Пётр Кузняцоў: Сёння рэальным нацыянальным інтарэсам Беларусі з'яўляецца ўвядзенне паўнавартаснай мяжы з Расіяй
Аналітык і заснавальнік «Моцных навін» Пётр Кузняцоў разважае ў сваім тэлеграм-канале з нагоды «тэрміновых рэферэндумаў» у акупаваных Расіяй рэгіёнах Украіны, а таксама над целазрухамі расійскіх заканадаўцаў. На яго думку, гэта можа быць «псіхалагічнай спецаперацыяй». А можа, і не.
Мяркуючы па ўсім, крызіс у рэгіёне набліжаецца да развязкі па паскоранай праграме.
У акупаваных украінскіх рэгіёнах раптам асабліва інтэнсіўна зазбіраліся праводзіць рэферэндумы аб далучэнні да РФ. У самой Расіі Дума прымае папраўкі ў КК, якія прадугледжваюць паняцці «ваенны час», «мабілізацыя» і «ваеннае становішча». Усё гэта адбываецца практычна вокамгненна пасля саміту ШАС, падчас якога Пуцін відавочна не знайшоў разумення і падтрымкі з боку сваіх, здавалася б, патэнцыйна самых блізкіх партнёраў.
Заяўленая цяпер Расіяй сітуацыя чытаецца вельмі проста: «Праводзім рэферэндумы, уключаем украінскія рэгіёны ў свой склад, пераходзім з фармату СВА ў фармат паўнавартаснай вайны, таму што ўкраінцы штурмуюць нашы тэрыторыі». Прычына спешкі відавочная — верагоднасць таго, што Украіна верне свае землі ў бліжэйшы час, мабыць, нашмат вышэйшая, чым здаецца з навін. Ну і далейшае развіццё падзей, якое вынікае з гэтага — таксама не рэбус для асабліва адораных: Масква шукае фарматы, у рамках якіх можа альбо правесці нарэшце паўнавартасную мабілізацыю, альбо пагражаць свету ядзерным ударам.
Як цяпер могуць развівацца падзеі з прычыны сітуацыі, якая склалася?
У мяне два варыянты.
Першы — ён мне бачыцца найбольш лагічным — рэалізуецца ў тым, што ў заяўленым «маршруце» Масква даходзіць да канца не стане, а тое, што адбываецца — толькі спектакль, або псіхалагічная аперацыя, з мэтай прымусіць Украіну да перамоў: хутчэй, пакуль мы ўсе шляхі не адрэзалі і не паказалі вам «кузькіну маці»!
Я думаю так, зыходзячы з чыстай логікі. Аб’яўленне мабілізацыі ў Расіі цяпер нічога не дасць. Кадравыя і элітныя ваенныя часткі фактычна знішчаны, а ненавучаныя навабранцы ў сучаснай тэхналагічнай вайне мала што вырашаюць. Страты ў тэхніцы — велізарныя, і хутка іх папоўніць немагчыма (а без тэхнікі ненавучаныя навабранцы вырашаюць яшчэ менш). Натоўпы ўзброеных, гвалтоўна прыгнаных на фронт, пацярпелых паражэнне і таму злых людзей — гэта будзе пагроза зусім не Украіне.
Выключаць нанясенне Расіяй ядзернага ўдару, вядома, нельга, аднак Захад ужо вельмі спакойны на гэтую тэму і, напэўна, там нешта ведаюць. Акрамя таго, калі ў Маскве гатовы на гэта, навошта для гэтага далучаць да сябе яшчэ кагосьці? Дыверсій і ўдараў па Крыме было ўжо дастаткова, каб не прыдумляць «эфект лінзы», а зрабіць усё тое, чым пагражаюць цяпер.
Таму, так, думаю, што ўсё, што адбываецца — блеф у разліку на перамовы.
Таму не варта выключаць і другі варыянт, што ўсё, што адбываецца — сур'ёзна. Ну, што яны правядуць нейкія інсцэніроўкі нейкіх рэферэндумаў, абвесцяць гэтыя тэрыторыі сваімі і ашчасцяць дарагіх расіян перспектывай памерці «ў барацьбе за гэта» — усеагульнай мабілізацыяй.
Толькі вось рэальнасць ад гэтага не мяняецца, проста Масква, у які ўжо раз, будзе рабіць у такім выпадку тое, што ёй нявыгадна — праводзіць мабілізацыю, злаваць і ўзбройваць уласных грамадзян без найменшай перспектывы перамогі. Сітуацыя «не кіем, дык палкай» — усё адно.
Калі ўсе тыя, хто лічыць, што ваеннае паражэнне немінуча прывядзе да краху рэжыму Пуціна, маюць рацыю, то расійскае кіраўніцтва, якое набралася энергіі і рашучасці на саміце ШАС, проста паскарае працэсы.
Калі трапіў у балота, галоўнае правіла — не рабіць рэзкіх рухаў. Як і ў гарах — не гарлапаніць.