Ці патрэбны Беларусі закон аб валанцёрстве?
Ці патрэбны Беларусі адмысловы закон аб валанцёрскай дзейснасці і ці можа ён быць небяспечны для валанцёрскага руху?
![Фота са старонкі Human Constanta ў фейсбуку Фота са старонкі Human Constanta ў фейсбуку](/img/v1/images/58460599_2284385981820334_6573254598201442304_o.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота са старонкі Human Constanta ў фейсбуку
У Беларусі ўвядуць закон, які будзе рэгуляваць працу валанцёраў. Апошняе пасяджэнне па гэтаму пытанню адбылося 30 красавіка, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. На ім Савет па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прызнаў мэтазгодным прыняць менавіта закон, які будзе рэгуляваць адносіны па ажыццяўленню добраахвотніцкай (валанцёрскай) дзейнасці.
«Нягледзячы на масавасць валанцёрскіх арганізацый, у сваёй паўсядзённай дзейнасці яны сутыкаюцца з шэрагам праблем, звязаных з адсутнасцю адзінага комплекснага нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгламентаваць правы і абавязкі валанцёраў, таксама іншыя пытанні ажыццяўлення іх дзейнасці», — пазначае праблему pravo.by.
Пакуль адпаведны законапраект не распрацаваны, але абмеркаванні аб неабходнасці дзяржаўнага ўрэгулявання валанцёрскай дзейнасці ў Беларусі ідуць не першы год. «Новы Час» запытаўся ў праваабаронцаў, ці насамрэч Беларусі патрэбны адмысловы закон аб валанцёрскай дзейнасці і чым можа быць небяспечным такі закон для валанцёрскага руху.
«Прыняцце спецыяльнага закона ўсіх праблем не вырашыць»
![Вольга Смалянка, фота са старонкі Lawtrend у фейсбуку Вольга Смалянка, фота са старонкі Lawtrend у фейсбуку](/img/v1/images/54798745_2213099315407690_7088962007310794752_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга Смалянка, фота са старонкі Lawtrend у фейсбуку
Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка лічыць, што дзяржаўнае рэгуляванне гэтага інстытута можа пэўным чынам абмежаваць валанцёрскую дзейнасць у Беларусі.
«Першапачаткова некалькі год таму гэтую тэму ўзнялі некамерцыйныя арганізацыі Беларусі. Адным з рухавікоў ідэі аб неабходнасці ўрэгулявання дадзенага інстытута выступіў Беларускі Чырвоны крыж. Апошнія пару год пытанне неабходнасці прыняцця адмысловага закона аб валанцёрскай дзейнасці абмяркоўвалася і на ўрадавым узроўні. Сёлета, напрыклад, на гэтуютэму праходзіла нарада ў Генеральнай пракуратуры.
І вось цяпер на прававым партале з'яўляецца інфармацыя, што ўсё ж закон прымаць трэба. Маўляў, гэта неабходна для таго, каб ліквідаваць праблемы, з якімі сутыкаюцца валанцёрскія арганізацыі. У той жа час многія арганізацыі, якія прыцягваюць валанцёраў, у тым ліку на пастаяннай аснове, выступаюць супраць прыняцця асобнага закона ў гэтай сферы. Таксама як і наша арганізацыя Lawtrend, як экспертная.
Вядома, урэгуляваць некаторыя пытанні неабходна — і ў першую чаргу для таго, каб вызначыць адказнасць і валанцёраў, і прымаючай арганізацыі, кампенсацыі выдаткаў, панесеных валанцёрамі, механізмы стымулявання для людзей, якія прымаць удзел у валанцёрскай дзейнасці (сацыяльныя льготы). Але для гэтага асобны спецыяльны закон у прынцыпе не патрэбны. Дастаткова ўнясення змяненняў у Падаткавы і Грамадзянскі кодэксы Беларусі. Больш за тое, без унясення змяненняў у той жа Падаткавы кодэкс спецыяльны закон усіх праблем не вырашыць.
Вопыт шэрагу краін паказвае, што адмысловы закон можа не ўрэгуляваць гэты інстытут, а наадварот, паслужыць пэўным абмежаваннем валанцёрскай дзейнасці. Калі ўжо прымаць яго, то неабходна вельмі старанна прааналізаваць вопыт іншых краін, дзе такія законы ёсць, і старанна прадумаць яго мэты.
Для абмеркаванняў законапраекта неабходна прыцягваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія непасрэдна звязаныя з валанцёрамі і разумеюць усе праблемы знутры, а таксама экспертныя арганізацыі. Прычым рэальна абмяркоўваць, а не для галачкі. Ці будзе гэта адбывацца? Час пакажа, вядома. Але ў той жа інфармацыі пра паседжанне Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці, дзе разглядалася пытанне аб урэгуляванні валанцёрскай дзейнасці, інфармацыі аб прыцягненні прадстаўнікоў грамадскасці не змяшчаецца».
«Важна, каб такое заканадаўства не замінала ў будучыні»
![Наста Лойка, фота з фейсбука, аўтар Ірына Арэхоўская Наста Лойка, фота з фейсбука, аўтар Ірына Арэхоўская](/img/v1/images/19113617_10207592609451898_2270792460104356307_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Наста Лойка, фота з фейсбука, аўтар Ірына Арэхоўская
Праваабаронца Наста Лойка, якая з’ўляецца заснавальніцай Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна», а цяпер развівае валанцёрскі рух у Human Constanta, кажа, што пакуль няма законапраекта спяшацца з высновамі рана:
«Такое заканадаўства ёсць ва многіх краінах. Звычайна яно накіраванае сапраўды на актывізацыю валанцёрства і стварэння добрых умоваў для людзей, гатовых валанцёрыць. Напрыклад, іх валанцёрская занятасць улічваецца ў працоўны стаж, на іх працу могуць распаўсюджвацца некаторыя аспекты працоўнага заканадаўства, якія б гарантавалі пэўныя правы. У той жа час заканадаўства можа стварыць такія складаныя ўмовы, што большасць грамадскіх аб'яднанняў вымушаныя будуць адмовіцца ад такой сферы дзейнасці. Human Constanta актыўна ўзаемадзейнічае з маладымі людзьмі і прыцягвае іх да дапамогі ў важных для арганізацыі задачах. У нас ёсць адпаведнае Палажэнне аб безаплатнай (валанцёрскай) дзейнасці. Але пакуль у нас не ўзнікала канфліктаў ці патрэбы ў прававым рэгуляванні. Таму важна, каб такое заканадаўства не замінала ў будучыні».