Здавацца ніхто не збіраецца. Выстава Нобелеўскай прэміі міру 2022 года адкрыецца ў Осла

У цэнтры ўвагі выставы Нобелеўскай прэміі міру сёлета — бескампрамісная барацьба, якую вядуць людзі і арганізацыі ў імя правоў чалавека, свабоды і дэмакратыі, пішуць праваабаронцы.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў «Вясны» 10 снежня 2016 года ў Мінску.

Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў «Вясны» 10 снежня 2016 года ў Мінску.

«Здавацца ніхто не збіраецца» — такія словы прамовіў старшыня праўлення «Мемарыялу», калі арганізацыю змусілі зачыніцца расійскія ўлады. Расійская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» у гэтым годзе дзеліць Нобелеўскую прэмію міру з Алесем Бяляцкім з Беларусі і ўкраінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод. 11 снежня ў Осла (Нарвегія) прадстаўнікі ўсіх трох арганізацый збяруцца ў Нобелеўскім цэнтры міру для ўдзелу ў адкрыцці выставы гэтага года.

«Гэтай выставай мы хочам падкрэсліць адвагу і настойлівасць трох нашых лаўрэатаў і ў той жа час паказаць, як шмат могуць дамагчыся людзі, аб'яднаўшыся для барацьбы з несправядлівасцю»,— кажа выканаўчы дырэктар Нобелеўскага цэнтра міру К'ерсці Флёгстад.

Праваабаронцы

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру гэтага года адстойваюць правы чалавека ў сваіх краінах. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну іх дзейнасць стала яшчэ складаней — і яшчэ важней. Выстава Нобелеўскай прэміі міру знаёміць наведвальнікаў з трыма лаўрэатамі і іх працай праз фатаграфіі і матэрыялы, прадастаўленыя іх арганізацыямі.

«Нобелеўская прэмія міру заўсёды мела вялікае значэнне, але ў гэтым годзе праца над выставай была асаблівай, паколькі Алесь Бяляцкі зняволены ў турме, а дзве іншыя арганізацыі працуюць у краінах, якія знаходзяцца ў стане вайны. Вайна падабралася да нас занадта блізка, — кажа Флёгстад. — Мы вялі дыялог з арганізацыямі, якія атрымалі прэмію, на працягу ўсяго працэсу падрыхтоўкі і ўдзячныя за тое, што яны падзяліліся з намі такім цікавым матэрыялам, нягледзячы на неверагодна складаныя ўмовы працы».

Сярод іншага, публіка зможа ўбачыць фатаграфіі Цэнтра грамадзянскіх свабод з Украіны і ліст Алеся Бяляцкага, адпраўлены з турмы, калі ён знаходзіўся ў зняволенні ў мінулы раз (з 2011 па 2014 год). На выставе гледачам будзе прапанавана падпісаць паштоўкі Бяляцкаму, аднаму з больш чым 1400 палітычных зняволеных у Беларусі.

Улада народа

Антываенныя дэманстрацыі ў Парыжы на трэці дзень уварвання Расіі ва Украіну. Парыж, Францыя, 26 лютага 2022 года. Фота: © Уільям К'ю / Magnum Photos

Антываенныя дэманстрацыі ў Парыжы на трэці дзень уварвання Расіі ва Украіну. Парыж, Францыя, 26 лютага 2022 года. Фота: © Уільям К'ю / Magnum Photos

Каб падкрэсліць важнасць грамадзянскай супольнасці для дэмакратыі, на выставе таксама будзе прадстаўлена серыя «Звычайныя людзі», створаная ў супрацоўніцтве з фотакааператывам «Magnum Photos». Дакументальныя фатаграфіі грамадзянскіх пратэстаў у Іране, ЗША, Ганконгу і Еўропе падпісаны такімі вядомымі фатографамі, як Нанна Хайтман, Сцюарт Франклін і Жэром Сесіні. Адна сцяна прысвечана працы польскага мастака і фатографа Рафала Мілаха. У апошнія гады ён дакументуе дэманстрацыі і пратэсты ў Польшчы і ў суседніх краінах і выкарыстоўвае камеру для аказання ўплыву на грамадства.

«У справе набліжэння пазітыўных змяненняў у грамадстве мы цалкам залежым ад удзелу асобных людзей, якія часта падвяргаюцца моцнай рызыцы. Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру гэтага года — яркія таму прыклады», — дзеліцца Флёгстад.