Апытанне: 77% расійцаў апошнія пяць гадоў не былі за мяжой. Шэнгенскую зону наведалі толькі 9%

Большасць расейцаў (77%) не выязджалі за межы сваёй краіны за апошнія пяць гадоў, сведчаць вынікі апытання Усерасійскага цэнтра даследавання грамадскай думкі (УЦДГД).

ac51566ba987486e5caf65bd75b14a93c7bac69395eb766f882456f2afe7.jpg

«За апошнія пяць гадоў замежныя паездкі здзяйснялі 23% нашых суграмадзян. З іх 9% наведалі краіны шэнгенскай зоны — Германію, Італію, Іспанію, Францыю і іншыя, удвая больш (17%) былі там, дзе віза не патрабуецца», прыводзіць ТАСС вынікі даследавання.

Самай запатрабаванай краінай стала Турцыя. Там за апошнія пяць гадоў пабывалі 8% апытаных.

Паводле даных сацыёлагаў, у цяперашні час замежны пашпарт ёсць у 29% расіян, шэнгенскую візу маюць толькі 2% грамадзян. У 70% апытаных няма ні замежнага пашпарта, ні шэнгенскай візы.

Атрымаць або абнавіць замежпашпарт у бліжэйшы час плануе кожны восьмы расіянін — 12%. Падаваць дакументы на шэнгенскую візу мае намер толькі 1% рэспандэнтаў.

З пачаткам вайны ва Украіне шэраг еўрапейскіх краін перастаў выдаваць шэнгенскія турыстычныя візы расіянам. У верасні Еўрасаюз прыпыніў дамову з Расіяй аб спрошчанай выдачы віз. Літва, Латвія, Эстонія і Польшча ўвялі забарону на ўезд расійскім турыстам.