Пасол ЗША пры NATO: Пуцін губляе магчымасці дасягнуць значных вынікаў на фронце
Дональд Трамп усё яшчэ не выключае сустрэчы з Пуціным — але пры ўмове выніковасці гэтай сустрэчы. У той жа час амерыканскія адмыслоўцы кажуць пра адсутнасць у Пуціна поспехаў на фронце. Таму ўмовы заканчэння вайны ад РФ з кожным днём становяцца ўсё менш падмацаванымі. Ідуць 1339-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 120 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 24 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмавых дзеянняў расіян паблізу Ніканораўкі, Мірнаграду, Радзінскага, Лісоўкі, Зверава, Удачнага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Котліна і іншых.
На Александраўскім і Славянскім кірунках расійцы здзейснілі па 14 атак на кожным.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў паблізу Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Кацярынаўкі і Сафіеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 11 разоў спрабавалі прасунуццаў раёнах Ваўчанску, Каменкі.
На Ліманскім кірунку расійцы здзейснілі 9 атак у раёнах Надзеі, Навасёлаўкі, Зарэчнага і Шандрыгалава.
* * *
Расійскае ваеннае камандаванне перабольшвае тэмпы прасоўвання ў Харкаўскай вобласці ў афіцыйных справаздачах, а таксама адпраўляе ў бой недастаткова навучаную пяхоту, уключаючы хворых і параненых, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Расійскі ваенны блогер, звязаны з расійскай Паўночнай групоўкай войскаў, абвінаваціў расійскіх камандзіраў у перабольшванні прасоўвання паблізу Сінельнікава Харкаўскай вобласці ў афіцыйных справаздачах. Ён сцвярджае, што, грунтуючыся на гэтых ілжывых даных, расійскае камандаванне накіроўвае недастаткова падрыхтаваную пяхоту, уключаючы хворых і параненых, выпісаных са шпіталяў, у знясільваючыя атакі.
Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на поўначы Харкаўскай вобласці, паведаміў, што з траўня 2024 года расійскія войскі страцілі не менш за 15 000 забітымі на Валчанскім кірунку. Значная частка расійскіх салдат, якія дзейнічаюць там — навабранцы і рэкруты-злачынцы.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 22 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Купянска ўздоўж Паўднёвай чыгункі і ў заходняй частцы Двурэчнай (на паўночны ўсход ад Куп’янска).
Геалакацыйныя кадры ад 23 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на ўсход ад Сіверска ў ходзе механізаванай атакі.
Геалакацыйныя кадры ад 22 кастрычніка сведчаць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўнач ад Шчарбінаўкі (паўднёвы ўсход ад Канстанцінаўкі).
Геалакацыйныя кадры ад 23 кастрычніка паказваюць, як украінскія сілы наносяць удар па расійскіх пазіцыях у цэнтры Радзінскага (на поўнач ад Пакроўска). ISW ацэньвае гэта як расійскае пранікненне, якое не прасунула пярэдні край зоны баявых дзеянняў.
Геалакацыйныя кадры ад 23 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад Навасёлаўкі (на ўсход ад Велікаміхайлаўкі).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 23 кастрычніка, указваюць, што ўкраінскія сілы займаюць пазіцыі на востраве Каранцінны (на паўднёвым захадзе Херсона) — раёне, у якім, па заявах расійскіх крыніц, захоўвалася прысутнасць расійскіх войскаў.
* * *
Расійскія войскі ноччу атакавалі Кіраваградскую вобласць. Пад ударам была крытычная інфраструктура. У выніку абстрэлу без святла засталіся 19 населеных пунктаў.
У ноч на 24 кастрычніка войскі РФ ударнымі дронамі атакавалі Херсон. Адзін «Шахед» трапіў у шматпавярховік. Пацярпелі два чалавекі.
Раніцай расіяне нанеслі паўторны ўдар па Херсоне. Пашкоджаны шматкватэрныя і прыватныя дамы, пацярпелі пяць чалавек, адна жанчына загінула.
* * *

* * *
Белы дом не выключае сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пры ўмове, што яна будзе мець «пазітыўны вынік», заявіла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лэвіт.
Па яе словах, Трамп імкнецца дамагчыся ад кіраўніка РФ «дзеянняў, а не проста размоў». «Прэзідэнт надзвычай матываваны поспехам свайго мірнага пагаднення на Блізкім Усходзе. І ён хоча, каб гэтая вайна скончылася. Ён гаворыць пра гэта ўжо дзевяць месяцаў, знаходзячыся на пасадзе», — рэзюмавала Лэвіт.
* * *
Пасол ЗША пры NATO Мэцью Уітакер заявіў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін губляе магчымасці дасягнуць якіх-небудзь значных вынікаў на фронце. Пуцін толькі працягвае забойствы, якія не даюць ніякіх вынікаў, заявіў ён у інтэрв'ю для Newsmax.
Мэцью Уітакер адзначыў, што за апошнія дзесяць месяцаў дасягненні Расіі на полі бою застаюцца вельмі нязначнымі, нягледзячы на велізарныя затраты рэсурсаў і шматлікія страты. Паводле яго слоў, лінія фронту застаецца месцам бессэнсоўных забойстваў, якія не прыносяць Расіі ніякіх стратэгічных набыткаў у вайне.
«Ён не дасягае ніякіх стратэгічных поспехаў. Ён проста працягвае спрыяць (забойствам, якія адбываюцца) на лініі фронту, не прыносячы пры гэтым ніякіх вынікаў», — рэзюмаваў пасол.
* * *
Бельгія заблакавала наданне Украіне «рэпарацыйнага крэдыту» на суму 140 мільярдаў еўра, які планавалася прафінансаваць за кошт даходаў ад замарожаных расійскіх актываў. Лідары ЕС адклалі разгляд пытання, піша Financial Times.
На саміце ў Бруселі прапанова па выкарыстанні даходаў ад замарожаных актываў РФ (каля 190 мільярдаў еўра) для фінансавання маштабнага крэдыту Украіне натыкнулася на супраціў з боку Бельгіі. Паколькі пераважная большасць гэтых актываў захоўваецца ў цэнтральным дэпазітарыі Euroclear, размешчаным у Бруселі, Бельгія асцерагаецца стаць галоўнай мішэнню для юрыдычных пазоваў і фінансавых контрмер з боку Расіі.
Прэм'ер-міністр Бельгіі Барт дэ Вевер заявіў, што яго краіне патрэбная абсалютная яснасць адносна прававой асновы такога кроку і патэнцыйных рызык для еўра, а таксама гарантыі ад іншых краін, што грошы могуць быць вернуты пры неабходнасці.
Лідары краін ЕС папрасілі Еўракамісію падрыхтаваць варыянты для разгляду на наступным саміце.
Ідэя «рэпарацыйнага крэдыту» заключаецца ў тым, каб не канфіскаваць замарожаныя актывы РФ наўпрост, што з'яўляецца юрыдычна складаным працэсам, а выкарыстоўваць іх у якасці закладу. Мяркуецца, што будучыя даходы, якія генеруюць гэтыя актывы (напрыклад, працэнты), будуць накіраваныя на пагашэнне крэдыту, прадастаўленага Украіне ўжо цяпер. Гэта дазволіла б Кіеву атрымаць значную суму сродкаў на неадкладныя патрэбы, не чакаючы завяршэння вайны і паўнавартасных рэпарацый ад Расіі.