РФ заявіла ў ААН, што ў гібелі мірных жыхароў Украіны ад рускіх ракет вінаватая не яна

Пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Васіль Небензя заявіў, што ахвяры сярод мірнага насельніцтва ўкраінскіх гарадоў — гэта віна не Расіі, а саміх украінцаў. Да таго ж  РФ «наносіць удары па ўкраінскіх аб'ектах інфраструктуры ў адказ» на пастаўкі краінамі Захаду зброі Украіне.

nebenzja.jpg

Небензя на экстраным пасяджэнні Рады бяспекі ААН заявіў, што пашкоджанні жылых дамоў і ахвяры сярод мірнага насельніцтва адбываюцца выключна па віне ўкраінскай СПА, паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы наносім удары па інфраструктурных аб'ектах ва Украіне ў адказ на напампоўку гэтай краіны Заходняй зброяй і безразважныя заклікі Кіева атрымаць ваенную перамогу над Расіяй», — заявіў Небензя пасяджэнні Радыа Бяспекі ААН, скліканым па ініцыятыве Украіны з-за новых масіраваных абстрэлаў інфраструктуры.

Са слоў Небензі, расійскія войскі і далей будуць наносіць удары, пакуль Кіеў не зойме «рэалістычную пазіцыю» і не вернецца за стол перамоваў. Пры гэтым пастаянны прадстаўнік не ўдакладніў, як удары па грамадзянскай інфраструктуры адбіваюцца на баяздольнасці УСУ.

Небензя таксама ўсклаў на ўкраінскіх вайскоўцаў адказнасць за ахвяры сярод мірных жыхароў Украіны, заявіўшы, што «абломкі ракет або ракеты, якія збіліся з курсу, трапляюць у тыя аб'екты, у якія Расія не цэлілася».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на пасяджэнні Рады Бяспекі дыстанцыйна, па відэасувязі. Ён папрасіў ААН адправіць ва Украіну місію экспертаў для вывучэння стану крытычна важнай інфраструктуры.

Нагадаем, Расія наносіць масіраваныя ўдары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры з пачатку кастрычніка. Апошняя падобная атака адбылася ўчора, 23 лістапада. Са слоў Зяленскага, РФ выпусціла 67 ракет, у выніку чаго былі абясточаныя Кіеўская, Адэская і Чарнігаўская вобласці.

Між тым, як днямі пісалі СМІ, у Расіі ракет застаецца максімум на 3-4 масіраваных абстрэлы. Па словах сакратара РНБА Украіны Аляксея Данілава, некаторых ракет у РФ засталося менш за 10%, некаторых — каля 18%. Але ракет С-300 вельмі шмат, імі і абстрэльваюць тэрыторыю Запарожжа і Харкаўскую вобласць.

Паводле Медуза, УНІАН