, Сонечным беразе. За кватэру ў 38 квадратных метраў медыяменеджар выклаў прыкладна 26 тысяч долараў.
Яна знаходзіцца ў 500 метрах ад пляжа; побач басейн, зона для загару і адпачынку, рэстаран.
У маі 2022 года намеснік дырэктара «Мінск-Навіны» адпачываў з сям'ёю ў Балгарыі і фатаграфаваўся з унукам.
Такія падарожжы для сям'і функцыянера дзяржаўных СМІ сталі традыцыяй. Як вынікае з адкрытых крыніц, за апошнія 10 гадоў Партон разам са сваёй жонкай, хатняй гаспадыняй, пабываў у многіх еўрапейскіх сталіцах.
Па даных, атрыманых БРЦ ад «Кіберпартызанаў», ягоны афіцыйны заробак на дзяржаўнай службе складае каля 20 тысяч долараў у год.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што Партон не заўсёды крытыкаваў еўрапейскія асновы. У 2012 годзе, калі ў дзяржаўных СМІ яшчэ можна было хваліць Еўропу, ён, параўноўваючы беларускіх і еўрапейскіх памежнікаў, адкрыта, не баючыся быць пакараным, аддаваў перавагу апошнім.
Мы папрасілі Дзмітрыя Партона пракаментаваць сітуацыю, але ён адмовіўся гэта рабіць.
Станіслаў Іодзіс
Кар'ера Іодзіса таксама пачалася ў праваахоўных органах: напрыканцы дзевяностых ён працаваў пракурорам у Мінску.
Пазней перайшоў у гандаль. Быў дырэктарам мінскага рэстарана «Лідо» і Камароўскага рынку, а ў 2010 годзе аказаўся на кіроўнай пасадзе ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта.
Праз год Аляксандр Лукашэнка даверыў яму найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі па вытворчасці алкаголю, «Мінск Крышталь».
Першую кватэру Іодзіс купіў на вуліцы Лабанка ў Мінску ў 2009 годзе, узначальваючы Камароўскі рынак.
Праз тры гады ў сям'і Іодзіс з'явіўся двухпавярховы дом у Стоўбцах на 130 кв. метраў з лазняй.
Апрача таго, кіраўнік алкахолдынгу любіць машыны. Дастаткова згадаць новы «Лэнд-ровер» 2014 года, які каштуе не адзін дзясятак тысяч долараў.
Пры гэтым, паводле звестак, атрыманых ад «Кіберпартызанаў», у сярэднім афіцыйны гадавы заробак Станіслава Іодзіса на «Мінск Крышталі» складаў 20 тысяч долараў.
А яго тагачасная жонка Алена Іодзіс працавала ў фірме пашыву і продажу спецадзення «Бяспека працы» і зарабляла ў сярэднім каля 2,5 тысячы долараў у год.
У 2016 годзе, праз год пасля разводу з жонкай, Станіслаў Іодзіс купіў кватэру ў Балгарыі, на курорце Памор'е.
Горад на беразе Чорнага мора славуты лячэбнымі гразямі і салёнымі азёрамі. На момант пакупкі кошт апартаментаў у раёне, які абраў Іодзіс, пачынаўся ад 29 тысяч еўра. Па даных, атрыманых ад «Кіберпартызанаў», у Балгарыю ён лётаў практычна штогод, пачынаючы з 2007 года, заўжды ў ліпені-жніўні, з тагачаснай жонкай Аленай.
Праз 3 гады пасля пакупкі балгарскай нерухомасці Станіслаў Іодзіс патрапіў у скандал. У кастрычніку 2019 года яго знялі з пасады кіраўніка «Мінск-Крышталь» за тое, што ён нібыта не ўпільнаваў за падначаленымі і дапусціў карупцыю на прадпрыемстве. На гарачым былі затрыманы трое супрацоўнікаў алкагольнага завода. Па даных следства, за 2018-2019 гады сумарна яны атрымалі хабар прыкладна на 17 тысяч долараў. СМІ са спасылкай на КДБ паведамлялі, што намначальніка транспартнага аддзела «Мінск-Крышталь» Баркоў абвінавачваўся ў хабары за абслугоўванне службовых аўтамабіляў у камерцыйнай структуры. А галоўны інжынер Жарын, па версіі следства, меў намер падрабіць дакументы і конкурсныя працэдуры. У 2020-м яго за гэта асудзілі на 6 гадоў калоніі.
Станіславу Іодзісу, пры якім дзейнічалі гэтыя схемы, следства абвінавачванняў не прад'явіла. Больш за тое, ужо праз месяц пасля скандалу Іодзіс спакойна выехаў у Літву, а напрыканцы 2019-га быў у Латвіі. Таксама з дапамогай «Кіберпартызанаў» мы знайшлі ў яго паездку ў Польшчу ў 2020 годзе і агулам 10 пералётаў пасля звальнення з «Мінск-Крышталя».
Па словах Станіслава Іодзіса, ён «шчаслівы», што журналісты ўсё ведаюць аб яго нерухомасці, але ад каментароў адмовіўся, прыгразіўшы звярнуцца ў праваахоўныя органы.
Аляксандр Кадышаў
Аляксандр Кадышаў кар'ерны шлях пачаў у МУС.
З 2008 года працаваў у сістэме юстыцыі. Каля 5 гадоў узначальваў «Цэнтр судовых экспертыз», паўгода працаваў у прыватным «БІП-Інстытуце правазнаўства». З 2016 года — гендырэктар дзяржпрадпрыемства «БелЮрЗабеспячэнне», якое падпарадкоўваецца Мінюсту і ладзіць аўкцыёны па продажы арыштаванай маёмасці. Як сцвярджае наша крыніца ў Мінюсце, на працу дзяржканторы неаднаразова скардзіліся судовыя выканаўцы.
Па даных, якія мы атрымалі ад «Кіберпартызанаў», у сярэднім Кадышаў зарабляў у «БелЮрЗабеспячэнні» каля 20 тысяч долараў у год.
Гэта амаль у 6 разоў болей за заробкі шараговых супрацоўнікаў, якія, паводле слоў нашай крыніцы, у 2020 годзе не перавышалі 3,5 тысячы долараў за год. Такую розніцу ў ацэнцы працы можна было б растлумачыць вялікімі поспехамі Кадышава на пасадзе, але факты гэтага не пацвярджаюць. Так, у 2021 годзе прыбытак «БелЮрЗабеспячэння» скараціўся ўдвая.
У 2017 годзе, праз паўгода пасля пачатку працы на пасадзе гендырэктара, Кадышаў купіў кватэру на вуліцы Леаніда Бяды ў Мінску з ацэначным коштам больш за 70 тысяч долараў.
Тады ж, як высветлілі мы з дапамогай калег з Балгарскага расследавальніцкага цэнтра BIRD.BG, ён прыдбаў нерухомасць у Балгарыі.
Невялікая кватэра знаходзіцца ў жылым комплексе ў горадзе Святы-Улас, які вабіць турыстаў залацістымі пляжамі, горнымі хрыбтамі, цёплым морам і мноствам бухтаў.
Аляксандр Кадышаў заявіў, што ў красавіку 2022 года пакінуў пасаду кіраўніка «БелЮрЗабеспячэння» і пайшоў на пенсію. Паводле яго слоў, жыллё ў Мінску і Балгарыі набыў на грошы, якія зарабіў яшчэ да прыходу на «БелЮрЗабеспячэнне». Набыццё нерухомасці адбывалася на фоне разводу з жонкай і падзелу маёмасці.
Кадышаў называе балгарскую кватэру «нумарам у гасцініцы», якую купіў пасля азнаямленчага тура. У той час агенты нерухомасці актыўна заваблівалі беларусаў абзавесціся жыллём на балгарскіх курортах, дзе самая танная еўрапейская нерухомасць на чарнаморскім узбярэжжы. Ды і прадукты тут амаль на чвэрць таннейшыя, чым у сярэднім у Еўрасаюзе.
Асноўны матыў пакупкі Кадышава — блізкасць мора, плаванне ў якім дазваляе 66-гадоваму функцыянеру падтрымліваць здароўе. Цяпер ён падумвае прадаць кватэру ў Балгарыі, якая стала практычна недаступнай для паездак. Да таго ж у Беларусі змяніліся адносіны з ЕС, а Кадышаў працягвае прытрымлівацца «дзяржаўных пазіцый». У размове з намі ён заявіў, што пайшоў на пенсію і зараз намераны ездзіць на мора ў Крым.
Людміла Вольвач
Недалёка ад кватэры Аляксандра Кадышава мы знайшлі яшчэ адны апартаменты з беларускімі гаспадарамі. У 2012 годзе кватэру ў 48 квадратаў прыкладна за 23 тысячы долараў купіла сям'я Вольвач.
З вокнаў верхніх паверхаў гэтага комплексу адкрываецца від на мора і горы. На апошнім паверсе ёсць зона з джакузі і лежакамі на панарамнай тэрасе.
Маці сямейства, Людміла Вольвач, на момант пакупкі ўжо 9 гадоў была ў разводзе і працавала ў Гродзенскім гарвыканкаме на пасадзе начальніка аддзела бухгалтарскага ўліку, фінансаў і цэн упраўлення гандлю і паслуг.
Мабыць, апартаменты Людміле дапамог набыць былы муж? За 2012-ы, год набыцця балгарскай кватэры, ён зарабіў 3 тысячы долараў у кампаніі «ТэхБудКантракт»; прыкладна такім жа быў яго заробак і ў папярэднія гады. У выніку выразнага адказу на пытанне, адкуль у Людмілы Вольвач кватэра ў камфартабельным комплексе ў Балгарыі, мы не атрымалі. Яна толькі сказала, што, «працуючы ў гарвыканкаме, нельга не тое што купіць кватэру, нават дазволіць сабе адпачываць там». Так ці інакш, уласнікам гэтых апартаментаў яна стала, знаходзячыся на дзяржслужбе.
Пераклад «Новы Час»