Мікалая Казлова збілі на Акрэсціна і прывезлі на Валадарку з сінімі нагамі

«Мікалая прывезлі на Валадарку з сінімі нагамі», — Анатоль Лябедзька распавеў, што лідара АГП збілі: нехта з ахоўнікаў на Акрэсціна «праявіў залішнюю стараннасць па выкананні загаду».

anatol_kazlou.jpg

Палітык Анатоль Лябедзька ў фэйсбуку паведаміў, што старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову блакуюць ліставанне — ад яго амаль не даходзяць лісты. Акрамя гэтага, па словах Лябедзькі, палітвязня збілі на Акрэсціна, таму на Валадарку яго прывезлі з «сінімі нагамі», адзначаюць праваабаронцы.

Анатоль Лябедзька напісаў: «Мікалая Казлова максімальна ізалявалі ад знешняга свету. Яму пішуць многія, але ад яго практычна нічога не даходзіць. Гэта дрэнны сігнал. Мікалай вонкава ўсмешлівы, даступны, абаяльны. Але ўнутры латуневы стрыжань. Калі сцісне зубы, то будзе цярпець, як бы балюча ні было».

Анатоль Лябедзька заклікаў таксама дасылаць лісты Мікалаю Казлову: «Пішам — значыць памятаем! Памятаем — значыць разам! Напішыце Мікалаю! Нават калі не атрымае вашу паштоўку, ліст, ён адчуе, што мы памятаем і мы разам!»

На гэтым тыдні справу Мікалая Казлова перадаюць у пракуратуру. Хутка можа адбыцца суд. Яго абвінавачавюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 407 Крымінальнага кодэкса (Разгалошванне даных).

Нагадаем, 6 жніўня 2021 года суддзя Таццяна Шоцік асудзіла Казлова да трох месяцаў арышту за разгалошванне даных следства па справе Каардынацыйнай рады. Старшыня АГП быў зноў затрыманы 27 ліпеня. Хутка стала вядома, што супраць Мікалая Казлова распачалі новую крымінальную справу паводле за ўдзел у пратэстах. Паводле начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, "у жніўні 2020 года ён не толькі браў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізкіх мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі".


Мікалая Казлова можна падтрымаць тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Мікалай Георгіевіч Казлоў.