У Кіеве ў Дзень волі пройдзе Рэгіянальны форум бяспекі «Шлях да Волі»
Форум бяспекі «Шлях да Волі» прысвечаны ролі Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы, беларускай нацыянальна-вызваленчай барацьбе і перспектывам дэмакратычных змен. Мерапрыемства аб’яднае беларускіх дэмакратычных дзеячаў, украінскіх і міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і медыя.

Форум арганізуюць Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма» ў партнёрстве з Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі пры падтрымцы Міжнароднага фонду «Адраджэнне».
Мерапрыемства будзе прысвечанае ролі Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы, магчымым шляхам яе вызвалення і дэмакратычнай трансфармацыі, а таксама месца беларускай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў сучасным еўрапейскім кантэксце.
Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, пытанне Беларусі выходзіць далёка за межы ўнутранай палітыкі. Яно становіцца часткай агульнай бяспекі рэгіёна і патрабуе сумеснага адказу з боку Украіны, Еўропы і беларускіх дэмакратычных сіл.
Па выніках форуму плануецца прыняцце дэкларацыі і рэзалюцыі.
Чаму гэта важна?
Форум «Шлях да Волі» стварае пляцоўку для абмеркавання будучыні Беларусі ў рэгіянальным кантэксце – разам з тымі, хто ўжо сёння ўплывае на бяспеку і палітычныя працэсы ва Усходняй Еўропе.
Асобная ўвага будзе нададзена ўзаемадзеянню Беларусі з Украінай і Еўропай, аналізу пагроз з боку аўтарытарных рэжымаў, а таксама пошуку рэалістычных сцэнарыяў дэмакратычных змен і вызвалення Беларусі.