«Што з імі будзе, калі я памру?»
Марына Ступінская больш за восем гадоў ратуе ад смерці выкінутых на вуліцу жывёл. Цяпер дапамога спатрэбілася ёй самой. Хворая на рак валанцёрка шукае гаспадароў для 30 сваіх хатніх гадаванцаў.

Чатыры гады таму валанцёрка набыла будынак былой школы ў вёсцы Высокае Рагачоўскага раёна і адкрыла ў ім хоспіс для бяздомных катоў і сабак, піша belkagomel.by.
Усё ішло добра, любімая справа прыносіла радасць. Марына і яе каманда збіраліся адкрыць у прытулку ветэрынарны кабінет, пабудаваць новыя вальеры, правесці ўсе неабходныя камунікацыі. Увогуле, планаў было шмат.
Два гады таму ў Марыны выявілі анкалагічнае захворванне, зрабілі аперацыю, але хвароба вярнулася.

Цяпер жанчына важыць менш за 40 кілаграмаў, яна дрэнна сябе адчувае. Дый прагнозы лекараў несуцяшальныя. Таму кіраўніцтва прытулкам прыйшлося перадаць у рукі іншых валанцёраў. Але абаронца жывёл па-ранейшаму працягвае клапаціцца пра тых гадаванцаў, якія жывуць у яе дома.
— Больш за ўсё мяне цяпер хвалюе лёс маіх сабак і катоў, якіх больш за 30. Калі мяне не стане, што з імі будзе? Можа быць, хтосьці знойдзе месца ў сваім сэрцы і сваім доме для іх, — звяртаецца да ўсіх неабыякавых людзей Марына Ступінская.

Паглядзець фота ўсіх жывёл можна на старонцы валанцёркі ў ВК.
Калі вы гатовыя ўзяць дадому каго-небудзь з іх або дапамагчы іншым спосабам, тэлефануйце: +375 29 368-82-38 (Кацярына Касцюкова).