
Уручэнне прэміі адбылося ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскага ў Вільні 11 студзеня.
У намінацыі «Праваабаронца года» перамагла Наста Лойка, якая зараз знаходзіцца за кратамі. «Праваабарончай ініцыятывай года» празнаны Міжнародны камітэт па расследванні катаванняў у Беларусі.
А ў намінацыі «Журналіст 2022 года» пераможцай стала рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб.
Намінацыю «Журналіст/ка года» вылучаецца журналіст/ка альбо блогер/ка, які/якая цягам мінулага года найбольш актыўна і яскрава асвятляў/ла пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, ТВ- ці радыёпраграмы мелі найвялікшы грамадскі рэзананс альбо ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека і фундаметальных свабод у краіне.
Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аксана Колб была затрыманая 20 красавіка 2022 года.Ёй прад'явілі абвінавачанне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 15 чэрвеня спадарыню Аксану асудзілі на 2,5 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Журналістка 29 ліпеня пакінула Беларусь.
Ад імя Аксаны Колб узнагароду атрымала праваабронца і кіраўніца «Радаславы» Вольга Гарбунова. Яна зачытала зачытала прывітальнае слова рэдактаркі НЧ:
«Гэта вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду ды яшчэ ў такія часы! І безумоўна гэта не мая ўзнагарода, а ўсёй нашай каманды Новага Часу, у тым ліку тых, хто зараз за кратамі Дзяніса Івашына і Мікалая Дзядка. І гэта ўзнагарода іншых калег, што сёння за кратамі. І тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Радзімы, і асабліва тых, хто дасюль працуе ў Беларусі.
Свабоода слова гэта базавае права. Такое ж як права на жыццё. Бо без свабоды слова кожны бздураваты дыктатар паверыць, што мае права на жыцці людзей. Без свабоды слова чалавек не можа адчуваць сябе вольным. І менавіта таму ў нашай краіне журналістаў спрабуюць прымусіць замаўчаць. Але свабоду слова не магчыма закратаваць і забіць!»