Валянцін Стэфановіч: У Беларусі быць праваабаронцам без пагрозы заехаць у турму немагчыма

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч утрымліваецца за кратамі ўжо дзесяць з паловай месяцаў.

stefanovich_2016_660x440_648x432.jpg

Валянцін Стэфановіч у нядаўнім лісце на волю разважае пра суд па "справе Вясны", будучыню і пра працу праваабаронцаў у Беларусі.

На якой стадыі расследавання знаходзіцца "справа "Вясны" і якія ёсць навіны — невядома, бо адвакаты праваабаронцаў знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Амаль няма вестак і ад саміх вясноўцаў — ужо некалькі месяцаў з ліставаннем з вязнямі стала ўсё дрэнна.

«Вось ужо 11-ы месяц, як я знаходжуся ў Замку. Хутка будзе год. Следства ідзе, і калі яны яго завершаць, не ведама. Верагодна, што суды адбудуцца напрыканцы лета ці пачатку восені. Мяркую, што разам з апеляцыяй я прасяджу пад вартай каля 16-ці месяцаў, а гэта ўжо два гады адбытых, калі суд вынесе мне пазбаўленні волі. Улічваючы апошнія тэндэнцыі, думаю, што так яно і будзе. Такім чынам, на лагер я паеду дзесьці ў лістападзе, а то і ў снежні. Кепска, я думаў, летам туды патраплю. Праходзіць каранцін у лагеры ўзімку — не дужа прыемная рэч. Халодна ўжо будзе і адаптавацца будзе цяжэй. Але нічога, як-небудзь вытрымаю і гэта», — піша праваабаронца.

Валянцін адзначыў, што ў СІЗА шмат чытае, каб неяк змарнаваць свой час, і распавёў пра нядаўна прачытаную кнігу:

«Час ідзе павольна тут, асабліва ў выходныя дні. Я шмат чытаю. Зараз вось скончыў чытаць Я. Гашэка "Прыгоды бравага жаўнера Швейка". Я ўжо чытаў калісьці, пасля вяртання з войску. Вельмі смешна было, бо войска Аўстра-Венгерскай імперыі шмат у чым было падобна на савецкае войска. Такое ж шматнацыянальнае і там таксама было шмат тупых рэчаў. Тут у турме кніжка зайграла новымі фарбамі і адценнямі, бо там таксама шмат пра суды, пра прававую сістэму і гэтак званы "патрыятызм"».

Валянцін Стэфановіч мяркуе, што займацца праваабарончай дзейнасцю, знаходзячыся ў Беларусі, без пераследу з боку ўладаў амаль немагчыма:

«Я зараз шмат думаю, як жыць далей. Падобна, што ў Беларусі працягваць нашую працу без пагрозы заехаць у турму яшчэ раз немагчыма. Мы вярнуліся ў часы позняга Брэжнева, дзесьці пачатак 80-х. Так мне падаецца тут».

Нагадаем, 14 ліпеня мінулага года супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі з ператрусам да некаторых праваабаронцаў "Вясны". З таго дня трое вясноўцаў — старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч – знаходзяцца пад вартай, а мінскія офісы "Вясны" апячатаныя. Значная частка вясноўцаў былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі пад пагрозай пераследу і з мэтай працягнуць праваабарончую дзейнасць.