Па планеце крочыць «ШОС»

У Самаркандзе завяршыўся саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (больш вядомай беларусам пад рускай абрэвіятурай «ШОС»), які прымусіў аналітыкаў больш уважліва зірнуць на гэту арганізацыю, а таксама прадэманстраваў істотныя зрухі ў раскладзе сіл у Цэнтральнай Азіі.

Фота АР

Фота АР

Перш за ўсё Шанхайскую арганізацыю нельга ігнараваць ужо праз тое, што яна аб’ядноўвае палову насельніцтва планеты, а сярод яе чальцоў — краіны з другой (Кітай) і пятай (Індыя) эканомікамі свету. Па-другое, шмат хто лічыць, што ШАС — антыамерыканская арганізацыя, накіраваная на прасоўванне інтарэсаў Кітая на міжнароднай арэне, таму яна, і ў тым ліку праз свае памеры, можа несці пагрозу цяперашняму сусветнаму парадку.

Арганізацыя ўзнікла ў 1996 годзе спачатку як «Шанхайская пяцёрка», калі Кітай, Расія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан падпісалі дамову аб «паглыбленні ўзаемнага ваеннага даверу ў памежных рэгіёнах». Такім чынам краіны планавалі зменшыць пагрозу ўзнікнення ўзброеных канфліктаў з-за тэрытарыяльных спрэчак, якія ў вялікай колькасці гэтаму рэгіёну (Усходняя і Цэнтральная Азія) пакінула гісторыя. Праз год тыя ж краіны падпісалі дамову аб скарачэнні ўзброеных сіл у памежных рэгіёнах, і амаль адразу следам за гэтым Барыс Ельцын і Цзян Цзэмінь — тагачасныя лідары Расіі і Кітая — падпісалі дэкларацыю аб «шматпалярным свеце».
Уласна, такім чынам была пастаўлена яшчэ адна магчымая задача гэтага аб’яднання — утварыць новыя сусветныя цэнтры сілы, у процівагу (але не насуперак) Злучаным Штатам. Пасля таго як да «Шанхайскай пяцёркі» ў 2001 годзе далучыўся Узбекістан, яна атрымала цяперашнюю назву.

У хуткім часе на арганізацыю звярнулі ўвагу іншыя краіны Азіі — Індыя, Пакістан, Іран і Манголія. І калі першыя дзве ўжо некалькі гадоў з'яўляюцца паўнапраўнымі чальцамі арганізацыі, то Іран і Манголія пакуль знаходзяцца ў статусе назіральнікаў. Такі ж статус (назіральнікаў) маюць Афганістан і Турцыя. Мела гэты статус і Беларусь, але на апошнім саміце пачалася працэдура надання ёй статусу паўнавартаснага ўдзельніка. Дарэчы, Беларусь праяўляла інтарэс да арганізацыі яшчэ ў 2006-м, але тады яе памкненні наткнуліся на нежаданне ўключаць нашу краіну ў арганізацыю, бо, як патлумачыў тагачасны міністр абароны Расіі Сяргей Іваноў, Беларусь не з’яўляецца азіяцкай краінай. Прадстаўнік жа Кітая тады ж казаў, што арганізацыя мусіць развівацца «інтэнсіўна», а не «экстэнсіўна». Ды і цяперашняе рашэнне зусім не значыць, што Беларусь ужо з’яўляецца паўнапраўным чальцом ШАС. Каб гэта адбылося, ёй трэба прайсці працэс унясення змен у нацыянальнае заканадаўства і далучыцца да міжнародных дамоў (каля 40), падпісаных краінамі-ўдзельніцамі.

Тым не менш лёгка заўважыць, што геаграфія арганізацыі з таго часу істотна пашырылася (хоць, за выключэннем Беларусі, у рамках Азіі). Спіс краін, якія маюць статус «партнёраў па дыялогу», уключае ў сябе Шры-Ланку, Турцыю, Камбоджу, Азербайджан, Непал і Арменію, на саміце ў Самаркандзе да гэтай групы далучыліся таксама Егіпет, Катар і Саудаўская Аравія. Акрамя таго, было прынята рашэнне, што ў хуткім часе гэты статус атрымаюць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн, Кувейт, Мальдзівы і М’янма. Інтарэс да арганізацыі выказвалі Бангладэш, В’етнам, Сірыя, Ірак і Ізраіль (sic!).

Як бачым, тут не толькі геаграфічная разнастайнасць, але і палітычная — ад дэмакратычных Індыі і Манголіі да такіх далёкіх ад дэмакратыі краін, як Сірыя ды М’янма. Акрамя таго, сярод датычных ШАС прысутнічаюць як зацятыя ворагі ЗША на міжнароднай арэне, так і іх блізкія саюзнікі. Асабліва звяртае на сябе ўвагу парадаксальная прысутнасць у спісах чальцоў арганізацыі Індыі, якая таксама ўваходзіць у QUAD — «Чатырохбаковы дыялог па бяспецы» (Аўстралія, Індыя, Японія і ЗША). Гэта арганізацыя, якую звычайна называюць «азіяцкім NATO» і асноўная мэта якой — не даваць Кітаю распаўсюджваць свой уплыў у басейнах Ціхага і Індыйскага акіянаў.

Гэтая акалічнасць — «стракатасць» чальцоў — дапамагае Кітаю як асноўнай рухальнай сіле арганізацыі  падкрэсліваць яе «пазаблокавасць». Ды і ваеннага складніка ў ёй мала, хоць гадкоў 15 таму актыўна праводзіліся сумесныя вучэнні. Нават была ідэя аб’яднаць ШАС і АДКБ, але далей абмеркавання справа не пайшла. Тым не менш, калі прыгадаць асноўныя мэты ШАС пры стварэнні арганізацыі, гэта было, перш за ўсё, падтрыманне бяспекі і процістаянне тэрарызму, экстрэмізму, сепаратызму — тэмы, якія ў той час асабліва моцна балелі як у Кітая, так і ў Расіі. Гэта давала падставу заявам, што, маўляў, ШАС — гэта арганізацыя, накіраваная на захаванне недэмакратычных палітычных рэжымаў у краінах-удзельніцах. Але калі зірнуць на гісторыю, функцыянаванне арганізацыі ў падобным ключы зусім не было эфектыўным. Прынамсі, у Кыргызстане ўлада мянялася некалькі разоў. Між іншым, у сумеснай дэкларацыі, якую лідары краін ШАС прынялі па выніках саміту ў Самаркандзе, асобна ўказана пра «недапушчальнасць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы дзяржаў на падставе процідзеяння тэрарызму». Канечне, сам Сі Цзіньпін прыгадваў на саміце ў негатыўным кантэксце «каляровыя рэвалюцыі» (дарэчы, пратэсты ў Ганконгу Сі таксама называе «каляровай рэвалюцыяй»). Але гэта, тэарэтычна, можа быць выкарыстана і супраць тых аўтакратычных лідараў, якія любяць клікаць сваіх апанентаў «тэрарыстамі і экстрэмістамі» ды прасіць пад гэту справу дапамогу.

Такім чынам, ШАС нясе ў сабе істотныя супярэчнасці, але пры гэтым валодае і вялікім патэнцыялам. Нават у тым плане, што агульныя інтарэсы ў рамках ШАС могуць прывесці да таго, што краіны, якія маюць варожыя адносіны паміж сабой, будуць вымушаны шукаць кампрамісы. І ШАС можа быць для гэтага зручнай пляцоўкай. У любым выпадку арганізацыя на дадзены момант дазваляе ўтвараць новыя канфігурацыі паміж краінамі, якія, без заключэння фармальных дамоў і саюзаў, могуць утвараць новыя рэгіянальныя цэнтры сілы. Саміт добра прадэманстраваў гэта ў дачыненні да Цэнтральнай Азіі. Акрамя таго, ён паказаў, што не ўсе краіны-ўдзельніцы могуць прэтэндаваць на ролю бенефіцыяраў гэтых новых канфігурацый.

Ніхто не сумняваўся, што галоўным бенефіцыярам будзе Сі Цзіньпін. Ягоная адмысловая роля і адмысловае да яго стаўленне былі падкрэслены ўрачыстай сустрэчай увечары 14 верасня, калі ён прыляцеў у Самарканд. Дзясяткі пражэктараў, вялікая ганаровая варта, пабудаваная адмысловая трыбуна, з якой Сі і прэзідэнт Узбекістана Мірзіёеў назіралі за культурнай праграмай. Акрамя Мірзіёева кітайскага лідара сустракалі прэм’ер-міністр Абдула Арыпаў, міністр замежных спраў Уладзімір Нораў, глава Самаркандскай вобласці Эркінжон Турдымаў і шмат іншых паважаных і аўтарытэтных асоб. Акрамя таго, была асобна арганізавана ўрачыстая сустрэча Сі ў рамках ягонага дзяржаўнага візіту ва Узбекістан (паралельна з удзелам у саміце). Заўважым, падчас гэтай сустрэчы і Сі, і Мірзіёеў былі без масак (ці, як некаторыя іх называюць, «наморднікаў»), у чым, імаверна, праявіліся асаблівыя давер і ўзаемная павага паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў. І цягам усяго саміту за Сі была замацавана роля нефармальнага лідара ўсяго мерапрыемства. Менавіта сустрэчы з ім былі падставай для гонару кіраўнікоў некаторых іншых дзяржаў, хоць і не кожны атрымаў ад гэтых сустрэч жаданае. А для Сі падобны поспех на міжнароднай арэне асабліва істотны перад з’ездам КПК, на якім будзе вырашацца ягоная палітычная будучыня.

Бенефіцыярамі таксама можна назваць прэзідэнтаў Узбекістана і Казахстана Мірзіёева і Такаева. Варта адзначыць, што ў Самарканд Сі прыляцеў з Астаны, дзе ён таксама быў з дзяржаўным візітам. І ў тым факце, што менавіта Казахстан стаў першай краінай, куды Сі нанёс візіт пасля пандэміі, прасочваецца істотнасць, якую надае Кітай Казахстану ў сваіх планах, перш за ўсё — у ініцыятыве «Пояс-Шлях». У кітайскіх публікацыях і заявах, якія тычыліся саміту, гэтыя дзве краіны выдзяляліся адмыслова. Таксама прыгадваліся словы міністра замежных спраў Кітая Ван І, які назваў Казахстан і Узбекістан «галоўнымі цэнтральнаазіяцкімі краінамі». Такая пазіцыя Кітая па Казахстане і Узбекістане таксама цалкам зразумелая, калі ўлічыць іх ролю ў гэтак званым «Сярэднім калідоры» — транспартным шляху, які пройдзе праз Цэнтральную Азію, Паўднёвы Каўказ і Турцыю, звязаўшы Кітай і Блізкі Усход з выхадам на Паўднёвую Еўропу і Паўночную Афрыку.

Акрамя таго, Узбекістан разглядаецца як злучальнае звяно з Афганістанам. Краіна не мае выхадаў да мора, таму ёй неабходны транзітныя маршруты. І тут, як тое не дзіўна, узбекі вырашылі, што прасцей будзе мець справу з Пакістанам, чым з Іранам ці Туркменістанам. У 2018-м яны прапанавалі ідэю пабудовы чыгункі да пакістанскага Пешавара праз Афганістан. Праект зусім не фантастычны, асабліва калі ўлічыць, што для тых жа талібаў гэта і магчымасць пашырыць міжнародныя кантакты, і выхад на кітайскі рынак. Больш за тое, пробныя цягнікі ўжо мусілі прайсці па гэтым шляху.

«Сярэдні калідор» уключае таксама Азербайджан і Турцыю. І Аліеў, і Эрдаган таксама прысутнічалі на саміце, і таксама не выглядалі надта сумнымі. У іх, відавочна, усё пакуль атрымліваецца. Усе чакалі арганізаванага ціску на прэм’ера Арменіі Пашыняна, які таксама мусіў прыняць удзел у саміце. Але той абачліва не з’явіўся, спаслаўшыся на напружаную сітуацыю ў краіне. А Аліеў і Эрдаган у чарговы раз прадэманстравалі, што з Цэнтральнай Азіяй у іх усё добра: у гэтым годзе кожны з іх ужо паспеў пабываць з візітам ва Узбекістане і, у сваю чаргу, прыняць прэзідэнта Казахстана на сваёй зямлі.

А вось відавочным аўтсайдарам быў прэзідэнт Расіі Пуцін. На фоне ўрачыстасцей з нагоды прыезда Сі сустрэча Пуціна невялічкай дэлегацыяй на чале з прэм’ерам выглядала падкрэслена сціпла. Ды яшчэ і гучная заўвага індыйскага прэм’ера Модзі наконт вайны ва Украіне. Ды ўчынак кыргызскага прэзідэнта Садыра Жапарава, які прымусіў састарэлага лідара Расіі чакаць яго. Нават асабістая сустрэча з Сі не выратавала сітуацыі: па рэакцыі на яе і самога Пуціна, і расійскіх медыя, ён не атрымаў таго, чаго чакаў, а менавіта — адназначнай і адчувальнай падтрымкі сваёй «спецаперацыі».

Такім чынам, саміт ШАС прадэманстраваў, што арганізацыя мае патэнцыял для развіцця і сапраўды можа  ператварыцца ў пэўны «полюс сілы» — хаця б у асобна ўзятых рэгіёнах. Што, безумоўна, патрабуе рэакцыі з боку ЗША і Еўропы, калі яны не жадаюць, каб гэты працэс не павярнуўся ім і тым каштоўнасцям, якія яны адстойваюць, на шкоду. І яшчэ адна відавочная выснова: Расія згубіла свае пазіцыі ў Цэнтральнай Азіі і на Паўднёвым Каўказе. Там цяпер будуць іншыя «рашалы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: