Памяць пра выбітнага адраджэнца
Грамадскасць Беларусі даволі актыўна адзначыла 125-я ўгодкі з дня народзінаў паэта, святара і грамадскага дзеяча Казіміра Сваяка. Ён пражыў кароткае, але выключна яркае жыццё.
Мастак Алесь Цыркуноў. Партрэт Казіміра Сваяка
Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) пражыў кароткае, але выключна яркае жыццё. Не па знешніх прыкметах — пасадах і роду заняткаў, а па духоўнай глыбіні, па духоўнаму ўплыву на грамадства, які мы адчуваем і ў якім ёсць запатрабаванасць да сёння.
Фактычна ўшанаванне адраджэнца і літаратара пачалося 19 лютага вечаровай імшой у Чырвоным Касцёле (Св. Сымона і Алены), наступнымі днямі службы прайшлі ў касцёле ў Камаях ды Клюшчанах, дзе пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі нёс слова Божае Казімір Сваяк.
Заўважнай свецкай падзеяй ушанавання памяці Казіміра Сваяка, па сваёй інфармацыйнай насычанасці, асэнсаванню праблем і задач па вяртанні з небыцця, аднаўленні да новага жыцця духоўнай спадчыны выбітных беларусаў, сталася вечарына памяці, што прайшла 23 лютага ў памяшканні сядзібы Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Пытанне беатыфікацыі
Паўнапраўнай і непераўзыдзена гасціннай гаспадыняй вечарыны была біёграф Казіміра Сваяка, паэтка і даследчыца Ірына Багдановіч, якая яшчэ ў 2010 годзе падрыхтавала і выдала аднатысячным тыражом у выдавецтве «Беларускі Кнігазбор» том «Выбраных твораў» гэтага дзеяча. Са скрухай мушу канстатаваць, што кніга імгненна стала не менш рарытэтнай, чым рэпрынтныя выданні паэта — «Мая Ліра» (1924) ды беларускамоўны малітоўнік «Голас Душы» (1936), перавыдадзеныя ў 1990-х гадах.
Цікавейшым стаўся расповед спадарыні Ірыны пра ўжо здзейсненае па ўшанаванні памяці Казіміра Сваяка, тым больш, што выступ яе суправаджаўся відэапрэзентацыяй, падрыхтаванай Уладзімірам Раманоўскім — нязменным хранікёрам-летапісцам грамадскіх імпрэзаў. Яшчэ больш інтрыгуючым ды і карысным было даведацца аб яе працы па падрыхтоўцы зборніка дакументаў, якія датычыліся жыццёвага шляху Казіміра Сваяка.
Як і мае быць, гаспадар сядзібы спадар Алег Трусаў напачатку даў слова знакамітаму прафесару-славісту Адаму Мальдзісу. Апрача шчырых і асабістых успамінаў пра расшукова-даследчую працу па высвятленні і асэнсаванні жыцця і дзейнасці Казіміра Стаповіча, зямляк-навуковец распавёў аб сваім даследаванні гісторыі шведскай фаміліі Сволькенаў. Гэта былі заможныя гаспадары з Астравеччыны, якія не супрацівіліся народнай мове і культуры і ў якіх працаваў ляснічым бацька братоў Стаповічаў. У сям’і было шасцёра дзяцей, і ўсе атрымалі годную адукацыю.
Канстанцін Стаповіч у гады навучання ў семінарыі
Другой сутнаснай прапановай прафесара (асабістае меркаванне, якое ён агучыў яшчэ на прыёме ў Ватыкане ў 1990 годзе) была прапанова ўлучэння Казіміра Сваяка ў лік асобаў, якія разглядаюцца да беатыфікацыі (ад лацінскага «beatus» — «дабраславёны» і «facio» — «раблю»). Царкоўны і літургічны акт залічэння асобы да дабраславёных — першасны этап у працэсе падрыхтоўкі да кананізацыі.
На думку спадара Мальдзіса, апрача працы па беатыфікацыі дабрадзея касцёла Св. Сымона і Алены — Эдварда Вайніловіча і мяркуемай беатыфікацыі Казіміра Сваяка перадусім неабходна разглядаць «залічэнне да ліку дабраславёных» першадрукара і лекара Францішка Скарыны ды Соф’і Гальшанскай (Друцкай).
Прапанова слушная, тым больш, што выказана яна асобай не толькі шаноўнай, але і сябрам беатыфікацыйнага камітэта пры касцёле Св. Сымона і Алены. Захады гэтыя мусіць рабіць Касцёл у шчыльным звязе з праваслаўнай канфесіяй.
Своеасаблівай паэтычна-лірычнай цэзурай, што ўпрыгожыла вечарыну, стаўся выступ майстра мастацкага слова дыктара Беларускага радыё і тэлебачання, трывалага сябра журы Міжнароднага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» — Алега Вінярскага. Паэтычныя радкі Казіміра Сваяка прагучалі з яго вуснаў неяк асабліва пранікнёна, даверліва, «па-касцельнаму, з глыбінь душы».
Пытанне мастацкай ідэнтыфікацыі
Казімір Сваяк быў знаёмы з Пётрам Сергіевічам ды Язэпам Драздовічам. Спадарыня Ірына Багдановіч выявіла ў ЦНБ Беларусі некалькі лістоў паэта да Язэпа Драздовіча, які толькі-толькі выдаў сваю «Вялікую Шышку». Знак іх знаёмства істотны для гісторыі нацыянальнай культуры. Дазволю сабе цытату з аднаго з лістоў:
«Я вельмі цікаўлюся вашымі малюнкамі і рысункамі. Будзьце ласкавы зрабіць некалькі студый пяром ці як з прысланай разам з гэтым фатаграфіі аднаго бел.[арускага] тыпу (не народнага). Буду Вам вельмі падзячны, калі ў партрэце-шкіце ўложыце і сваёй крыху індывідуальнай памысловасці ў стылю беларускім. Сем картак Вам высылаю дзеля рысунку. Прышліце чым хутчэй. Магчыма, што закажу ў Вас яшчэ што. Абраз «Пагоні» я хацеў купіць, але па азначанай цане кнігар баяўся прадаць, бо танна. Гэта было месяц таму. Я на восень думаю аб выдавецтве вершаў. Буду Вас прасіць ілюстрацыі ў духу «Пагоні». Адсылаючы работу, напішыце, як Вам жывецца. Я вельмі Вам спагадаю, бо Вы мне ідэёвы сваяк», — пісаў пробашч з Засвіры ў Вільню.
Але «Мая ліра» засталася без ілюстрацый. Як і сам паэт — без партрэта пэндзля Драздовіча. Не варта выключаць, што партрэт мог быў напісаны па той жа фатаграфічнай картцы, пасля зыходу Стаповіча ў іншасвет. Тады ж мастак з гонарам адказаў: «Я партрэты па фатакартках не пішу!»
Ксяндзы-літаратары (злева направа): Янка Быліна (Янка Семашкевіч, 1883–1956), Адам Станкевіч (1892–1949), Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч, 1890–1926)
Па згадках брата, партрэт Казіміра Сваяка пісаў сябра «хаўрусу» — малады касцельны творца з Астравеччыны па мянушцы «Роміч» (Рамуальд Ракіцкі).
Да аскетызму сціпла
Мастацкая іканаграфія Казіміра Сваяка фактычна на пачатку ХХІ стагоддзя толькі нараджаецца: ёсць выявы паэта-святара, зробленыя Алесем Пушкіным, мастаком самавукам Стэфаніем Казлоўскім. Таму кампазіцыйны партрэт ксяндза-адраджэнца, выкананы сябрам суполкі «Пагоня» мастаком Алесем Цыркуновым — адным з апекуноў імпрэзы ў ТБМ, — абмінуць было б папросту недаравальна.
Дыхтоўна зроблены партрэт юнака з прасветлена-цнатлівым тварам у каталіцкай вопратцы — кіраўніка касцельнага хору і завадатара нелегальнай грамадска-моладзевай арганізацыі, маральнага і фізічнага дасканалення асобы, рупліўцы мовы і арганізатара беларускіх школак — калі не лепшы ў творчасці Алеся Цыркунова, дык шчыра і прафесійна перадае беларускую мастацкую нацыятворчасць.
Касцёл у мястэчку Засвір. Пачатак ХХ стагоддзя. Фота radzima.org
Душа і свядомасць прагнуць увасаблення класічнага мастацкага вобразу Сваяка: яснага, прамяністага і дакладна выверага, кшталту партрэту ксяндза Глякоўскага пэндзля Сергіевіча ў Літоўскім мастацкім музеі. Хоць бы таму, што ў грамадстве пачалася гаворка аб беатыфікацыі гэтай і іншых асобаў. Гэта вымагае супольнай і адкрытай працы ў пашыраных рамках — горада, краіны (арганізацыі майстар-класаў, правядзення конкурсаў, фестывалю, пленеру хрысціянскага мастацтва і г. д.).
Мяркуйце самі: Белы Касцёл (Найсвяцейшай Тройцы) Св. Роха больш за 10 гадоў ладзіць фестываль духоўнай музыкі «Залатагорская Ліра», Кафедральны касцёл Панны Марыі апякуецца Міжнародным фестывалем каталіцкай Духоўнай кінадакументалістыкі і тэлефільмаў «Magnificat», хочацца мець надзею, што трывалым месцам духоўнага прыстанішча для думных і нацыянальна спелых мастакоў, якія шануюць хрысціянскія каштоўнасці, стане касцёл Св. Алены і Сымона (Чырвоны).
Не ўсё, вядома, атрымалася, як планавалася. З-за абмежаванасці ў часе не ўсе запрошаныя і проста жадаючыя змаглі выступіць на вечарыне памяці Казіміра Сваяка. За што арганізатары шчыра прабачаюцца. Не змаглі прыехаць астравецкія рупліўцы паэта і святара, а таксама сваячка паэта Валянціна Сігізмундаўна Зіновіч. Хіба ўсцешыла, што вечарыну наведала моладзь з Клюшчанаў, якая вучыцца ў Мінску. Ды яшчэ застаецца ўпэўненасць, што гэтая сустрэча — не апошняя. Бо суродзічаў у паэта і святара Казіміра Сваяка — цэлая суверэнная Беларусь!