Янаціяда. Са скрадзеным з Херсона янотам не ўсё так проста

Вядомая публіцыстка Юлія Латыніна спецыяльна для «Новай газеты. Еўропа» правяла цэлае расследаванне акалічнасцяў «крадзяжу стагоддзя» з заапарка Херсона і прыйшла да нечаканых высноў.

1668766487_5342_1.jpg

Адразу пасля вызвалення Херсона Z-прапагандыстка Ганна Долгарава напісала ў сваім тэлеграм-канале: «У мяне вельмі прасілі добрых навін па Херсоне. Але адзіная добрая навіна ў тым, што мой таварыш паспеў скрасці янота з Херсонскага заапарка».

Навіна скаланула інтэрнэт. Янот стаў мемам. На малюнках ён неадкладна абзавёўся ручным кулямётам; Арастовіч апублікаваў здзеклівае параўнанне перавагі янота-паласкуна, вырабленага ва ўкраінскіх біялабораторыях, перад еўрапейскай пральнай машынкай, а спікер Адэскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук прапанаваў абмяняць на янота ваеннапалонных.

uli16_5.png


Аддала гэтаму даніну і я. Майму ўнутранаму погляду неадкладна прадставіўся мабілізаваны, які ўцякае з янотам па пантонным мосце пад Херсонам: па мосце шмаляюць «Хаймарсы», салдаты забіваюць адзін аднаго за месца ў лодках, «мобікі» плывуць праз Днепр ці ледзь не ў тазах, шпурляюць аўтаматы, пераапранаюцца ў грамадзянскую вопратку, пераноска з янотам ляціць у ваду, словам, «янот капут». У такіх умовах крадзеж янота ўяўляўся вяршыняй абсурду, чаму ён, уласна, і стаў сімвалам Херсонскага адступлення. «Credo quia absurdum» («веру, бо абсурдна»), — пісаў Тэртуліян. Не ведаю, як наконт веры, а наконт мемаў гэта дакладна. Лепшыя мемы —абсурдныя.

Гісторыя з янотам таму і стала мемам, што даводзіла да абсурду жахлівую рэальнасць расійскай акупацыі: расстрэлы і катаванні ў падвалах, фільтрацыйныя лагеры, 37-ы год, сістэму татальных даносаў і страху, якая суправаджаецца бессэнсоўнымі рабаваннямі, і ўсё гэта — пад няспынныя запэўніванні рабаўнікоў аб тым, што яны прыйшлі «вызваліць» і «выратаваць ад нацыстаў». Не пасмяешся ж над цэлай сям'ёй фермераў, забітых «вызваліцелямі» ў сябе дома стрэламі ў патыліцу. А тут — янот. Мем, бо абсурдна. Meme quia absurdum.

enot2_13_1.png


Аднак, як хутка высветлілася, янота (дакладней, сем янотаў, а яшчэ ламу, осліка і ваўкоў) забраў зусім не расійскі «мобік», а эксцэнтрычны і добра вядомы і ў Расіі, і ва Украіне дырэктар крымскага парку львоў «Тайган» Алег Зубкоў.

Для мяне гэта цалкам памяняла справу.

Гаворка ішла не пра ашалелага салдата, які ўжо знаходзіцца ў Херсоне і бяжыць, намарадзёрыўшы тое, што пад рукой. Гаворка ішла пра чалавека, які прафесійна заняты выратаваннем жывёл, і які прайшоў у прыфрантавой зоне небяспечны шлях у Херсон, каб выратаваць жывёл. Той жа самы ашалелы салдат на любым блокпосце мог уляпіць яму кулю ў лоб: «Ты куды насустрач украінскім войскам? За янотам?! Што?! А, ну атрымлівай».

На відэа, апублікаваным 5 лістапада, — гэта значыць тады, калі я асабіста была ўпэўненая, што Херсон будуць сціраць з твару зямлі, як Марыўпаль, — Алег Зубкоў кажа, што едзе ў Херсон, каб выратаваць жывёл, таму што яны могуць загінуць, і што ён верне іх у зоакуток, як толькі сітуацыя нармалізуецца. Алег Зубкоў старанна дакументаваў усё сваё падарожжа, публікуючы відэа з дарогі: злева — згарэлыя машыны, справа — згарэлыя дамы, і за гарызонтам бухае артылерыя. Не кожны вырашыцца на такую дарогу. Усе бягуць з Херсона — а вар'ят Зубкоў едзе туды, ратаваць янота.

У гэтых жа самых відэа Алег Зубкоў таксама кажа, што эвакуюе жывёл на загад кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Сальда і з адабрэння кіраўніка Крыма Аксёнава, — менавіта гэта цяпер і ставяць яму ў віну. «Ён гэта зрабіў па загадзе акупацыйнай адміністрацыі», — заўважыў у размове са мной Станіслаў Бялкоўскі.

Я датэлефанавалася да Зубкова і спытала: сам ён, ці па загадзе зверху забраў жывёл. Ён адказаў, што справа было наогул па-іншаму. Яму патэлефанаваў ваенкор Міхаіл Андронік і паведаміў, што ў Херсоне ёсць зоакуток, і жывёлы, якія засталіся там, могуць загінуць. «Я і не ведаў, што ў Херсоне на востраве Малы Пацёмкін ёсць зоакуток», — кажа Зубкоў. Востраў, між іншым, у выпадку падрыву Новакахоўскай дамбы быў бы затоплены, жывёлы б загінулі.

«Лама, якую мы забралі, — кажа Зубкоў, — яна наогул не ў зоакутке жыла. Яна туды трапіла пасля выбуху і пажару ў гіпермаркеце, яе адтуль вывелі, пакуль ён гарэў».

Зубкоў сказаў, што ён гатовы выратаваць жывёл, але без афіцыйнай паперы ён у Херсон не паедзе. Гэта было б, і на самай справе, вар'яцтвам: ехаць праз адыходзячыя расійскія войскі нікому не рэкамендую.

Тым больш што, нагадаю, у Алега Зубкова вельмі няпростыя адносіны з цяперашнімі крымскімі ўладамі. Ён перажыў 800 з лішнім (!) судоў, і сам нядаўна выйшаў з СІЗА.

Алег Зубкоў пад час падарожжа. Скрыншот з відэа

Алег Зубкоў пад час падарожжа. Скрыншот з відэа


Афіцыйную паперу далі, і Зубкоў паехаў.

Жывёл пагрузілі, кіраўніцтва зоакутка падпісала акт прыёму-перадачы (яны былі не вельмі задаволеныя, па словах Зубкова). Усё — і пагрузку жывёл, і іх размяшчэнне ў «Тайгане», — Зубкоў выкладваў на канал, хоць ён знёс тое відэа, на якім знята, як ён у Херсоне ловіць янотаў за хвост і грузіць у пераноскі.

Відэа выклікала масу зласлівых каментароў, а Алег Зубкоў кажа, — менавіта так янота і трэба хапаць, «хвост у яго тлусты, шкоды няма», альтэрнатыва — наркоз.

У самім «Тайгане» янотаў 70 штук, херсонскія яноты Зубкову зусім не патрэбныя. У відэа ён не раз паўтараў, што гатовы вярнуць у Херсон не 7, а 27 янотаў, таму што ў яго іх — лішак. Пры гэтым, яшчэ раз паўтару, абяцанне вярнуць янотаў было не «вырвана ў Зубкова абурэннем грамадскасці», як сталі настойваць многія каментатары. Яго пазіцыя: «Я ратую жывёл, таму што ім можа пагражаць гібель (і так яно і здавалася 5 лістапада, і шмат жывёл ва Украіне ў заапарках загінулі), і вярну, як толькі ўсе ўстаканіцца», — была заяўлена публічна яшчэ ў першых відэа, да ўсякай шуміхі.

Адзначу таксама, што ўмовы ўтрымання янотаў у «Тайгане», дзе ў іх высокі вальер, і ў цеснай клетцы, дзе яны жылі ў Херсонскім зоакуке, непараўнальныя, хоць Зубкоў адзначае, што яноты былі сытыя і тлустыя: нават ва ўмовах акупацыі клапаціліся пра іх добра.

Вядома, у такой сітуацыі можна працягваць настойваць, што Зубкоў — злачынца і злодзей, таму што ён супрацоўнічае з крымскай адміністрацыяй, знаходзіць у яго словах усё новыя і новыя падставы прычапіцца, і смела патрабаваць ад яго выкрыцця крымскіх уладаў. Але не трэба забываць, што ў Крыме цяпер 1937-ы год, а ў Зубкова — 3,5 тысячы закладнікаў. Менавіта столькі звяроў у заапарку.

Алег Зубкоў пачынаў будаваць свой парк «Тайган», — дзе львы жывуць фактычна на волі, — яшчэ ў 2006-м годзе, пры Украіне. У 2014-м годзе ён ніяк не мог забраць гэты парк з сабой. Крымскія ўлады ўсе гэтыя 8 гадоў змагаліся з Зубковым менавіта праз яго харызматычнасць і нястрыманы язык.

Алег Зубкоў дэ-факта з'яўляецца важаком прайду львоў. Гэта адбылося пасля таго, як ён выратаваў жыццё льву Лорду, цяпер нябожчыку-важаку прайду. Пажылы Лорд быў жорстка паранены ў бойцы і паміраў з разарваным жыватом, у якім корпаліся мухі. Маладыя львы, якія меркавалі прыйсці на яго месца, сядзелі вакол колам. Зубкоў прайшоў праз гэтае кола, падышоў да паміраючага льва, апрацаваў рану. Імунная сістэма ў котак моцная, Лорд выжыў, чалавек і леў сталі абыходзіць стэп бок аб бок.

9cce9e0a6aff4de39677990038c06b5c.webp


Алег Зубкоў — гэта крымскі Джэральд Дарэл. У яго мноства пераймальнікаў (у тым ліку і ва Украіне) і мноства нядобразычліўцаў, якіх абурае практыка, адзін час прынятая ў «Тайгане», але цяпер забароненая крымскімі ўладамі. Зубкоў асабіста вазіў па тэрыторыі экскурсіі на адкрытых «бусіках», і на многіх відэа львы лезуць у аўтобус, лашчацца да экскурсантаў. «Са мной гэта зусім бяспечна», — запэўнівае Зубкоў.

Ці бяспечна гэта, — пытанне да заолагаў, да янота не мае ніякага дачынення, і наогул: не хочаце — не едзьце. Што ж тычыцца мемаў пра янота, то рэальная гісторыя іх ніяк не адмяняе. Мемы пра янота — гэта святое.

Дарэчы. Ніякай Долгаравай Зубкоў не ведае. Так што яна, магчыма, пісала пра іншага янота.

Пераклад НЧ