Чарговы мастак, забыты на радзіме

У гэтым годзе споўнілася 136 гадоў з дня нараджэння Браніслава Яманта — мастака з кагорты выбітных, чыя творчасць аказала вялікі ўплыў на фармаванне заходнебеларускай плыні жывапісу. Шмат хто лічыць яго перш польскім творцам, але карані Яманта на беларускай зямлі.

str_14_yamont_bronislav_kazimirovich_1.jpg

 

Першыя крокі

Будучы прафесар Віленскага, а па Другой сусветнай вайне і Торуньскага ўніверсітэтаў, мастак Браніслаў Ямант (1886–1957) нарадзіўся ў старажытным мястэчку Дакудава (згадваецца ў 1392 годзе), у якім апрача каталіцкага касцёла (1533) і кальвінісцкай суполкі ад 1763-га была яшчэ і ўніяцкая царква.

Прозвішча Ямант, хоць і не дужа распаўсюджанае ў былым ліцвінскім краі, але і не чужое для беларуска-літоўскай шляхты, а ў нечым і «знакавае». Краязнаўца з Ліды Станіслаў Суднік не выключае, што яго можна звязаць з прозвішчам нарачонай Кастуся Каліноўскага. Бо бацька Марыі Ямант, што нарадзілася ў Вільні, Тадэвуш, быў упраўляючым маёнтка князя Вітгенштэйна, гаспадара Дакудава. Невядома, як складаўся лёс шматлікай сям’і ўдзельнікаў паўстання пасля вяртання з сібірскай высылкі, але пэўна, што ў 1886 годзе ў сям’і дакудаўскага Казіміра Яманта нарадзіўся першынец. (Малодшы брат Браніслава стаў дырэктарам аддзялення Віленскага гандлёвага банка ў Лідзе і памёр у 1932 годзе ва ўзросце 35 гадоў).

Першай мастацкай установай юнака Браніслава была «Віленская рысавальная школа» Івана Трутнева. Па настаянні бацькі мастака, у лёс «уплішчыўся» юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, праўда, з самастойнымі заняткамі маляваннем і адначасовым наведваннем Акадэміі мастацтваў. Але ненадоўга. Плынь размеранага жыцця парушыла знаёмства з творамі на той час вядомага ў Польшчы амаль што нароўні з Янам Матэйкам мастака ўкраінскага паходжання — Яна Станіслаўскага.

Гэта быў мастак імпрэсіяністычнага кірунку, але, з гледзішча аўтара гэтага нарыса, яго ўплыў у творчасці Яманта праглядаецца менш, чым іншых. У прыватнасці, у падыходах Яманта да натуры, камерна-выразным (драматычным) супастаўленні віруючых аблокаў з млыном, домам, дрэвам, усё ж было болей рамантычнага ўплыву творчасці Рушчыца або сімвалізму Стаброўскага, чым Станіслаўскага.

Па вяртанні ў Вільню з пленэра ў Кракаве і Закапанэ Браніслаў Ямант працуе хатнім настаўнікам малявання ў навакольных фальварках, а з вайной перабіраецца на дзяржаўную пасаду выкладчыка малявання ў рэальную школу Гомеля. Зноў жа ненадоўга.

Як цалкам саспелы мастак, ён дэбютаваў на выставе Артыстычнага таварыства ў Вільні ў 1915 годзе. Але сапраўдны ўзлёт адбыўся ў 1919 годзе, калі варшаўскай «Захэнтай» былі набыты дзве ягоныя працы. У 1924 годзе на агульнапольскай выставе Ямант быў узнагароджаны залатым медалём, а яшчэ праз колькі гадоў атрымаў найвышэйшую ўзнагароду за жывапіс. Зрэшты, недахопу ў паказах (самых прадстаўнічых) ён не меў ніколі. Выставы яго (ці з ягоным удзелам) паспяхова праходзілі ў Вільні, Варшаве, Гданьску, Парыжы, Бруселі, Манака…

Творчы даробак

Крытыка ва ўсе часы была ўважлівай да творчасці Браніслава Яманта і не раз адзначала, што ён дасканала выяўляе натуру, яе асаблівасці і каларыстычныя мажлівасці.

Пры фантастычнай энергіі і працаздольнасці, ад 1915 года — за трыццаць гадоў творчасці — ён выканаў (па ўласным прызнанні) больш за 1000 прац. Толькі ў фонды Музея Нарадовага мастак перадаў 48 альбомаў з эскізамі і накідамі.

Але так сталася, што, на жаль, планаваная ў Варшаве выстава да сотых угодкаў з дня народзінаў не адбылася. Адпаведна, не быў выдадзены зводны каталог твораў, які ёсць зарукай пачатку вывучэння тэмы. Апрача звестак у «Слоўніку польскіх дзеячаў мастацтваў» (т. 3), і «Польскім біяграфічным слоўніку» (т. 10), найбольш грунтоўнай працай, прысвечанай Яманту, з’яўляецца ўжо цытаваны артыкул Яна Катлоўскага, перадрукаваны «Лідскім летапісцам».


У коле паплечнікаў і аднадумцаў

У Вільні 1920-х гадоў Браніслаў Ямант не толькі шчыльна кантактаваў з колам асобаў свайго пакалення — Людамірам Сляндзінскім, Ежы Гапэнам, Антонам Роўбам, Стэфанам Нарэмбскім, але і з мастакамі сярэдняга і старэйшага веку. Ён займеў непахісны аўтарытэт у прафесійных колах.

Ямант разам з Чаховічам і Роўбам увайшлі ў ініцыятыўную групу па стварэнні прафесійна-творчай суполкі — WTAP (Віленскае таварыства артыстаў-пластыкаў). На сходзе мастакоў 28 мая 1920 года, што адбыўся ў памяшканні калісь любага маладому Купалу віленскага Zielonаga Sztralliu, быў зацверджаны статут і абрана кіраўніцтва арганізацыі, а таксама запачаткаваны часопіс «Poіudnie» (рэдактар Станіслаў Вазніцкі). Сваёй задачай таварыства ставіла «пашыраць культуру ў Краі». Прэзідэнтам WTAP абралі Людаміра Сляндзінскага.

Браніслаў Ямант належаў да групоўкі мастакоў (як рамантыкаў, так і рэалістаў), што кансалідавалася якраз вакол гэтага віленскага мастака ў трэцім пакаленні, вучня Зм. Кардоўскага. Менавіта Сляндзінскі вылучыўся як аўтарытэтны ідэолаг віленскай мастацкай школы. І менавіта ён падштурхнуў крытыкаў і знаўцаў да актуалізацыі гэтага азначэння — «віленская мастацкая школа». Уплыў ягоны быў настолькі моцны, што па тамтэйшай мастацкай супольнасці загуляла хвароба (манера) — «а-ля Сляндзінскі», узорам для якой былі прыклады творчасці Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма, а дэвізам і зарукай поспеху слоган «Спакой і гармонія».

Гісторык мастацтва Ян Катлоўскі настойвае на тым, што вызначэнне «віленскі асяродак», ці «віленская школа» (неакласіцызм ці неарэалізм), якія звычайна атаясамліваюць з памкненнямі Сляндзінскага, хутчэй прыдуманыя, чым «прымальныя».

Разумеючы прычыну яго абвяржэння існавання «віленскай школы», нагадаем, што сам панятак упершыню афіцыйна быў ужыты Т. Дабравольскім у 1928 годзе. Але яшчэ ў 1925 для мацавання краёвасці і ліцвінскіх традыцый у культуры ў Вільні быў адроджаны выпуск «Tygodnikа Wilenskаga», які мусіў быў працягваць традыцыі пачатку ХІХ стагоддзя. Ямант быў адным з ілюстратараў і актыўным удзельнікам выдання.


Творца

Графічны талент Яманта ўвасабляўся на паперы (іншым часам на кардоне) у акварэлях, працах тэмперай альбо гуашшу. Не спакусіўся ён на выбух шматлікіх друкаваных графічных тэхнікаў у класічна ўстойлівай Вільні, застаўся адданым арыгінальнай графіцы і жывым фарбам, захаваў галоўную тэму сваёй творчасці — натурны краявід. Мастацкія пошукі яго, пры захаванні рэалістычнай формы, па большасці ішлі ў рэчышчы перадачы нюансіровак настрояў.

Напраўду кажучы, ён трохі перахварэў на фармалістычныя пошукі: выкарыстанне абстрактнага колеру ды дэкаратыўна-намысленыя стылізацыі формы («Фантастычны краявід», «Краявід з каплічкай»). Адбылося гэта пад уплывам мінчука Стржэмінскага, падчас яго нядоўгага пражывання ў Вільні, усплёску актыўнасці Кайрукшціса. След гэтага ўплыву заўважны ў выставе «Новае мастацтва», што была наладжана трынаццаццю сябрамі WTAP 2 чэрвеня 1923 года. Але гэтая выстава, у якой браў удзел Ямант (як і папярэдняя), хіба толькі «зазначыла след… канструктывісцкага авангарду», але моцнага розгаласу ў грамадстве не мела.

Невядома, ці то пад уплывам аднакашніка Язэпа Драздовіча па школе Трутнева, ці захавальніка мастацкіх традыцыяў ліцвінства Сляндзінскага, ці па ўласным рашэнні, Браніслаў Ямант у 1928 годзе, далёка ўжо не маладзёнам, садзіцца на студэнцкую лаву. Але відавочна, што рашэнне гэта было самастойным і глыбока прадуманым.

Ён адчуў неабходнасць запоўніць адукацыйныя прагалы, неабходнасць сістэматызацыі прафесійных ведаў і ўласнага ўмельства. На гэта наводзіць той канцэптуальны «наіў», тое нешта няўлоўнае, шчыра аматарскае, што яднае яго «Краявід з каплічкай» (захоўваецца ў Торуньскім музеі акруговым) з творамі беларускага «вечнага вандроўніка».

Падчас навучання ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя (1928–1931), студэнт Ямант, якому было ўжо пад пяцьдзясят, наведвае Брусель, Парыж, Рым і Фларэнцыю. А неўзабаве, у 1931 годзе, прафесар Фердынанд Рушчыц запрашае яго на пасаду асістэнта кафедры пейзажа. З-за хваробы прафесара ўжо з 1932 года Ямант фактычна кіруе кафедрай, хаця юрыдычна на гэтай пасадзе ён будзе аформлены ў 1936 годзе, пасля смерці мэтра.


Эпілог

Як і большасць яго калег, Другую сусветную вайну Ямант перажыў у Вільні. Не пакідаючы творчую працу, удзельнічаў у таемных пасяджэннях сяброў рады Факультэта прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя. Сапраўдны ж прыліў сілаў і творчай энергіі адчуў у Торуні, дзе ў пасляваенныя часы з поўнай аддачай займаўся аднаўленнем мастацкага жыцця, стварэннем секцыі прыгожых мастацтваў пры гуманітарным факультэце ўніверсітэта Мікалая Каперніка. У Торуні і Быдгашчу прайшло пяць яго прыжыццёвых персанальных выставаў.

Першы дэкан факультэта прыгожых мастацтваў, прафесар пейзажу і нежывой прыроды, доктар мастацтвазнаўства Браніслаў Ямант памёр 4 лютага 1957 года пасля цяжкой хваробы сэрца.

Як сказаў пра Яманта гісторык мастацтва Ян Катлоўскі, мастак не з’яўляецца невядомай постаццю ў польскім мастацкім жыцці і заслужыў сабе памяць, беларусам жа яшчэ адкрываць яго і адкрываць.