Дональд Трамп: Удзел ЗША ў NATO — «пытанне, над якім нам варта задумацца».
Расія раптоўна амаль у два разы павысіла колькасць атак на фронце ва Украіне, і ў той жа час яе дзённыя страты наблізіліся да рэкорду. Дональд Трамп сапраўды задумаўся над тым, каб выйсці з NATO, а ў Расіі ЗША робяць тую ж стратэгію, што і ў дачыненні да Беларусі. Гэтая стратэгія наўрад ці жыццяздольная. Ідуць 1484-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 286 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 18 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 72 штурмы расіян у раёнах Беліцкага, Дарожнага, Новага Шахава, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Мірнаграду, Шаўчэнка, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага, Філіі, Дачнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 46 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Сафіеўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сцяпанаўкі, Новапаўлаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылася 31 атака арміі РФ у раёнах Залізнічнага, Гуляйполя, Мірнага, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага, Зялёнага і Дабраполля.
На Купянскім кірунку расіяне 18 разоў атакавалі у раёнах Петрапаўлаўкі, Курылаўкі, Новаасінава, Глушкаўкі, Новаплатонаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 13 разоў атакавалі ў раёнах Ваўчанска, Старыцы, Лімана, Пясчанага і ў бок Ахрымаўкі і Бачковага.
На Ліманскім і Славянскім кірунках адбылося па восем атак на кожным.
* * *
Удар УСУ па нафтабазе ў Лабінску Краснадарскага края прывёў да амаль поўнага знішчэння рэзервуарнага парка, паведаміў расійскі апазіцыйны канал Astra са спасылкай на крыніцы ў экстранных службах рэгіёна.
Паводле іх слоў, пасля прылёту чатырох беспілотнікаў на аб'екце ўзнік маштабны пажар, згарэла 18 з 20 рэзервуараў: дзевяць з бензінам і дзевяць з дызельным палівам, а таксама сем бензавозаў. Ніхто не пацярпеў. У цяперашні час праца прадпрыемства спыненая.
Нафтабаза ў Лабінску належыць ТАА «Югнафтапрадукт» і з'яўляецца адной з найбуйнейшых у рэгіёне. Яна змяшчала 9 тысяч кубаметраў паліва і забяспечвала Краснадарскі і Стаўрапольскі краі, Растоўскую вобласць і Адыгею, у тым ліку і расійскія войскі.
* * *

* * *
Еўропа можа прапанаваць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу дапамогу ў абароне Армузскага праліва ад Ірана, калі той пагодзіцца забяспечыць для Украіны ўсю неабходную падтрымку. Пра гэта заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб, паведамляе Politico.
Такую ідэю гандлю з Трампам Стубу прапанавалі падчас сесіі пытанняў і адказаў у лонданскім аналітычным цэнтры Chatham House. «Я думаю, гэта вельмі добрая ідэя», — адрэагаваў фінскі лідар. Ён дадаў, што разгледзіць яе больш падрабязна і абмяркуе варыянты са сваёй камандай.
Паводле слоў прэзідэнта, ён баіцца, што мірныя перамовы па Украіне хутка набліжаюцца да вырашальнага моманту, што можа прымусіць Кіеў прыняць нявыгаднае пагадненне і саступіць свае тэрыторыі расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну. Аднак перамовы таксама могуць сарвацца, не выключыў Стуб.
Ён заявіў, што рэалістычна ацэньвае ступень свайго ўплыву на Трампа пасля таго, як яны зблізіліся падчас сямігадзіннай сустрэчы з гульнёй у гольф і абедам у мінулым годзе.
«У мяне няма ілюзій адносна таго, хто можа пераканаць прэзідэнта Трампа ў чым-небудзь. Калі мне ўдасца прасунуць хаця б адну ідэю з дзесяці па Украіне, я лічу гэта добрым вынікам», — сказаў фінскі лідар.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты павінны перагледзець сваё членства ў NATO, раскрытыкаваўшы саюзнікаў за адмову дапамагчы ў вайне ў Іране, паведамляе CNN.
Членства ў NATO, паводле слоў Трампа, — гэта «безумоўна, пытанне, над якім нам варта задумацца».
Праводзячы паралелі паміж вайной у Іране і вайной РФ супраць Украіны, ён адзначыў, што ЗША не былі абавязаныя дапамагаць, калі Расія ўварвалася ва Украіну. «Мы дапамагаем ім, а яны не дапамагаюць нам, і я думаю, што гэта вельмі дрэнна для NATO», — сказаў Трамп.
Ён таксама дадаў, што саюзнікі па NATO падтрымліваюць мэту ЗША па прадухіленні атрымання Іранам ядзернай зброі, але не хочуць увязвацца ў вайну.
«Ніхто не хоча, каб Іран меў ядзерную зброю, таму што гэтыя людзі вар'яты. Яны абсалютна вар'яты, і яны жорсткія, агрэсіўныя. Усе з гэтым згодныя, але яны не хочуць дапамагаць», — перакананы Трамп.
Ён сказаў, што ЗША прынялі гэта да ведама. Але калі яго спыталі, ці будуць нейкія наступствы для NATO, Трамп адказаў: «Ну, не, я проста думаю, што гэта нядобра для партнёрства, калі яны кажуць: "Тое, што вы робіце, — гэта цудоўна, але мы не збіраемся дапамагаць"».
Нагадаем, днямі Трамп заклікаў краіны NATO дапамагчы ЗША аднавіць праход праз стратэгічна важны Армузскі праліў. Ён папярэдзіў, што ў выпадку адмовы NATO чакае «вельмі дрэнная будучыня». Аднак шэраг еўрапейскіх краін адмовіліся ад удзелу ў патэнцыйнай аперацыі, заявіўшы, што NATO — гэта абарончы альянс, які не мае дачынення да Ірана.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не спыніць сваіх спроб дамовіцца з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным наконт вайны РФ супраць Украіны, паколькі разглядае гэта як частку больш шырокай стратэгіі стрымлівання Кітая, піша Politico са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з перамовамі.
Паводле даных выдання, у Белым доме лічаць, што калі заахвоціць Расію завяршыць вайну супраць Украіны, вярнуць яе да эканамічнага ўзаемадзеяння з Захадам і адкрыць шлях для амерыканскіх інвестыцый, гэта з часам можа аслабіць сувязь Масквы з Пекінам і змяніць глабальны баланс сіл не на карысць Кітая.
Суразмоўца Politico ў адміністрацыі Трампа заявіў, што пошук «спосабу зблізіцца з Расіяй» можа стварыць «іншы баланс сіл з Кітаем», які будзе выгадны для ЗША. Менавіта гэтым часткова тлумачыцца, чаму каманда Трампа, у прыватнасці спецпасланнік Стыў Віткаф і Джарэд Кушнер, працягваюць шукаць дыпламатычны прарыў, нягледзячы на безвыніковыя перамовы і пагрозы Вашынгтона выйсці з працэсу.
У тое ж час ва Украіне да такой логікі ставяцца скептычна. Украінскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці заявіў Politico, што падобныя спробы ўжо былі ў мінулым, але не далі выніку. Паводле яго слоў, і Расію, і Кітай аб'ядноўвае варожасць да ЗША як сімвала дэмакратыі.
Былыя чыноўнікі Савета нацыянальнай бяспекі ЗША, якія працавалі з Трампам у яго першы тэрмін, адкрыта прызнаюць: у Вашынгтоне даўно існуе стратэгічная логіка, згодна з якой саюз Расіі і Кітая не адпавядае амерыканскім інтарэсам, а значыць ЗША павінны шукаць спосабы аслабіць або разарваць гэтую сувязь.
Аднак многія эксперты сумняваюцца, што такая стратэгія можа спрацаваць, пакуль пры ўладзе застаюцца Пуцін і Сі Цзіньпін.
Нагадаем што такой жа логікай адміністрацыя Трампа кіруецца і ў стасунках з Беларуссю: праз перамовы і зняццё санкцый яны хочуць выцягнуць Лукашэнку ад уплыву Расіі. Аднак гэтая стратэгія таксама не працуе.
* * *
У Еўрасаюзе ўзгаднілі рашэнне аб наданні Украіне крэдыту аб'ёмам €90 мільярдаў. Яго павінны зацвердзіць у бліжэйшы час, паведаміла Балгарскае нацыянальнае радыё са спасылкай на крыніцу ў Бруселі.
Паводле слоў суразмоўцы балгарскіх журналістаў, кіраўнік Еўрапейскага савета Антоніу Кошта правёў размову з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. Падчас яе ён выразна падкрэсліў: Будапешт павінен прытрымлівацца рашэння, якое было прынятае еўрапейскімі лідарамі яшчэ ў снежні — пры ўдзеле самой Венгрыі.
«Крэдыт для Украіны ўзгоднены і не будзе пераглядацца», — падкрэсліла крыніца.
Афіцыйна пра гэта яшчэ не паведамлялася. Чакаецца, што ўжо на гэтым тыдні на пасяджэнні Еўрапейскага савета лідары абмяркуюць адразу некалькі ключавых тэм: вайну ў Іране, падтрымку Украіны, наступствы высокіх цэн на энергарэсурсы, а таксама механізмы рэагавання на энергетычны крызіс.
Прэс-сакратар Еўракамісіі Паўла Пінью заявіла, што пытанне прадастаўлення Украіне крэдыту Еўрасаюзу ў памеры 90 млрд еўра можа вырашыцца і да пасяджэння Еўрапейскага савета, якое адбудзецца 19-20 сакавіка.