«Ігар разьюшаны, і я таксама». Дар’я Лосік сустрэлася з мужам, які 707 дзён за кратамі
Палітвязень ня бачыў жонкі месяц. Па словах Дар’і, сустрэча атрымалася зусім не рамантычная.
Разгляд скаргі на прысуд па «справе Ціханоўскага», па якой
праходзіць і блогер Ігар Лосік, адбыўся ў Вярхоўным судзе ў Менску
31 траўня і 1 чэрвеня. Судзьдзі пакінулі прысуд у сіле, Ігар асуджаны на 15
гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Празь дзень пасьля
абвяшчэньня рашэньня Вярхоўнага суду Дар’я Лосік сустрэлася з мужам у
гомельскім СІЗА-3.
«Настрой у Ігара ня вельмі добры, — распавяла Дар’я «Св*бодзе. — Ён ня
вельмі каб чакаў, што судзьдзі адумаюцца і пачнуць нарэшце сумленна выконваць
сваю працу. Ні ў якім разе. Але Ігар задае такое пытаньне — «Што вы робіце?» Краіна ў вельмі дрэнным стане, і ня толькі эканамічным. Гэта краіна-ізгой на
дадзены момант. Няўжо ўсе гатовыя ісьці да канца, каб пакінуць пасьля сябе
выпаленую зямлю?».
Пакуль невядома, калі і куды дакладна этапуюць Ігара Лосіка.
Аднак ён ужо цяпер мае апасеньні, што на новым месцы яму будзе вельмі складана,
расказвае Дар’я.
«У калёніях практыкуецца зьмяшчаць палітвязьняў у ШЫЗА, —
кажа яна. — Ігар кажа, што кожная яго пасадка ў ШЫЗА будзе суправаджацца
дзеяньнямі зь яго боку. А я ад сябе скажу так — кожнае дзеяньне з боку Ігара
будуць суправаджаць і мае дзеяньні. І з кожным разам усё больш жорсткія. Пакуль
усё гэта ня спыніцца. Усе людзі, якія гэтым займаюцца, настолькі слабыя, што
могуць зьдзекавацца толькі з тых, хто ўжо за кратамі. Яны ўсе невінаватыя, але
маюць тэрміны большыя, чым рэцыдывісты, гвалтаўнікі і забойцы».
Дар’я кажа, што Ігар Лосік абяцае на любы прэсінг за кратамі
адказваць адпаведнымі крокамі, ён настроены рашуча. Сустрэча з мужам
працягвалася стандартныя дзьве гадзіны. Перад этапаваньнем Ігар падлячыў зубы.
Перапіска ў яго па-ранейшаму абмежаваная. Лісты даходзяць толькі ад самых
блізкіх родных.
«Ігар разьюшаны, — кажа Дар’я. — І я, у прынцыпе, таксама.
Думаю, гэта было заўважна па маім учорашнім звароце. Ігар не разумее, чаму
ніхто з боку ўлады ня бачыць наперад. Падрыхтаваў рэчы для пераезду. Пакуль у
сваёй ранейшай камэры. Ігар больш гаварыў пра тое, што ўсім тым, хто прымае
такія рашэньні, як разгляд апэляцыі 1 чэрвеня, трэба думаць сваёй галавой. Гэта
не было рамантычнае спатканьне, хоць мы ня бачыліся ўжо месяц. Я магу зразумець
Ігара, я адчуваю тое ж самае. Ігар пастаянна гаварыў мне пра тое, што нейкі
факт ціску на яго прывядзе да рэакцыі зь яго боку».
Дар’я спадзяецца атрымаць яшчэ хаця б адно спатканьне,
пакуль Ігар у Гомлі. Яна кажа, што ўпэўненасьці ў такой магчымасьці няма.