Топ-10 польскіх фільмаў. Калі шмат хто ўжо там, а вы па-ранейшаму тут

Дзясяткі тысячаў беларусаў вымушаныя былі бегчы са сваёй краіны ў суседнюю. У кожнага засталіся дома тыя, хто штодзённа хвалюецца за жыцьцё блізкіх па-за межамі Беларусі. Мы падрыхтавалі для вас падборку лепшых стужак польскай вытворчасьці пра Польшчу, каб прасякнуцца побытам і культурай дзяржавы, што дае прытулак тым, хто гэтага адчайна патрабуе.

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр з аднаго з фільмаў нашай падборкі


Нумар 10. Іда (Ida). 2013

ida_1.png

Чорна-белая стужка Паўла Паўлікоўскага акрамя шалёнага посьпеху дома атрымала і сусьветнае прызнаньне. Узнагарода амэрыканскай кінаакадэміі за лепшы фільм на замежнай мове — адно з пацьверджаньняў гэтаму.

Галоўную ролю выканала дзяўчына, якую запрасілі прыйсьці на пробы ў варшаўскай кавярні. Таму і ў вытанчаных беларускіх паненак ёсьць падобныя шанцы гэтаксама. Стужка апавядае гісторыю Ганны, якая апынулася без бацькоў і правяла дзяцінства ў кляштары. Напярэдадні ўласных вечных манаскіх абяцаньняў яна выпраўляецца ў падарожжа, каб спаткацца з адзінай жывой сваячкай, ад якой становіцца вядома, што Ганна — габрэйка, а яе бацькі былі забітыя падчас Другой сусьветнай.

Мала што нагадвае нам, што фільм быў зьняты адносна нядаўна, падчас прагляду застаецца ўтульнае адчуваньне сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.

Па-майстэрску выбудаваныя кадры падчас размоваў дзвюх кабетаў запрашаюць і прымушаюць гледачоў далучыцца ў падарожжа як у дарозе гераіняў, так і ў разьвіцьці іх душэўных перажываньняў. Дзе знаходзіцца вера, калі сямейныя гісторыі падкідваюць дроваў у вогнішча сумневу? 

Нумар 9. Попел і дыямант (Popiół i diament). 1958

popiol_i_diament.jpg

Палітычная драма Анджэя Вайды, якая была зьнятая ў складаны час для сацыялістычнага лягеру. Рэжысэр здолеў стварыць такое кіно, якое прайшло праз цэрбераў з цэнзарскай машыны і трапіла на эўрапейскія кінафэсты, дзе атрымала розгалас і ўхвалу.

Хаця гэтая стужка і сканчвае так званую «ваенную трылёгію» Вайды, самай удалай зьяўляецца менавіта яна. Празь лёс аднаго чалавека мы прасочваем, як ламаўся народ. У сюжэце мы трапляем у апошні дзень вайны. Галоўны герой антыкамуністычнага руху атрымлівае загад – зьнішчыць чырвонага камісара. Але на дарозе змаганьня паўстае буфетчыца. З пачуцьцямі да яе герой пачынае ўзважваць рызыкі свайго заданьня. Ці вартае яно, каб рызыкаваць сабою? Ці вартае яно, вялікае змаганьне для самой Польшчы? Што такое Армія Краёва?

Як сьвярджаў Анджэй Вайда, праз візуальныя вобразы ён здолеў падмануць ненавісную камуністычную цэнзуру.

Эстэтычнае захапленьне вам гарантаванае. 

Нумар 8. Патоп (Potop). 1974

potop.jpg

Гэтая стужка – ідэальны прыклад гістарычнага эпасу. Ежы Гофман стварыў эпічную карціну па рамане Генрыка Сянкевіча. Падзеі разгортваюцца ў XVII ст., калі Рэч Паспалітая вяла вайну са Швэцыяй. На фоне неперарыўнай вайны мы становімся сьведкамі жыцьцёвай драмы шляхціча Анджэя. Ён вымушаны пайсьці на вайну супраць сваёй радзімы, дзе засталіся сябры, кароль і каханая.

Калі вы прыхільнік гістарычных фільмаў і яшчэ не знаёміліся са шматлікімі польскімі стужкамі пра мінуўшчыну — пачніце зь яе. Тут ёсьць усё што патрэбна — і шаблі, і стрэлы, і падманы, і вядома ж — рамантычная лінія. Таму стужка будзе дарэчнай для сумеснага прагляду і парам.

Прыгатуйце крыху пітнога мёду — і глядзіце, як продкі ваявалі. 

Нумар 7. Жыцьцё як сьмяротнае захворваньне, якое перадаецца палавым шляхам (Życie jako śmiertelna choroba przenoszona drogą płciową). 2000

zycie_jako_smiertelna_choroba_przenoszona_droga_plciowa.jpg

Доўгую фразу, якая стала назвай стужкі, Кшыштаф Занусі ўбачыў неяк на варшаўскай сьцяне. Таму спрадвечныя засьцярогі аб тым, што на сьцяне могуць рознае напісаць — праўда. Часам трапляюцца і геніяльныя думкі. Ці можа геніяльныя людзі потым напаўняюць іх глыбокім сэнсам — вырашаць вам.

Сам аўтар казаў так: «Мой фільм закранае трагічны парадокс жыцьця, якое, урэшце, зьяўляецца дарогай да сьмерці. Гэта не гісторыя пра спробу ўцячы ад сьмерці, гэта, насамрэч, гісторыя чалавека, які жадае быць падрыхтаваным да сустрэчы са сьмерцю і бачыць яе сэнс у непазьбежнай, натуральнай сувязі з жыцьцём».

У стужцы мы сустракаем пасьпяховага лекара, які зьнянацку даведваецца, што сам невылечна хворы. Ён адчайна спрабуе адсунуць тое, пра што казаў раней іншым: шанцаў на ратаваньне няма. Лекар зьяўляецца атэістам, але раптоўнае разуменьне блізкасьці канца жыцьця ставіць перад ім пытаньне аб сэнсе як жыцьця, так і сьмерці. Апошнія дні лекара праходзяць у яго родным шпіталі. 

Нумар 6. Цела Хрыста (Boże Ciało). 2019

boze_cialo.jpg

Праўдзівы, моцны, захапляльны, жорсткі і прыгожы фільм пра сучасную Польшчу. Стужка Яна Камаса знаёміць гледачоў з гісторыяй звычайнага польскага маладога чалавека, які ходзіць на танцы ў правінцыйным гарадку, ужывае забароненыя рэчывы і па глупстве трапляе за краты.

Там ён знаходзіць новы ідэал. Замест гопніцтва — хрысьціянства. Але не так ужо і проста чалавеку з крымінальшчыны трапіць у сэмінарыю. Аднак аднойчы выпадак дае яму магчымасьць пераапрануцца ў ксяндза і паспрабаваць выдаць сябе за духоўную асобу, што павінна замяніць хворага сьвятара ў правінцыі.

Нядаўняму вязьню атрымліваецца сваёй імправізацыяй у парафіі выклікаць усплёск рэлігійнага жыцьця. Адкуль бяруцца яго словы, сказаныя з касьцёльнай амбоны? Здаецца, нават сам герой не можа вытлумачыць усяго таго, што пачынае адбывацца ў гарадку.

Але ці можа гэта працягвацца вечна? 

Нумар 5. Чалавек з жалеза (Człowiek z żelaza). 1981

czlowiek_z_zelaza.jpg

Яшчэ адна стужка Анджэя Вайды ў нашым спісе. З гэтай працай ён стаў трыюмфатарам на Канскім кінафэсьце.

На днях Сьвятлана Ціханоўская сустракалася ў Гданьску з Лехам Валенсам, былым прэзідэнтам Польшчы, а яшчэ раней – кіраўніком легендарнай «Салідарнасьці». У часы стварэньня антыкамуністычнага руху і трапляюць гледачы стужкі. Гэтай працы Анджэя Вайды папярэднічала яшчэ адна — «Чалавек з мармуру». Абедзьве стужкі апавядаюць пра сям’ю, напачатку галоўны герой бацька, а потым — ягоны сын.

У Гданьску 1980-га года распачынаецца страйк, а камуністычная ўлада дасылае кішэннага журналіста зрабіць матэрыял, які скрампраментуе аднаго зь лідэраў пратэстоўцаў.

Дзьве з паловай гадзіны змаганьня. 

Нумар 4. Кароткі фільм пра забойства (Krótki film o zabijaniu). 1987

krotki_film_o_zabijaniu.jpg

Насамрэч хранамэтраж стужкі Кшыштафа Кесьлёўскага не такі і кароткі, але глядзіцца без жаданьняў зрабіць перапынак на антракт.

Варшаўскія вуліцы вачыма таксіста, а таксама іншых двух галоўных герояў стужкі, здолеюць паказаць сучасьнікам, наколькі зьмянілася сталіца апошнія дзесяцігодзьдзі.

Стужка жорстка кідае нас у сучасныя для Беларусі рэаліі. Пасьля злачынства чалавеку пагражае сьмяротнае пакараньне. Адвакат, які толькі атрымаў права займацца падобнымі справамі, не можа вырашыць сам для сябе — ці мае права судовая сістэма ў імя народа хладнакроўна забіваць?

Гэты фільм паспрыяў таму, што Польшча ўвяла на той час пяцігадовы мараторый на сьмяротнае пакараньне. Абавязкова паглядзіце выдатную працу пра любоў да чалавечага жыцьця. 

Нумар 3. Ва-банк (Vabank). 1981

vabank.jpg

Стужка Юліюша Махульскага зьнятая ў зусім іншай манэры ад папярэдняй. Вечар добрага настрою вам будзе забясьпечаны. Дарэчы, пры праглядзе шукайце абавязкова рэжысэрскую вэрсію, у ёй захаваліся абрэзаныя фрагмэнты, якія не трапілі ў пракат у саюзе.

Дзеяньне адбываецца ў Варшаве ў 1930-я гады. Пасьля шасьці гадоў за кратамі ў галоўнага героя ёсьць толькі помста за тое, што ён адсядзеў іх дарма. Хаця па прафэсіі ён — ці не найлепшы спэцыяліст па адкрыцьці сэйфаў. Ён спадзяецца атрымаць належнае ў таго, хто быў адказным за згубленыя гады. На даляглядзе вымалёўваецца магчымасьць «узяць» банк. Разам з магчымасьцю зьяўляюцца і тыя, хто жадае зрабіць тое ж самае, але без галоўнага героя — ветэрана справы.

Прыгоды, вясёлыя сітуацыі і прыстойны польскі гумар. 

Нумар 2. Нож у вадзе (Nóż w wodzie). 1962

noz_w_wodzie.jpg

Без Рамана Паланскага рэйтынг быў бы несапраўдным. Ідэальны псыхалягічны трылер, які вывеў рэжысэра ў эшалён сусьветных майстраў. Гэта быў першы польскі фільм, на які зьвярнулі ўвагу на прэміі «Оскар». У Паланскага атрымалася стварыць стужку, напоўненую саспэнсам.

Яхта, некалькі чалавек, нож у вадзе. Не пераказваючы сюжэтныя хады, адзначым, што на перадпрэм’еры галоўны польскі камуніст быў вельмі незадаволены, фільм быў забаронены для паказу ў Польшчы. У наступным годзе Раман Паланскі быў вымушаны зьехаць у капіталістычны сьвет і менавіта там стварыць свае астатнія шэдэўры.

Нож у вадзе — аб маўклівым спаборніцтве між людзьмі, якое перарастае ў актыўную фазу. 

Нумар 1. Караль, чалавек які стаў Папам (Karol, un uomo diventato Papa). 2005

karal.jpg

Стужка, якая глыбока адаб’ецца ў вашым сэрцы і пакіне пасьля сябе глебу для працяглых развагаў. Гэтую карціну палякі запрасілі зьняць італьянца Джакама Баціята. Нездарма: фільм пра Караля Вайтылу, які нарадзіўся ля Кракава, а памёр у Рыме.

Звон шалёна адбівае трывогу ў Кракаве — немцы перайшлі мяжу з Польшчай 1 верасьня 1939 года, і маладыя людзі наперабой кажуць аб неабходнасьці ісьці ў армію, бараніць радзіму і забіваць ворагаў. Але адзін зь іх — Караль — разумее, што пазбавіць чалавека жыцьця ён не зможа.

Мы становімся сьведкамі цэлай гістарычнай эпохі, у якой жыў Караль Вайтыла. Жахі нямецкай акупацыі зьмяняюцца тэрорам камуністычнай адміністрацыі. Малады чалавек у пэўны час адчувае пакліканьне — стаць сьвятаром. Каб урэшце праз дзесяцігодзьдзі стаць Папам — Янам Паўлам ІІ.

Гэтая стужка павінна быць у вашым абавязковым спісе да прагляду.