Еўрапарламент: Лукашэнка мусіць паўстаць перад трыбуналам
Еўрапарламент салідарны з беларускім народам. Ухвалена рэзалюцыя аб правах чалавека ў Беларусі
У рэзалюцыі канстатуецца, што парушэнні правоў чалавека і пераслед палітычных апанентаў у Беларусі працягваюцца, паведамляе www.defenders.by.
Еўрапарламент выказаў салідарнасць з народам Беларусі, дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю, якія працягваюць выступаць за свабодную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь.
Еўрадэпутаты нагадваюць, што ЕС і дзяржавы Еўрасаюза не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з-за масавай фальсіфікацыі і не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам, заклікаюць да далейшай падтрымкі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, асуджаюць прысуды па справе Аўтуховіча, патрабуюць вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій.
Еўрапарламент таксама рашуча асуджае ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі, разгортванне расійскіх войскаў у Беларусі, ваяўнічую рыторыку беларускіх улад. Падкрэсліваецца, што Лукашэнка і звязаныя з ім асобы нясуць роўную адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне і павінны несці адказнасць. У рэзалюцыі таксама асуджаюцца спробы Лукашэнкі падарваць беларускую культуру і русіфікаваць нацыю.
Еўрапарламент адзначае, што Лукашэнка і звязаныя з ім асобы, адказныя за ваенныя злачынствы ва Украіне, павінны быць прыцягнуты да адказнасці перад Міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом.
Еўрадэпутаты вітаюць прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму і заклікаюць вызваліць яго перад цырымоніяй уручэння прэміі, а таксама выказваюць падтрымку іншым палітзняволеным праваабаронцам «Вясны».
Еўрапарламент ухваляе пазіцыю беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў тым, што Беларусь павінна быць прызнана акупаванай або дэ-факта акупаванай тэрыторыяй. І заклікае да неадкладнага вываду расійскіх войскаў з Беларусі і Украіны.