Сужэнцаў-журналістаў пакаралі паводле «народнага артыкула»

Сняжану Інанец і Аляксандра Лычаўку пакаралі «хатняй хіміяй» паводле 342 «народнага артыкула»  Крымінальнага кодэкса, паведамляе БАЖ.

inanec.jpg

Суд Першамайскага раёна Мінска 13 студзеня агучыў фінальны вердыкт у дачыненні да журналістаў Сняжаны Інанец і Аляксандра Лычаўкі. Абодвум прысудзілі абмежаванне волі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Да таго яны больш за тры месяцы правялі за кратамі ў СІЗА.  

Згодна з рашэннем суда, Сняжана Інанец мусіць адбыць 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»), Аляксандр Лычаўка — 3 гады паводле аналагічнай санкцыі. Такія ж тэрміны пакарання патрабаваў бок дзяржаўнага абвінавачання.

Пасля абвяшчэння судовага рашэння мужа і жонку вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Дакладнасць інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў пацвердзілі іх калегі.

Таксама суразмоўцы службы маніторыгу БАЖ дадалі, што прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў вышэйшай інстанцыі. Да таго часу асуджаныя будуць абмежаваны падпіскамі аб нявыездзе.

Сувязь з Аляксандрам Лычаўкам і Сняжанай Інанец знікла 6 кастрычніка 2022 года. А ўжо на наступны дзень у адным з тэлеграм-каналаў, блізкім да ГУБАЗіК (падраздзяленне МУС практычна цалкам сканцэнтравалася на барацьбе з іншадумствам) з’явілася «пакаяльнае відэа».

У кадры муж і жонка вымушана «прызнаваліся», што былі падпісаны на «дэструктыўныя каналы», а таксама ў жніўні 2020-га ўдзельнічалі ў некалькіх акцыях пратэсту.

Пасля гэтага абодва апынуліся ў сталічным СІЗА №1 паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў ці арганізацый пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»).

Санкцыя артыкула прадугледжвае арышт альбо абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў — як урэшце палічыць суддзя. Крымінальны артыкул нефармальна ўжо атрымаў назву «народнага», паколькі на яго падставе прыцягнуты да адказнасці (і працягваюць затрымлівацца) шматлікія апаненты цяперашніх беларускіх улад.

Праваабарончая супольнасць прызнала зняволеных мужа і жонку палітычнымі вязнямі. У няволі журналісты дэманстравалі прыклад зайздроснай вытрымкі, а адзін з лістападаўскіх лістоў Сняжаны Інанец пра «Пішчалаўскі замак» стаў крыніцай шырокага цытавання ў незалежных медыях.  

«Шмат чытаю. Ходзім на прагулкі, стараемся дыхаць восенню. Ну і сам па сабе старажытны замак ХІХ стагоддзя — тая яшчэ дзеючая асоба. Гэта наогул дастаткова незвычайна — жыць у замку. Яшчэ і разам з мужам. Наступны раз буду фармуляваць жаданні больш асцярожна», — тонка паіранізавала аўтарка.

Да арышту Аляксандр Лычаўка супрацоўнічаў з выданнем «The Village», спецыялізаваўся на краязнаўчай журналістыцы. Сняжана Інанец раней была ў камандзе інфармацыйнага партала «Tut.by», а пасля яго разгрому ўладамі працавала ў рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсу «Onliner».

Паводле прэс-службы БАЖ