Праваабаронца: палітычны пераслед — злачынства супраць чалавечнасці нават згодна з беларускім законам

«Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя», — кажа юрыст «Вясны» Павел Сапелка пра суд над калегамі. Тэрміны даўнасці на такія злачынствы супраць чалавечнасці не распаўсюджваюцца.

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo_2.jpg

У судзе Ленінскага раёна Мінска з 5 студзеня ідзе суд па «справе Вясны», фігурантамі якой выступаюць старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, а таксама Дзмітрый Салаўёў, які быў вымушаны пакінуць Беларусь, — яго судзяць завочна.

Чатырох праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — яны не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, які ім ставіцца ў віну.

Справу разглядае сумна вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Праваабаронцы абмеркавалі гэты працэс з калегам — юрыстам «Вясны» Паўлам Сапелкам.

— Сёння, 12 студзеня, па «справе Вясны» праходзіць ужо пятае пасяджэнне. Якія ў вас склаліся ўражанні пра суд?

— Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя, аднак захоўванне бачнасці працэдуры правасуддзя не азначае правасуддзя. Той факт, што гэтая расправа адбываецца ў судовай зале і выконваецца чалавекам у мантыі, ацэнак не змяняе. Следства прайшло на працягу 14 месяцаў паводле зусім іншага абвінавачвання, менавіта ў сувязі з ранейшым абвінавачваннем, якое ўрэшце правалілася, але дазволіла больш за год адвольна пратрымаць праваабаронцаў у турме, былі дапытаныя сведкі. Цяпер гэтымі паказаннямі спрабуюць падтрымаць новы абсурд, спехам выкладзены абвінавачваннем у судзе. Гэтая мешаніна з фактаў, здагадак і дапушчэнняў можа быць прынята толькі тым судом, якога не хвалюе ані сутнасць працэсу правасуддзя, ані хаця б фармальныя патрабаванні, якія выстаўляюцца да гэтага працэсу.

— Суддзя Марына Запаснік не задаволіла на працэсе ніводнага хадайніцтва праваабаронцаў. Як вы гэта расцэньваеце?

— Ацэньваючы працэс з пункту гледжання выканання працэсуальных гарантый, трэба звярнуцца да міжнародных абавязальніцтваў Беларусі. Мабыць, гэта трохі нудна, але ўсё ж. У адпаведнасці з падпісаным, ратыфікаваным, а значыць — абавязковым для Беларусі і яе ўлад, у тым ліку судовых — Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (Пакт), «усе асобы надзяляюцца правам на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона»; права на роўнасць перад судамі і трыбуналамі ў агульным сэнсе гарантуе права роўнага доступу і роўнасці спаборных магчымасцяў і забяспечвае, каб абыходжанне з бакамі ў такіх разглядах было свабодным ад любой дыскрымінацыі.

Абыходжанне з бакамі — гэта пра бок абвінавачвання, які прадстаўляе пракурорскі супрацоўнік, і бок абароны — абвінавачаных і іх абаронцаў. І вось першы дзень судовага пасяджэння і першыя бачныя вынікі: бок абвінавачвання ўдзельнічае ў працэсе, які вядзецца на яго роднай мове, сядзіць за сталом, з пісьмовымі прыладамі, без кайданкоў.

Бок абароны ў асобе абвінавачаных удзельнічае ў працэсе, які вядзецца на замежнай мове, сядзіць у клетцы, у кайданках, без пісьмовых прыладаў (стрыжань аўтаручкі, напэўна, не лічыцца), не ў поўным аб'ёме азнаёмленыя з матэрыяламі справы.

Чаму не задаволеныя зразумелыя і аб'ектыўна важныя для інтарэсаў абвінавачаных хадайніцтвы? Хутчэй за ўсё, таму што суд непасрэдна зацікаўлены ў стварэнні непрымальных умоў для боку абароны. Ну ці таму, што ў суда адсутнічае разуменне важнасці працэсуальных правоў (і суд не дае магчымасці даазнаёміцца са справай), абсалютнага характару забароны жорсткага абыходжання і знявагі чалавечай годнасці (і людзі ў клетцы, што ўжо недапушчальна, пакутуюць ад наяўнасці на іх кайданкоў).

Адначасова суддзя дэманструе элементарную непісьменнасць і няведанне нарматыўных актаў і пакідае клопат пра парадак у зале суда на канвой.

Хоць мне бліжэйшы пункт гледжання, паводле якога суддзя так робіць, таму што, з'яўляючыся паслухмяным вінцікам рэпрэсіўнай сістэмы, залежным ад органаў выканаўчай улады, выконвае яе ўсталёўкі — бязлітасна чыніць расправу над любымі формамі пратэсту супраць таталітарнай улады і іншадумства.

А тым часам патрабаванне, якое датычыць кампетэнтнасці, незалежнасці і непрадузятасці суда, з'яўляецца абсалютным правам, якое не падлягае ніякім выключэнням. Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) адзначаў, што «сітуацыя, пры якой функцыі і кампетэнцыя судовых органаў і органаў выканаўчай улады выразна не размежаваныя ці калі апошнія аказваюцца ў стане кантраляваць ці накіроўваць дзейнасць першых, не сумяшчальная з паняццем незалежнага суда».

— Як вы пракаментуеце абвінавачванні вясноўцам і працэс даказвання іх віны на судзе?

Трошкі пра працэс даказвання ўжо сказаў на пачатку, а вось што напісана пра бяздумнае абвяшчэнне паказанняў сведак у іх адсутнасць у Пакце: «гарантуецца права абвінавачаных у крымінальным злачынстве асоб дапытваць сведкаў, якія паказваюць супраць іх».

КПЧ адзначае, што ў якасці варыянту ўжывання прынцыпу роўнасці спаборных магчымасцяў дадзеная гарантыя мае важнае значэнне для забеспячэння эфектыўнай абароны абвінавачанымі і іх абаронцамі, і тым самым абвінавачаным гарантуюцца тыя ж самыя юрыдычныя паўнамоцтвы патрабаваць прысутнасці сведак і дапытваць, ці ладзіць скрыжаваны допыт любых сведак, якія мае абвінавачванне. Іншага спосабу, як дапытаць іх у судзе, у абвінавачаных няма: пра змест паказанняў сведак яны дазнаюцца толькі па завяршэнні папярэдняга расследавання.

— Якія ў вас чаканні ад выніку суда?

— Я паўтаруся, што сапраўды не чакаю ад суда справядлівага прысуду, уся гэтая пастаноўка скончыцца больш ці менш жорсткім прысудам. Аднак кожны павінен памятаць: пераслед паводле палітычных матываў у цяперашніх маштабах і формах з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці нават згодна з беларускім законам, на якія не распаўсюджваюцца тэрміны даўнасці.

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу