У Шклоўскім раёне католікі пачалі пошукі старажытнага абраза
Католікі прыходу ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці пачалі пошукі абраза Найсвяцейшай Багародзіцы Фашчаўскай.
Як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў пошуку Леанід Платоненка, старажытны абраз, першае згадванне пра які датуецца 1702 годам, быў згублены ў 1930-х гадах.
"Выява Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзілася ў галоўным алтары касцёла ў Фашчаўцы да ліквідацыі прыходу савецкай уладай. 9 чэрвеня 1937 года быў арыштаваны прыхадскі святар ксёндз Пётр
Януковіч і яшчэ некалькі актыўных вернікаў. Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, 13 чэрвеня 1937 года, падчас апошняга традыцыйнага паломніцтва ў Магілёў на свята святога Антонія, у якім удзельнічала
большасць вернікаў, невядомыя прадстаўнікі ўлады знялі выяву Багародзіцы з галоўнага алтара. З гэтага часу сляды цудатворнага абраза губляюцца", — сказаў Платоненка, адзначыўшы,
што ў канцы 1967 года быў разбураны і сам касцёл.
Ён таксама паведаміў, што ў 1883 годзе была выкананая копія фашчаўскай выявы для прыхадской царквы ў сяле Пустынь, якая ў той час знаходзілася ў Віцебскай губерні, а зараз на тэрыторыі Латвіі.
"Цяпер пошукам гэтай копіі абраза сумесна з намі займаюцца прадстаўнікі каталіцкага духавенства Латвіі", — сказаў вернік.
Леанід Платоненка адзначыў, што пошукі абраза ідуць вельмі складана. "У музейныя фонды якія толькі не звярталіся — мінскія, магілёўскія, ніякага выніку гэта не дало. Ніхто нічога
не ведае. А ў сувязі з тым, што ў праваахоўных органаў вельмі малы тэрмін захоўвання дакументаў пра ўсе здарэнні, то наогул магчыма, што матэрыялы па канфіскаваных рэліквіях і абразах Фашчаўскага
касцёла ў іх не захаваліся", — сказаў актывіст.
Ён адзначае важнасць святыні для адраджэння прыходу ў Фашчаўцы, які афіцыйна зарэгістраваны і абслугоўваецца ксяндзом, што прыязджае са Шклова. Паводле яго слоў, сёння ў вёсцы будуецца невялікая
капліца — перарабляецца былы калгасны будынак. У маі, магчыма, адбудзецца яе адкрыццё. "Можа быць, да таго часу з'явіцца копія абраза, якую цяпер піша мінская мастачка
Вольга Куваева", — гаворыць Платоненка. Ён адзначыў, што вернікі просяць дапамогі ў грамадскасці і спецыялістаў, якія маюць якую-небудзь інфармацыю пра зніклы ў 1930-х гадах
абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Фашчаўскай.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН