Новую кнігу Барыса Пятровіча «Пуціна» прэзентавалі ў Мінску

У мінскай галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя новай празаічнай кнігі Барыса Пятровіча «Пуціна». Сустрэча прайшла ў межах Марафону падтрымкі кнігарні «логвінаЎ», яе наведалі блізкія і сябры, калегі і паплечнікі аўтара, а таксама чытачы і прыхільнікі ягонай творчасці.



piatrovich_pucina.jpg

Празаік, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч у сваім прывітальным слове прызнаўся, што гэтая аўтарская вечарына — фактычна першая для літаратара, якая адбылася ў сталіцы. Актыўная грамадская, арганізатарская і рэдактарская дзейнасць, безумоўна, важныя, аднак, як зазначылі выступоўцы — сябры і калегі спадара Барыса — ён спершага творца, глыбокі, нетрывіяльны, проза якога патрабуе ўдумлівага, няспешнага чытання, пранікнення ў тэкст.

lit_bel.org__assets_images_2_0cfcda80b70d2a0dd42d6e7296d9d29b.jpeg

Барыс Пятровіч

У кнігу “Пуціна” ўвайшлі дзве аповесці, што былі напісаныя раней, аднак дапрацоўваліся цягам гадоў і ўпершыню, пад адной вокладкай, выйшлі нядаўна ў выдавецтве “Кнігазбор”.

 

lit_bel.org__assets_images_2_4c58ecc9bba582a7d5d00a7d40e0cd10.jpeg

 

«Стах» — між жыццём і смерцю

Празаічны трыпціх “Стах”, датамі напісання якога пазначаныя 2002—1995, быў апублікаваны ў пачатку 1990-х гадоў у часопісе “Полымя”, што ўзначальваў у той час Сяргей Законнікаў.

Некалькі дзесяцігоддзяў мы займаемся нацыя- і дзяржавастварэннем, а літаратура на дадзеным этапе, нягледзячы на тое, што яна з’яўляецца адным з найважнейшых чыннікаў нашага ўнутранага развіцця, знаходзіцца на ўзбочыне. У 1980-х гадах, пачатку 90-х быў усё ж такі літаратурны бум, і падчас свайго рэдактарства я стараўся публікаваць усё, вартае ўвагі, не баючыся ніякага цэнзуравання. Творы Барыса Пятровіча імпануюць мне тым, што ў іх за еўрапейскімі літаратурнымі прыёмамі і стылістычнымі пошукамі ёсць беларускае натуральнае чуццё, нашая спрадвечная чалавечая сутнасць, — падкрэсліў у сваім выступе Сяргей Іванавіч.

lit_bel.org__assets_images_2_3a15f0a08f173db93f2a1aee4d535e26.jpeg

Пытанні, закранутыя празаікам у творы "Стах", датычныя рэфармавання нацыянальнай свядомасці пасля 1994 года, шляхоў развіцця беларускай культуры (у прыватнасці, паступовае перамяшчэнне эстэтычных каштоўнасцяў з вёскі, адкуль чэрпалі нашыя пісьменнікі багацце народнай мовы, у горад, дзе яе носьбітамі становяцца, вывучаючы яе па кнігах і падручніках), — не страчваюць актуальнасці і цяпер, і, пакуль не ясна, на жаль ці на радасць, зазначае Барыс Пятровіч.

Але, акрамя вонкавага сюжэту, які апісвае грамадскія рэаліі пачатку 1990-х, вялікую ўвагу, па словах крытыка Леаніда Галубовіча, чытачам варта звярнуць на філасофскі падтэкст, на вобраз Стаха, галоўнага героя, падобнага да Сартраўскіх персанажаў экзістэнцыялізму.

lit_bel.org__assets_images_2_798daeeac3a9044432e00416b5d1e02f.jpeg

Барыс Пятровіч і Павал Касцюкевіч

Стах, прадчуваючы, што яму застаюцца лічаныя дні жыцця, заглыбляецца ўнутр сябе, каб знайсці адказы на быційныя, сутнасныя пытанні, і малюе карціну, імкнучыся выявіць на ёй высновы сваіх разважанняў. Эпіграф з “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры, адсылкі да колаў пекла, якія праходзяць чалавечыя душы, — усё гэта падштурхоўвае чытача да самарэфлексіі.        

Хрысціянскія матывы, канфуцыянства, будызм — вельмі розныя канцэпты ўзаемадзейнічаюць у аснове трыпціха “Стах”. Аўтар распавёў, што многае ў творы з’яўляецца мастацкай выдумкай, і, магчыма, гэта было нязвыкла для прыхільнікаў рэалістычнай літаратуры, асабліва ў часы 1990-х, калі адна з частак аповесці была апублікаваная ў перыёдыцы ўпершыню.

lit_bel.org__assets_images_2_974afdf6f43ccb6313a28acdc187faae.jpeg

Цягам прэзентацыі Барыс Пятровіч зачытваў фрагменты з аповесцяў, расказваў пра гісторыю іх напісання і пра тое, што з'яўляецца фантасмагарычным, а што ўзятае з рэальнасці.

Андрэй Федарэнка, вядомы арыентаванасцю збольшага на рэалізм ва ўласнай манеры пісьма, выступіў са сваім бачаннем творчасці спадара Барыса, асабліва адзначыўшы яго і як празаіка, і як літаратурнага рэдактара.

lit_bel.org__assets_images_2_4bbe28d2257df847b99305a6b862bba4.jpeg

Андрэй Федарэнка

«Пуціна» — блізкае бачыцца на адлегласці

lit_bel.org__assets_images_2_53b705f82080ef63cb19204fcf56a5c3.jpeg

Злева направа зверху ўніз: Сяргей Законнікаў, Леанід Галубовіч, Людміла Рублеўская, Сяргей Дубавец, Алесь Сачанка, Алесь Пашкевіч.

Успамінамі пра Івана Шамякіна і Барыса Сачанку падзяліўся з публікай родны дзядзька пісьменніка Алесь Сачанка. Выказаўся спадар Алесь і пра аповесць "Пуціна" (час напісання пазначаны 2003 годам), зачытаўшы фрагмент з яе, і адзначыў, што месца дзеяння — Сахалін — абранае аўтарам не выпадкова, бо галоўнае ў жыцці, як кажуць, бачнае на адлегласці, і праз кантэкст Сахаліна высвечваецца Беларусь.

Гэтыя дзве аповесці абсалютна розныя — у першай бачыцца цяжкая пісьменніцкая праца, другая — лёгкая, натхнёная, месцамі чытаецца, як паэма. Часам нават здаецца, што іх пісалі два розныя аўтары. Але аб’ядноўвае іх трывожнасць, якая прысутнічае практычна ва ўсіх творах. Некалі даўно мне падавалася, што гэтае пачуццё, можа, ёсць эмацыйным перабольшаннем, уласцівым чуйнаму характару пісьменніка, — распавядае Сяргей Дубавец.

Аднак за мінулы год у нашым жыцці ўсё памянялася. Зараз мы кожны дзень чуем слова “вайна”, сталі сутыкацца з тым, што людзі дапускаюць магчымасць вайны, якая робіцца настолькі блізкай і верагоднай, прычым на масавым узроўні, калі ўжо не казаць пра прапаганду з экранаў тэлевізараў. Цяпер далёкая нота трывожнасці, якая прысутнічае ледзь не ў кожнай фразе Барыса, набывае актуальнасць настолькі вострую, што сумненні ў яе мэтазгоднасці адпадаюць. Трывожнасць накладаецца на сённяшні дзень. Месца літаратуры ў жыцці, адказнасць пісьменніка перад грамадствам становяцца рэаліямі часу, і асоба Барыса Пятровіча непасрэдна асацыюецца з гэтымі рэаліямі, — рэзюмаваў спадар Дубавец.   

Пісьменніца, літаратурны крытык Людміла Рублеўская адзначыла, што ў прозе Барыса Пятровіча паказваецца шлях самаўсведамлення чалавека, ідучы па якім, герой праходзіць праз рай, чысцец і пекла. Творы пісьменніка, па словах пані Людмілы, дэманструюць высокі ўзровень мастацкай прозы, трапляючы ў які, актуаліі набываюць агульначалавечае значэнне. А значыць, кніга "Пуціна" застанецца і праз 10, і праз 20, і праз 100 гадоў. 

lit_bel.org__assets_images_2_3e5123f6cb153bea3e5174aec0079368.jpeg

Уверсе, злева направа: Сяргей Шапран, Міхась Скобла, Юрась Нераток; унізе, у цэнтры: Віктар Шніп

Павіншаваў спадара Барыса з выхадам зборніка пісьменнік, літаратуразнавец, першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч.

lit_bel.org__assets_images_2_f95769b9ad4015fba1d69877f8a8bcb5.jpeg

Усевалад Сцебурака і Алесь Пашкевіч

Аўтар і выканаўца ўласных песень Алесь Камоцкі забяспечыў музычную частку імпрэзы.

lit_bel.org__assets_images_2_6cacbd98a499a738aff626f349bbcea3.jpeg

Выступае Алесь Камоцкі

lit_bel.org__assets_images_2_e148a483613646b6b0343ec5379ef5fa.jpeg

Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй.   

Тэкст: Віка Трэнас, фота: Алена Казлова, для lit-bel.org