«Лукашэнка і рады быў бы аддаліцца, але занадта моцна прывязаны да Расіі»

Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю аб прызнанні РФ дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Між тым Беларусь знаходзіцца з Расіяй у адзінай «Саюзнай дзяржаве». Пра новую рэальнасць для Расіі і Беларусі разважае палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

fy0v38kxoaa8dzl.jfif


Пра гэта ён расказваў у інтэрв’ю «Філіну».

— Напярэдадні Парламенцкая асамблея NАТО прызнала Расію краінай-тэрарыстам. Сёння Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю аб прызнанні РФ дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Што гэта азначае для Крамля на практыцы — у эканамічным і вайскова-палітычным вымярэнні?

— Я думаю, што пакуль гаворка ідзе пра досыць сімвалічныя крокі. Але, безумоўна, вельмі непрыемныя для Расіі. Бо адна справа, калі цябе прызнаюць агрэсарам, і іншая, калі сітуацыя выходзіць на новы ўзровень. Калі цябе фактычна ставяць на адну дошку з групоўкай ХАМАС, Хезбалой або Талібанам. Для Расіі гэта вельмі непрыемны момант.

Што тычыцца канкрэтных наступстваў, то тут трэба глядзець, якія рашэнні будуць прымацца на ўзроўні нацыянальных урадаў, на ўзроўні ЕС і ЗША.

І, вядома ж, калі глядзець далей, гэта яшчэ раз падкрэслівае тое, што, з пункту гледжання Еўропы, з пункту гледжання Захаду, ніякая нармалізацыя стасункаў з сённяшняй Расіяй немагчымая. Гэта яшчэ адзін крок да татальнага разрыву з ёй.

Бо калі ты лічыш сённяшні расійскі рэжым тэрарыстычным, прызнаеш яго спонсарам тэрарызму, то якія тут могуць быць размовы?

Так што гэта моцны крок, але варта паглядзець, якія ў яго будуць наступствы. Магчыма, усё так і застанецца на сімвалічным узроўні. А можа, стане штуршком для нейкіх рашэнняў, якія будуць прымацца на ўзроўні нацыянальных урадаў.

— Зыходзячы з вопыту краін, якія раней былі ў гэтым статусе, наколькі эфектыўная гэта мера? Акрамя таго, у гэтым спісе ёсць і тыя, хто яго з часам пакінуў.

— Адзначу, што гэта яшчэ адзін крок да ізаляцыі. Бо для тых кампаній, якія ўсё яшчэ вядуць справы з Расіяй, гэта выразны сігнал: глядзіце, з кім вы супрацоўнічаеце, гэта дзяржава-тэрарыст.

Гэта дадатковы прэсінг у дачыненні да тых, хто ўсё яшчэ разлічвае на супрацоўніцтва з Масквой у той ці іншай форме. Вядома ж, гэта павышае ціск і на Расію, і на нацыянальныя парламенты і ўрады, каб імі прымаліся больш жорсткія пастановы ў дачыненні да Крамля.

Выйсці з гэтага спісу тэарэтычна, вядома ж, можна. Калі ў Расіі зменіцца ўлада ці зменіцца палітыка. Але пакуль што гэта толькі дадаткова павышае прэсінг.

Я б тут дадаў яшчэ адзін істотны момант. Тым рэжымам, у дачыненні да якіх раней прымаліся падобныя рашэнні, было ўсё роўна. Гэта адыёзныя рэжымы, ізгоі, якія самі абралі такі шлях для сябе.

Усё ж для Расіі гэта выглядае інакш. Бо да нядаўняга часу яна разглядала сябе ў якасці часткі Еўропы, шчыльна супрацоўнічала з Еўрасаюзам, называла яго сваім партнёрам. Да вайны размова ішла пра заходніх партнёраў, а не пра «калектыўны Захад».

І гэта вельмі непрыемная сітуацыя для Расіі — калі ўчарашнія партнёры прызнаюць цябе тэрарыстам, параўноўваюць цябе з іншымі падобнымі рэжымамі. Таму з яе боку можна чакаць дастаткова нервовую рэакцыю, нейкія выказванні ад Дзмітрыя Мядзведзева, Марыі Захаравай. Яны гэта, безумоўна, пачуюць і эмацыйна адрэагуюць.

266804_gettyimages_1244638705.jpg


І гэта ўжо паказвае, што стрэл Еўрапарламента трапіў у цэль. Я ўсё ж не лічу, што Расіі ўсё роўна, што яна гатовая рабіць усё, што ёй уздумаецца, без аглядкі на меркаванне Захаду.

У сённяшняй расійскай улады ёсць комплекс непаўнавартасці. І ім вельмі важна даказаць, што яны не горшыя за іншых, што з імі трэба весці справы. І калі сёння тэрарыстам цябе называе не маленькая Эстонія ці Літва, а ўвесь Еўрасаюз, то гэта, вядома ж, балюча.

— Як гэтыя рашэнні могуць паўплываць на найбліжэйшага саюзніка Расіі — Беларусь? І якой можа быць рэакцыя беларускага рэжыму?

— Лукашэнка, я думаю, і рады быў бы аддаліцца на пэўную дыстанцыю, не складаць яйкі ў адзін кошык, але такой магчымасці ў яго ўжо няма. Ён занадта моцна прывязаны да Расіі.

Рэакцыя, калі яна будзе, будзе двухбаковай. Натуральна, беларускія ўлады будуць абурацца. Маўляў, як такое магчыма, што гэта ўсё палітыка, інтрыгі Захаду. Але пра сябе Лукашэнка, напэўна, парадуецца, што Беларусь гэты статус не атрымала.

Вось што для яго цяпер галоўнае. Бо з такім статусам і рэпутацыяй справы зусім дрэнна складваюцца.

На практыцы ж гэта выглядае так: калі афіцыйны Мінск працягне цеснае супрацоўніцтва з Расіяй, асабліва гэта тычыцца ўдзелу ў розных вайсковых авантурах Масквы, то недалёкі той час, калі і Беларусь займее гэты статус. Тут траекторыя зразумелая.

Калі вярнуцца да наступстваў для іншых краін, то тыя з іх, хто дагэтуль не гатовы асудзіць Расію, але жадае захаваць добрыя стасункі з Захадам, вымушаны будуць сур'ёзна задумацца. Я маю на ўвазе і афрыканскія дзяржавы, і некаторыя постсавецкія — Азербайджан, напрыклад, Арменію або Казахстан.

Бо гэта зразумелае пасланне ад Захаду — гэтай Расіі ніякіх паслабленняў не будзе. Бо якія могуць быць кампрамісы з тэрарыстам?

— Раней паведамлялася, што Еўрапарламент плануе прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй ПВК Вагнера, вядомую сваёй актыўнасцю не толькі на тэрыторыі РФ. Гэта можа ўскладніць яе дзейнасць па-за межамі Расіі?

— Гэтая кампанія стала публічнай і вядомай. А тыя ж французы, якія дзейнічаюць у шэрагу краін Афрыкі, успрымаюць «вагнераўцаў» як сваіх супернікаў. Прызнанне ПВК тэрарыстычнай арганізацыяй ускладніць ёй працу ў любым выпадку.

У той жа Афрыцы некаторыя ўрады карысталіся яе паслугамі для сваіх мэт. І часта гаворка не ішла пра забеспячэнне інтарэсаў Расіі, у большасці выпадкаў «вагнераўцы» проста зараблялі грошы. З такой рэпутацыяй ім гэта будзе рабіць складаней. Бо еўрапейцы аказваюць падтрымку афрыканскім краінам не ў апошнюю чаргу пад соусам барацьбы з тэрарызмам. І цяпер супрацоўніцтва якога-небудзь афрыканскага ўрада з гэтай ПВК будзе прыраўноўвацца да садзейнічання тэрарыстам.

Я не думаю, што гэта паўплывае глабальна на іх дзейнасць, але складанасці ў іх адназначна ўзнікнуць. Важна іншае: лёс «вагнераўцаў» вырашаецца не ў Афрыцы, пытанне тут хутчэй еўрапейскае, украінскае. Іх лёс вырашаецца ва Украіне.

Пераклад «НЧ»