Расія масіравана атакуе Украіну дронамі, каб вычарпаць магчымасці яе абароны
У РФ таксама робяць высновы з вайны ў Іране, і ў прыватнасці — з дэфіцыту ракет СПА. Таму яны імкнуцца, каб Украіна траціла свае ракеты больш. А Беларусь зноўку злоўленая за дапамогай арміі РФ. Ідуць 1503-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 120 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 штурмаў расіян у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Грышына, Пакроўску, Роўнага, Удачнага, Мураўкі, Навапаўлаўкі і Філіі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак паблізу Канстанцінаўкі, Іванаполля, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі і Сафіеўкі.
На Гуляйпільскім кірунку адбылося 12 атак расіян у бок Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпільскага, Святапятроўкі, Варвараўкі і Зялёнага.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ атакавала восем разоў, на Купянскім — сем разоў за мінулыя суткі.
* * *
Украінскія вайскоўцы адкінулі армію РФ на поўнач ад вёскі Амбарнае паблізу дзяржаўнай мяжы ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці, паведамляе аналітычны праект DeepState.
«Сілы Абароны Украіны аднавілі кантроль паблізу Амбарнага», — гаворыцца ў паведамленні. Украінскія байцы прасунуліся больш чым на 3 км у кірунку дзяржаўнай мяжы і вярнулі кантроль над лясным масівам на поўнач ад вёскі Амбарнае ў Велікабурлуцкай грамадзе ў Купянскім раёне.
Таксама паведамляецца, што УСУ ўдалося спыніць прасоўванне расіян у кірунку ад вёскі Мілавое да вёскі Хатняе ў раёне Амбарнага.
* * *
У ноч на 6 красавіка Расія атакавала Украіну 141 ударным БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 114 БпЛА.
Уначы 6 красавіка расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Адэсе з дапамогай ударных беспілотнікаў. У адным з раёнаў беспілотнік трапіў у шматпавярхоўку. Будынак атрымаў сур'ёзныя разбурэнні з трэцяга па пяты паверхі. Загінулі маладая маці і яе 2-гадовая дачка, а таксама жанчына 53 гадоў, яшчэ 15 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, сярод іх — цяжарная жанчына і двое дзяцей: 7-месячны хлопчык і 2-гадовая дзяўчынка. Паводле даных віцэ-прэм’ера па аднаўленні Аляксея Кулебы, пад заваламі яшчэ могуць быць людзі.
У выніку расійскага абстрэлу энергетычнага аб'екта ў Нежынскім раёне Чарнігаўскай вобласці ў ноч на 6 красавіка без электразабеспячэння засталіся 340 тысяч абанентаў.
Горад Славуціч Кіеўскай вобласці быў абясточаны ў выніку ўдару расійскіх войскаў па энергетычнай інфраструктуры, паведаміў кіраўнік АВА Мікалай Калашнік. «Раніцай вораг зноў ударыў па энергетычнай інфраструктуры. У выніку атакі Славуціч часова застаўся без святла — гэта каля 21 тысячы чалавек», — напісаў ён.
У Наварасійску (РФ) у нядзелю ўвечары паведамілі пра атаку БпЛА. Паводле даных Astra, атакаваны нафтавы тэрмінал «Шэсхарыс». Перавалачны комплекс «Шэсхарыс» — гэта найбуйнейшы на поўдні Расіі нафтавіліўны тэрмінал, які ўваходзіць у структуру АТ «Чарнамортранснафта» (ПАТ «Транснафта»). Аб'ект забяспечвае прыём, захаванне і экспартную адгрузку нафты і нафтапрадуктаў на танкеры.
* * *
* * *
Украіна гатовая дапамагчы ў разблакіраванні Армузскага праліва, але запыту ад саюзнікаў не было. Партнёры толькі папрасілі падзяліцца вопытам, распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю АР.
Зяленскі адзначыў, што Украіна мае ўнікальны вопыт разблакіравання марскіх шляхоў. Падобны выклік ужо быў у Чорным моры, калі Расія спрабавала заблакіраваць украінскі прадуктовы калідор, выкарыстоўваючы шырокі спектр сродкаў — ад караблёў да ракет і авіяцыі.
«Мы знішчылі частку расійскага Чарнаморскага флоту і прымусілі іх адысці ад калідора. Затым мы арганізавалі канвоі для грамадзянскіх судоў з дапамогай марскіх дронаў, каб супрацьдзейнічаць расійскім верталётам і іншым наступальным сродкам», — нагадаў ён. Цяпер прадуктовы калідор знаходзіцца пад украінскім кантролем і працуе.
«Мы можам падзяліцца гэтым вопытам з іншымі краінамі, але ніхто не прасіў нас прыехаць і дапамагчы з Армузскім пралівам. Партнёры толькі папрасілі нас падзяліцца вопытам», — дадаў Зяленскі.
* * *
Расія змяніла тактыку нанясення ўдараў па Украіне, імкнучыся вычарпаць сістэмы супрацьпаветранай абароны, уключаючы амерыканскія Patriot, запасы якіх скарачаюцца на фоне іх выкарыстання на Блізкім Усходзе, піша The Sunday Times.
Паводле слоў высокапастаўленых украінскіх вайскоўцаў, на працягу апошніх двух тыдняў расійскія сілы пачалі рэгулярна праводзіць масіраваныя атакі БПЛА ў дзённы час. Некаторыя з іх доўжацца да сутак і прадугледжваюць прымяненне да тысячы беспілотнікаў.
Начальнік упраўлення камунікацый камандавання Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат лічыць, што такія расійскія атакі былі наўмыснай спробай патраціць каштоўныя сродкі СПА, у прыватнасці, ракеты Pac-3, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах Patriot, кошт кожнай з якіх складае 4 млн долараў.
«Яны праводзяць атакі днём, і яны становяцца ўсё больш працяглымі і знясільваючымі. Іх складаней перахапіць, бо каманды знясілены пасля працы ўсю ноч і сутыкаюцца з такімі цяжкасцямі, як асляпленне ад сонца», — распавёў Ігнат.
Дадатковым фактарам палкоўнік назваў пераразмеркаванне рэсурсаў ЗША ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі вакол Ірана. «З пачатку вайны ў Іране мы назіраем павелічэнне колькасці атак і змяненне траекторый палёту гэтых дронаў-прыманак, каб вычарпаць нашу сістэму СПА», — адзначыў ён.
І падобна, што стратэгія працуе, адзначае выданне. «У нас заканчваюцца ракеты Patriot. Мы перажылі гэту цяжкую зіму дзякуючы ракетам Patriot. Мы пастаянна просім больш. Калі мы застанемся без гэтых вельмі неабходных ракет, мы застанемся без усяго, і рускія знішчаць нашу найважнейшую інфраструктуру», — сказаў Ігнат.
* * *
Беларусь з 2024 года пачала пастаўкі спецыялізаваных шасі МЗКЦ для новай версіі расійскіх зенітных гарматна-ракетных комплексаў (ЗГРК) «Панцыр-С1», паведамляе канал «Мілітарны» і расследаванне BelPol.
Выкарыстанне новых платформаў паклікана вырашыць хранічныя праблемы расійскіх сістэм на базе КамАЗаў, такія як нізкая праходнасць і схільнасць да перакульвання. Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) павінен быў паставіць Расіі 18 адзінак шасі мадэлі МЗКЦ-7930-312.
Новая платформа мае браніраваную кабіну, падзел лабавога шкла на дзве часткі замест трох, і шэраг іншых важных адрозненняў. Адно з галоўных — палепшаная стабілізацыя: КамАЗы часта перакульваліся з-за высокага цэнтра цяжару баявога модуля.
«Асобна варта звярнуць увагу, што згодна з дакументамі для інтэграцыі на шасі МЗКЦ праходзіў менавіта баявы модуль (БМ) 72В6.00.00.000-08. Індэкс 72В6 паказвае на тое, што гаворка ідзе менавіта пра мадыфікацыю "Панцыр-С1" для патрэб ВС РФ, а не экспартныя версіі або мадэрнізаваную версію "Панцыр-С2"», — адзначае «Мілітарны».
Верагодна, частка кантракта ўжо выканана і тэхніка задзейнічана ў вайне супраць Украіны. У прыватнасці, уражаны ў Марыупалі комплекс «Панцыр-С1» меў характэрны сілуэт шасі МЗКЦ. Раней яго памылкова ідэнтыфікавалі як бранскае шасі (БАЗ) з-за нетыповай для расійскіх версій браніраванай кабіны.
Цікава, што ў свой час шасі МЗКЦ Расія разглядала для іншага кантракта. Гаворка ішла пра пастаўку ЗРГК «Панцыр» для ААЭ. «Але ў выніку вырашылі, што ўсе ЗРГК "Панцыр-С1" для ААЭ будуць пастаўляцца на колавай платформе 8×8 кампаніі MAN — MAN-SX45», — дадало выданне.