Расійскія салдаты скардзяцца на «мясныя штурмы» на Пакроўскім кірунку
Пакуль усе думаюць, як прымусіць Расію да мірных перамоў, Крэмль стварае «стратэгічны рэзерв» жаўнераў. Гэта якраз і азначае, што РФ спыняць вайну не збіраецца, а наадварот, можа пашырыць эскалацыю. А ЗША заяўляюць, што будуць абараняць сваіх хаўруснікаў па NATO пры нападзе на іх РФ. Ідуць 1307-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 156 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ у ранішняй зводцы 22 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Ніканораўкі, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Чунышына, Зверава, Удачнае, Котліна і Дачнае.
На Ліманскім кірунку расійцы правялі 21 атаку, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Шандрыгалава, Калодзяжаў, Торскага і Новасілаўкі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 20 атак паблізу Філіі, Зялёнага Гаю, Паддубнага, Маліеўкі, Камышувахі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 13 разоў спрабавала прарваць абарончыя рубяжы у раёнах Ваўчанску, Ціхага, Заходняга і ў бок Атраднага.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Пляшчыеўкі, Русінага Яру, Палтаўкі і Тарэцка.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Купянскім і Арэхаўсукім кірунках зафіксавана па шэсць атак на кожным.
* * *
Войскі РФ спрабуюць пранікнуць за ўкраінскія абарончыя лініі на Купянскім кірунку адначасова ў некалькіх раёнах, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Украінскі ваенны назіральнік Канстанцін Машавец паведаміў 21 верасня, што расійскія войскі, верагодна, захапілі Кандрашоўку на поўнач ад Купянска.
Паводле яго, расійскія войскі спрабуюць выкарыстаць сваю колькасную перавагу ў баяздольнай пяхоце, каб пранікнуць за ўкраінскія абарончыя лініі на Купянскім кірунку адначасова ў некалькіх раёнах. Яны пераважна вядуць баявыя дзеянні на заходнім (правым) беразе ракі Аскол, паколькі маюць праблемы з перакідваннем цяжкай тэхнікі з усходняга (левага) берага.
Таксама Машавец паведаміў, што расійскія войскі захапілі Січневае (на ўсход ад Вялікаміхайлаўкі).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на захад ад Новаэканамічнага (на паўночны ўсход ад Пакроўска) уздоўж трасы Т-0504 Канстанцініўка-Пакроўск.
* * *
Расійскія салдаты скардзяцца, што камандаванне кідае іх на «мясныя штурмы» на Пакроўскім кірунку, паведамляе Telegram-канал Дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных Сіл Украіны.
У прыватнасці, апублікавана відэа расійскага салдата родам з Іркуцка. Ён паказаў на відэа целы сваіх таварышаў і сцвярджае, што знаходзіцца пад Пакроўскам, а таксама, што камандаванне іх адпраўляла «на мяса».
«Гэта яшчэ адно сведчанне пагарды камандавання РФ да жыцця сваіх падначаленых. Ім абяцаюць вялікія грошы на кантракце і чалавечыя адносіны, але грошы не выплачваюць, а адразу адпраўляюць у бой. Без тэхнікі, без дапамогі, без падтрымкі, у "мясны штурм"», — распавялі ў ДШВ.
* * *
У палове пятай раніцы 22 верасня расійскія войскі нанеслі ўдары па грамадзянскай інфраструктуры ў Запарожжы, у выніку чаго былі знішчаны і пашкоджаны аўтамабілі, узніклі пажары. Тры чалавекі загінулі, чатыры параненыя, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў.
У ноч на 22 верасня Кіеўская вобласць падверглася чарговай расійскай атацы. У Барыспальскім раёне ў выніку атакі загарэўся трохпавярховы жылы дом, узнік пажар у двух прыватных дамах. Падчас абстрэлу аскепкавае раненне атрымаў 32-гадовы мужчына.
Каля чатырох раніцы 22 верасня расійскія беспілотнікі атакавалі Сумы. У выніку трох трапленняў у Каўпакоўскім раёне горада пашкоджаны прамысловыя аб'екты і будынак навучальнай установы. Адзін чалавек атрымаў раненні.
Расійскі «кіраўнік Крыма» Сяргей Аксёнаў у нядзелю вечарам заявіў пра атаку БпЛА на санаторый «Фарос» у акупаваным Крыме. Па даных сацсетак, там знаходзіліся «вельмі важныя госці", побач размяшчаюцца чатыры дзяржаўныя дачы. Паведамляецца пра трох загінулых, каля 20 чалавек атрымалі раненні.
* * *

* * *
Расійская інсайдэрская крыніца, якая пастаянна дае дакладныя справаздачы пра змены ў расійскім ваенным камандаванні, заявіла 21 верасня, што каля 292 000 чалавек падпісалі кантракты з Міністэрствам абароны Расіі ў перыяд з пачатку 2025 года па 15 верасня — у сярэднім каля 7900 рэкрутаў на тыдзень або 31 600 на месяц. Крыніца паведаміла, што некаторыя з гэтых рэкрутаў далучаюцца да стратэгічнага рэзерву, які Расія фарміруе з пачатку ліпеня 2025 года. Крыніца не ўдакладніла, колькі рэкрутаў накіроўваецца ў стратэгічны рэзерв у параўнанні з перадавой ва Украіне, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У ISW лічаць, што расійскае ваеннае камандаванне вырашыла, што можа дазволіць сабе стварыць стратэгічны рэзерв пасля таго, як расійскія страты пачалі зніжацца летам 2025 года. Украінскі Генштаб паведаміў, што Расія несла прыкладна ад 32 000 да 48 000 страт у месяц у перыяд са студзеня па ліпень 2025 года — больш страт, чым сярэдні штомесячны паказчык набору асабовага складу. Аднак Расія панесла прыкладна 29 000 страт у жніўні 2025 года і 13 000 страт у першай палове верасня 2025 года — паказчыкі страт былі ніжэйшыя за сярэдні паказчык набору асабовага складу. ISW нядаўна ацаніла, што ў перыяд з траўня па жнівень 2025 года ў параўнанні з вясной 2025 года расійскія войскі неслі больш нізкія страты на квадратны кіламетр захопленай тэрыторыі.
Паведамленне пра стварэнне стратэгічнага рэзерву паказвае, што Расія плануе эскалацыю наступальных аперацый ва Украіне ў бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве, а не заканчваць вайну. Таксама Расія таксама можа нарошчваць свой стратэгічны рэзерв у рамках больш шырокай падрыхтоўкі Крамля да магчымага канфлікту паміж Расіяй і NATO у будучыні.
Асабліва ў сувязі з тым, што Расія ўзмацняе свае моладзевыя ваенна-патрыятычныя праграмы, накіраваныя на прыцягненне расійскай моладзі ў войска ў бліжэйшыя гады.
* * *
Нягледзячы на заявы алармістаў, якія кажуць, што свет рухаецца да Трэцяй сусветнай вайны, гэта далёка не так, хоць цяперашні час безумоўна з'яўляецца «вельмі небяспечным», заявіла ў інтэрв'ю выданню Le Soir прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.
«Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб захаваць мір і свабоду ў Еўропе. Менавіта гэта тлумачыць нашу рашучасць умацоўваць нашы абарончыя магчымасці», — запэўніла яна.
У той жа час фон дэр Ляен дадала, што ў свеце расце ўзровень варожасці адных дзяржаў да іншых. На фоне гэтага Еўропа павінна прыняць меры для «забеспячэння дэмакратыі, росквіту і міру».
У Еўропе больш за ўсіх пра «пагрозу Трэцяй сусветнай вайны» заяўляюць прарасійскія прэм'еры Венгрыі і Славакіі — Віктар Орбан і Роберт Фіцо. Палохаць Трэцяй сусветнай таксама любіць расійская прапаганда.
* * *
Злучаныя Штаты дапамогуць абараніць Польшчу ў тым выпадку, калі Расія вырашыцца на ўзмацненне эскалацыі, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. На пытанне, ці будуць ЗША абараняць Польшчу і краіны Балтыі, калі Пуцін працягне эскалацыю, Трамп адказаў: «Я зраблю гэта».
Таксама, каментуючы нядаўні інцыдэнт з парушэннем расійскімі знішчальнікамі паветранай прасторы Эстоніі, Трамп у чарговы раз заявіў: «Нам гэта не падабаецца».
* * *
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у інтэрв'ю для CBS News заклікаў узмацніць санкцыйны ціск на Расію, пры гэтым падкрэсліваючы неабходнасць пошуку шляхоў вяртання яе да мірных перамоў.
У прыватнасці, у інтэрв'ю Макрон падкрэсліў, што Расія з'яўляецца галоўнай дэстабілізуючай сілай у Еўропе з яе атакамі на Украіну і парушэннем паветранай прасторы Польшчы і Румыніі. Па словах Макрона, гэтыя дзеянні з'яўляюцца часткай агрэсіўнай стратэгіі Крамля, які спрабуе аслабіць NATO і дасягнуць сваіх тэрытарыяльных мэт, максімальна разбураючы ўкраінскія тэрыторыі.
Макрон прызнаў, што Масква не дэманструе рэальнай зацікаўленасці ў перамовах. Ён адзначыў, што кожная дыпламатычная ініцыятыва суправаджалася эскалацыяй канфлікту з боку расійскіх узброеных сіл — як на Данбасе, так і ў іншых рэгіёнах Украіны, уключаючы атакі на сталіцу Украіны.
Прэзідэнт Францыі заклікаў да ўзмацнення санкцый супраць Расіі і падкрэсліў, што Еўропа павінна ўзмацніць палітычны, ваенны і эканамічны ціск, каб прымусіць Крэмль сесці за стол перамоў і вырашыць канфлікт мірным шляхам.