«Мы адчулі, што ўсё нездарма». Чаму Нобель Алеся Бяляцкага важнейшы, чым многім здаецца

У гадавіну распаду СССР Сьвятлана Ціханоўская сустракаецца ў Гданьску, калысцы «Салідарнасьці», зь яе былым лідэрам Лехам Валэнсам, а жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук знаходзіцца ў Осла, каб выступіць у суботу з Нобэлеўскай лекцыяй. Складана знайсьці больш сымбалічныя намёкі для аптымістычных прагнозаў, піша ў калонцы на «Св*бодзе» журналіст Дзьмітрый Гурневіч.

01_vujyew8.webp

У 1983 годзе, калі адданыя Маскве польскія камуністы закаталі ў асфальт прафсаюз «Салідарнасьць», Леха Валэнсу абвясьцілі ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Сытуацыя ў Польшчы амаль у дэталях нагадвала беларускую пасьля 2020 году. У турмах былі тысячы людзей, краіна жыла жахамі рэпрэсіяў, у тым ліку палітычных забойстваў. Мільёны ўцяклі з Польшчы, а «Салідарнасьць» зь 10-мільённага руху ператварылася ў дробную падпольную арганізацыю.

У гэты час, калі да краху камунізму было яшчэ шэсьць гадоў, Нобэлеўскі камітэт прысуджае Валэнсу прэмію і матывуе свой выбар тым, што «Валэнса ўвасабляе тугу па свабодзе і міры, якія, нягледзячы на няроўныя ўмовы, непераможна існуюць ува ўсіх народаў сьвету». Камітэт дадаў, што «ў пэрыяд, калі мірнае разьвязаньне канфліктаў патрэбнае як ніколі раней, высілак Валэнсы — гэта натхненьне і прыклад».

photo_2022_12_08_20_15_28__2_.jpg

У 2022 годзе той жа камітэт наступным чынам тлумачыць выбар Бяляцкага: «Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў працы на карысьць дэмакратыі і мірнага разьвіцьця радзімы. Нягледзячы на велізарны ціск з боку ўладаў і сур’ёзную хваробу Бяляцкі застаўся непахісным у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратызацыю Беларусі».

Бяляцкага, як і Валэнсы ў 1983 годзе, ня будзе на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі ў Осла. Беларускага праваабаронцу будзе прадстаўляць жонка Натальля Пінчук. Гэтаксама і Валэнсу тады прадстаўляла ягоная жонка Данута. Валэнса ў той час быў ужо на волі, але вырашыў ня ехаць за мяжу, бо існавала пагроза, што камуністы могуць не ўпусьціць яго назад. У Алеся Бяляцкага таксама быў шанец пасьля выбараў выехаць зь Беларусі, але ён сьвядома, разумеючы небясьпеку, застаўся на радзіме, дзе ў турмах ужо былі ягоныя сябры і калегі.

Валэнса праз сваю жонку патлумачыў Нобэлеўскаму камітэту прычыну ягонай адсутнасьці ў Осла: «У гэты ўрачысты дзень маё месца будзе сярод тых, зь якіх я сам выйшаў і да каго я належу — сярод рабочых Гданьску». Бяляцкі таксама ў турме сярод тых, з кім працаваў дзясяткі гадоў — з праваабаронцамі і тымі, каго яны бароняць — з палітвязьнямі. Ён сам — палітвязень.

Польскія пратэсты, якія ўлады задушылі ўвядзеньнем ваеннага становішча, былі мірнай рэвалюцыяй. Гэта падкрэсьлівала і Данута Валэнса ў сваёй прамове ад імя мужа падчас цырымоніі:

«Мы прагнем міру і таму мы не хапаліся і не хапаемся за інструмэнты фізычнай сілы. Мы жадаем справядлівасьці і таму мы цярплівыя ў барацьбе за нашыя правы, мы дамагаемся свабоды думкі і таму мы не перасьледуем нічые погляды і не зьбіраемся гэтага рабіць».

Сёньня шмат хто кажа, што Нобэлеўская прэмія — проста прыгожы сымбаль і што ня варта пераацэньваць яе ўплыў на рэальнасьць. Але калі б прэмія была проста мэдалём і чэкам на прыстойную суму (якую, дарэчы, Валэнса перадаў на патрэбы фэрмэраў), то польскія камуністы 39 гадоў таму не шалелі б ад нянавісьці, не праводзілі б супраць Валэнсы кампанію ачарненьня, не пісалі б пратэсты ў пасольства Нарвэгіі (дарэчы, гэта быў другі такі выпадак пасьля пратэсту Гітлера супраць Нобэля нямецкаму пацыфісту Карлу фон Асецкаму), не высылалі б туды «кампрамат» на Валэнсу і не рабілі б заяваў, што «прэмія — гэта антыпольская кампанія Рэйгана», а дзяржаўная тэлевізія ня мусіла б здымаць цэлы фільм, каб дыскрэдытаваць лідэра «Салідарнасьці», а цэнзура не забараніла б на пэўны час словы «Нарвэгія» і «нарвэскі».

Мірная польская рэвалюцыя, якую Валэнса і «Салідарнасьць» пачалі ў 1980 годзе, прывяла да выніку ажно ў 1989 годзе. Яна паўплывала на ўвесь рэгіён. Ужо ў свабоднай Польшчы шляхі Валэнсы з былымі паплечнікамі часта разыходзіліся, яны рабіліся апанэнтамі і крытыкамі. Але ацэнка важнасьці той прэміі не зьмянілася і празь дзясяткі гадоў. Вось як Валэнса казаў пра яе сэнс некалькі гадоў таму: «У той час «Салідарнасьць» траціла сілу. Наш карабель затрымліваўся. Масу людзей выкінулі за мяжу, многіх зламалі. Нобэлеўская прэмія была як вецер у ветразь нашага карабля. Мы набралі новы імпэт і сілу. Мы адчулі, што пра нас памятаюць і што ўсё было нездарма. Немагчыма ацаніць значэньне гэтага «Нобэля». Безь яго я не ўяўляю сабе канчатковай перамогі».

Часам можа здавацца, што Ўсходняя Эўропа трапіла ў заганнае замкнёнае кола гісторыі. Імпэрыя падымае галаву, забіваючы сваімі спазмамі ўкраінцаў, і сілкуе аўтарытарызм у Беларусі, які дзясяткі гадоў зьнявольвае беларусаў. Так 40 год таму думалі і жылі ў такой рэальнасьці палякі і іншыя народы рэгіёну. Але прасторы свабоды стала ад таго часу бясспрэчна больш, і гэты працэс непазьбежны. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што сьвет не забывае пра беларусаў, як не забываў 40 гадоў таму пра палякаў. Сёньня сярод тых, хто не забывае беларусаў, самі палякі, учорашнія вязьні імпэрыі.

Нобэлеўскай прэмія для Алеся Бяляцкага, а ў выніку для ўсёй Беларусі — гэта доказ, што беларусы сваёй прагай да свабоды і змаганьнем за яе не даюць сьвету забыцца пра сябе.