У Казахстане пляменніка Нурсултана Назарбаева асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі

Пляменнік Нурсултана Назарбаева Кайрат Сатыбалды атрымаў шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі сярэдняй бяспекі, піша «Радыё Азаттык».
Суд горада Астаны 26 верасня асудзіў Кайрата Сатыбалды па абвінавачанні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры ў АТ «Казахтэлекам» і АТ «ЦТС». Яму былі прад'яўлены абвінавачанні па артыкулах «Прычыненне маёмаснай шкоды шляхам падману або злоўжывання даверам» і «Прысваенне або растрата, гэта значыць крадзеж чужой маёмасці, даручанай вінаватаму».

Таксама па прысудзе суда Сатыбалды нельга займаць пасады на дзяржаўнай службе тэрмінам на 10 гадоў.

Раней пракурор прасіў суд прызначыць Сатыбалды шэсць гадоў пазбаўлення волі. Таксама ён настойваў на тым, каб пазбавіць яго ордэнаў.

У судзе пляменнік Назарбаева заявіў, што падтрымлівае працэсуальную дамову і «ўсё, што агучыў пракурор».

Па версіі Forbes Kazakhstan, Сатыбалды ўваходзіў у спіс самых уплывовых бізнесменаў Казахстана.

Нагадаем,  увесну 2019-га шматгадовы лідар краіны Нурсултан Назарбаеў, які знаходзіўся ва ўладзе з красавіка 1990-га, сышоў у адстаўку. Пасаду прэзідэнта ён перадаў вернаму паплечніку, кіраўніку верхняй палаты парламента Касым-Жамарту Такаеву. Раней той быў прэм'ерам і двойчы ўзначальваў казахскае МЗС.

Назарбаеў максімальна падрыхтаваўся да транзіту, прыкметна паслабіўшы ролю прэзідэнта. Пасля змяненняў Канстытуцыі той пазбавіўся магчымасці аднаасобна фарміраваць урад (яго сталі назначаць па прадстаўленні прэм'ера пасля кансультацый з ніжняй палатай парламента) і выдаваць указы, якія маюць сілу законаў, адмяняць рашэнні ўрада ці прэм'ера, зацвярджаць дзяржпраграмы і сістэму фінансавання бюджэтных органаў.

Парламенту далі больш паўнамоцтваў у пытаннях зняцця з пасад членаў урада. Між тым, больш дзвюх трацін у ніжняй палаце парламента кантралявала партыя «Нур Атан», старшынёй якой з'яўляўся Назарбаеў.

У той жа час першы прэзідэнт як Елбасы (лідар нацыі) атрымаў права пажыццёва ўзначальваць Савет бяспекі, а сам орган з кансультатыўна-дарадчага ператварыўся ў канстытуцыйны. За ім замацавалі каардынацыю «адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці Казахстана». Гэта зрабіла Савет бяспекі адным з ключавых органаў улады ў краіне.

Елбасы сустрэў 2022 год, знаходзячыся адразу на пяці пасадах: пажыццёвага кіраўніка Савета бяспекі, старшыні партыі «Нур Атан», старшыні Асамблеі народа Казахстана (органа, які кантралюе нацыянальную палітыку ў краіне), пажыццёвага сябра Канстытуцыйнага савета (аналаг беларускага Канстытуцыйнага суда) і куратара фонду «Самрук-Казына» (ён кантралюе ўсе дзяржаўныя актывы).


А таксама з нядаўняга часу сталіца гэтай краіны зноў называецца Астана, замест Нур-Султан.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: