Запрашаем на прэзентацыю кнігі Міколы Волкава “Артылерыя Нясвіжскага замка”

18 сакавіка ў інфармацыйна-выставачнай зале Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыі кнігі Міколы Волкава “Артылерыя Нясвіжскага замка”.



prezientacyja_afic_cmyk_a4_1_.jpg

Артылерыя старажытнага Нясвіжа — унікальная з’ява гісторыі ўзбраення і ліцейнага мастацтва не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы. Гарматы, выкананыя ў канцы XVI — пачатку XVII ст. па замове магната Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, былі не толькі дасканалай зброяй свайго часу, але на доўгія стагоддзі сталі ўзорам выбітнага дэкаратыўнага аздаблення.

Беларускі гісторык Мікола Волкаў удала спалучыў у сваёй кнізе аналіз тэхнічных і баявых характарыстык  нясвіжскай артылерыі з расповедам пра прымяненне гармат у абароне радзівілаўскай фартэцыі і іх значэнне для магутнага магнацкага роду.

Новая гістарычная кніга будзе цікавая не толькі спецыялістам-зброязнаўцам, але і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй дэкаратыўнага мастацтва. Выданне багата ілюстравана ўнікальнымі гравюрамі, старажытнымі замалёўкамі і сучаснымі фатаграфіямі, большасць з якіх друкуецца ўпершыню.

vokladka_front_1.jpg

На прэзентацыі вы даведаецеся, хто такі Мольцфельт, чаму радзівілаўскія гарматы маюць такія дзіўныя назвы — “Хімера”, “Папугай”, “Саламандра” і інш., чым адрозніваецца бамбарда ад фальканэта і шмат іншага.  Мікола Волкаў распавядзе таксама, як склаўся пакручасты лёс знакамітых радзівілаўскіх гармат у XIX—XX стагоддзях.

Прэзентацыя адбудзецца 18 сакавіка а 15-ай гадзіне. Адрас ЦНБ імя Я. Коласа: г. Мінск, вул. Сурганава, 15.

img_0863.jpg

Мікола Волкаў — беларускі гісторык маладой генерацыі. Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ. Паспяхова скончыў магістарскія праграмы “Ахова і інтэрпрэтацыя гісторыка-культурнай спадчыны” ў ЕГУ і “Мастацтвазнаўства” ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Зараз працуе малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, дзе рыхтуе кандыдацкую дысертацыю. За час актыўнай навуковай дзейнасці прайшоў даследчыя стажыроўкі ў Універсітэце Марціна Лютэра ў Хале (Германія), Варшаўскім універсітэце (Польшча), Вольным універсітэце Берліна (Германія), Вільнюскім універсітэце (Літва).

Асноўная сфера навуковых інтарэсаў — гісторыя фартыфікацый, артылерыі, ваеннай справы, архітэктуры і горадабудаўніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд ранняга Новага часу. Аўтар шматлікіх публікацый у навуковых выданнях Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны.

З асобнымі раздзеламі і зместам выдання можна азнаёміцца на сайце ISSUU

Набыць кнігу можна ў менскіх кнігарнях “Акадэмкніга”, “Логвінаў”, “Кніжны салон”, кніжных кірмашах на Янкі Купалы і ў КЗ “Мінск, інтэрнэт-крамах www.knihi.by, www.kniger.by, www.imbryk.by.