274-ы дзень вайны. Шмат гарадоў засталося без святла, вады і цяпла, але Украіна змагаецца

Сабралі для вас галоўнае на гэты час пра вайну ва Украіне.

ukraina_abstrely.jpg

З-за ўчорашняй масіраванай ракетнай атакі Расіі супраць Украіны загінулі 10 чалавек. Па краіне выпушчаныя больш за 70 ракет. Без святла, цяпла, вады і сувязі ўчора ўвечары заставаліся Кіеў, Львоў, Адэса і Хмяльніцкі. Людзі здымалі наяўныя грошы ў банкаматах, змяталі запасы вады ў крамах і паліва для генератараў на запраўках.

Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце распавёў пра сітуацыю з электразабеспячэннем: «Калі я атрымліваў увечары справаздачы аб ходзе аднаўлення энергазабеспячэння, 11 абласцей мелі пазнаку "ўся вобласць без электрычнасці". Па стане на пачатак ночы паступова падключаны новыя і новыя раёны. Энергетыкі, камунальнікі, ратавальнікі будуць працаваць кругласутачна».

Мэр Кіева Віталь Клічко абвясціў, што пасля ўчарашніх абстрэлаў 70% працэнтаў горада застаецца без электрычнасці. Пакуль атрымалася толькі часткова аднавіць водазабеспячэнне. Яно ўжо з'явілася на левым беразе горада. На правым яго плануецца аднавіць у першай палове дня.


Суседняя Малдова таксама з-за расійскіх удараў па Украіне засталася без электрычнасці.

Украінскія АЭС пачнуць працаваць увечары 24 лістапада, паведаміў міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка. Пасля гэтага, па яго словах, можна будзе чакаць скарачэння дэфіцыту электраэнергіі. Міністр распавёў, што ўчора Украіна перажыла блэкаўт — і аб'яднаць энергасістэму пасля ракетных удараў атрымалася толькі каля чатырох раніцы.

* * *

Большасць краін ЕС падтрымалі прапанову аб увядзенні столі цэнаў на расійскую нафту на ўзроўні 65-70 долараў за барэль, але Польшча настойвае на 30 доларах, піша Politico.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на тэрміновым пасяджэнні Рады Бяспекі ААН, што было скліканае па яго просьбе, заклікаў спыніць «энергетычны тэрор» Расіі і запрасіў экспертаў ААН праінспектаваць крытычна важныя аб'екты ўкраінскай інфраструктуры.

Да таго ж прэзідэнт Украіны прапанаваў пазбавіць Расію права вета ў Радзе Бяспекі ААН. У адказ на гэта сталы прадстаўнік Расіі ў ААН Васіль Небензя заявіў, што ўдары па крытычна важных інфраструктурных аб'ектах у Украіне – адказ на «напампоўку» краіны заходняй зброяй. Ён таксама падкрэсліў, што «пашкоджанні жылых дамоў і ахвяры сярод мірнага насельніцтва адбываюцца па віне ўкраінскай СПА, якая размяшчаецца не на ўскраіне гарадоў, а ў самым іх цэнтры».

Кітай падчас пасяджэння Рады Бяспекі ААН чарговы раз заклікаў Украіну і Расію «як мага хутчэй пачаць мірныя перамовы». Намеснік пастаяннага прадстаўніка КНР у ААН Генг Шуанг заявіў, што гэта адзіны спосаб «не дапусціць эскалацыі» вайны.


Мэтанакіраваныя ракетныя абстрэлы РФ украінскіх аб'ектаў крытычнай інфраструктуры з'яўляюцца «ганебнай эскалацыяй» вайны, заявіла на пасяджэнні Рады Бяспекі пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд: «Будзем шчырыя, гэта — атакі, накіраваныя супраць крытычна важнай інфраструктуры, і яны з'яўляюцца ганебнай эскалацыяй у жорсткай і неапраўданай вайне Расіі». Паводле яе слоў, Пуцін «спрабуе ператварыць зімовыя халады ў зброю, — да такой тактыкі Крэмль звярнуўся з-за паражэнняў на поле бою».

* * *

blaszczak.jpg

Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што папрасіў Германію перадаць Украіне прапанаваныя Польшчы сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot.

* * *

Эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) лічаць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін да гэтага часу імкнецца ўсталяваць кантроль над Украінай, хоць і дэманструе імкненне да перамоваў. Аднак, на думку аналітыкаў, затуманьванне Крамлём сваіх мэтаў, якое, верагодна, разлічана на заходнюю аўдыторыю, збівае з панталыку толькі расійскіх прыхільнікаў вайны. Так, напрыклад, пасля заяў Пяскова аб тым, што мэтай «спецыяльнай ваеннай аперацыі» не з'яўляецца змена ўлады ў Украіне, адзін з ваенных блогераў, звязаных з «ПВК Вагнера» абвінаваціў расійскія ўлады ў «вядзенні вайны без выразнай мэты».

У той час, калі расійскія ракеты ляцелі ўчора ва Украіну, былы прэзідэнт Расіі наведаў завод па вытворчасці гэтых ракет і паабяцаў працяг.

* * *

Калі Расія будзе цярпець сур'ёзныя няўдачы на ўкраінскіх франтах, яна можа выкарыстоўваць хімічную зброю ва Украіне, каб не выкарыстоўваць ядзерную, піша Politico са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі Байдэна. На іх думку, калі РФ пойдзе на выкарыстанне хімічнай зброі, то паспрабуе гэта схаваць. Хутчэй за ўсё, Крэмль прыменіць рэчывы, выкарыстанне якіх будзе складана даказаць у будучыні.

* * *

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі паведаміў, што Запарожская АЭС днём 23 лістапада адключылася ад знешняга энергазабеспячэння. Цяпер праца станцыі забяспечваецца за кошт аварыйных дызельных генератараў. Толькі так можна атрымаць энергію, неабходную для захавання ядзернай бяспекі. Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіў прызначаны Расіяй сябра «Рады вайскова-грамадзянскай адміністрацыі» акупаванай часткі рэгіёну Уладзімір Рогаў.

* * *

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі рускай арміі ў раёнах населеных пунктаў Андрэеўка, Бахмут, Кляшчыеўка, Краснагораўка, Мар'інка, Азаранаўка, Вопытнае і Якаўлеўка Данецкай вобласці, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. Рускія нанеслі 78 ракетных і 23 авіяцыйныя ўдары, здзейснілі больш за 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. У Данецкай вобласці ў выніку расійскіх абстрэлаў за мінулыя суткі ў Бахмуце загінулі двое мірных жыхароў. Яшчэ тры чалавекі ў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік ОВА Павел Кірыленка.