Выстава да юбілею Францішка Багушэвіча адкрылася ў Прэзідэнцкай бібліятэцы

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь распачала працу выстава “Францішак Багушэвіч. Адвакацкая і пісьменніцкая дзейнасць”. Экспазіцыя прымеркавана да 175-годдзя з дня нараджэння грамадскага дзеяча, паэта, празаіка, публіцыста Францішка Бенядзікта Багушэвіча (1840–1900).



На выставе размешчаны матэрыялы, якія распавядаюць пра жыццёвы і творчы шлях вядомай асобы. Ф. Багушэвіч скончыў Віленскую гімназію, Нежынскі юрыдычны ліцэй. Працаваў судовым следчым у гарадах Расіі і Украіны. У 1884 г. пераехаў у Вільню, дзе быў адвакатам пры акруговым судзе. Браўся за самыя складаныя і цяжкія справы. Захаваліся звесткі аб яго дабрачыннай адвакацкай дзейнасці, калі Ф. Багушэвіч абараняў сялян у судзе бясплатна.

У 1891 г. выйшаў першы зборнік паэзіі Ф. Багушэвіча “Дудка беларуская” (Кракаў) пад псеўданімам Мацей Бурачок. Пры жыцці аўтара ўбачылі свет апавяданне “Тралялёначка” (Кракаў, 1892) і вершаваны зборнік “Смык беларускі” (Познань, 1894). Творы друкаваліся пад псеўданімамі Сымон Рэўка з-пад Барысава, Demos, Ten, Tamten і інш. Творчая спадчына Ф. Багушэвіча яркай старонкай увайшла ў класіку беларускай літаратуры.

Сярод прадстаўленых на выставе матэрыялаў ёсць прыжыццёвае выданне Ф. Багушэвіча “Дудка беларуская” (Кракаў, 1896), перавыданні твораў пісьменніка ў ХХ ст. Працы С. Александровіча, Г. Кісялёва, А. Мальдзіса, У. Содаля, К. Цвіркі і другіх вядомых літаратуразнаўцаў і даследчыкаў даюць магчымасць больш поўна зразумець адметнасць Францішка Багушэвіча як асобы і творцы для свайго часу і асэнсаваць значэнне яго спадчыны для будучых пакаленняў.

Святлана Паўлавіцкая, супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь