Хронікі рэпрэсій. Затрыманне чарговага адваката, «пасадкі» за каментары пра Лукашэнку

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 9 лютага.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

У Мінску затрыманы чарговы адвакат — Максім Агееў. Прычыны затрымання і месца знаходжання адаката пакуль невядомыя. Вядома, што Максім абараняў некаторых палітвязняў.

Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд 36-гадоваму Алегу Юшкевічу, якому інкрымінаваныя публічныя абразы Лукашэнкі (ч.1 арт. 368), суддзі (арт. 391) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк.

Па матэрыялах следства, абвінавачаны ў чатах Telegram-каналаў, прызнаных судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, апублікаваў 17 каментароў абразлівага характару з нецэнзурнай лаянкай на адрас суддзі, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых прадстаўнікоў улады, а таксама Лукашэнкі.

Суд прызначыў Юшкевічу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады са штрафам у памеры 200 базавых велічынь (7,4 тыс. рублёў).

У Мінскім абласным судзе за каментары па «справе Зельцэра» асудзілі палітзняволеную Кацярыну Хулхачыеву паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК. Суддзя Ірына Майко прызначыла Кацярыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі і штраф 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Тэрмін знаходжання пад вартай цалкам пакрыў тэрмін прысуд. Кацярыну выпусцілі на волю ў зале суда.

Летась напрыканцы студзеня дзяўчыну завочна адлічылі з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэту. Кацярына мае маленькага сына.

У Гомельскім абласным судзе быў вынесены ў закрытым рэжыме прысуд Мікіту Карпенку. Юнака абвінавацілі паводле ч.1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Хлышчанкоў.

Акрамя таго падчас следства Мікіту выстаўлялі яшчэ адно абвінавачванне — паводле артыкула 369 (абраза прадстаўніка ўлады) за тое, што ён напісаў каментар «Гэта вам не дапаможа» пад матэрыялам у «Моцных навінах» пра тое, як супрацоўнік АМАПу выратаваў дзяўчынку. Пасля Мікіта выбачыўся перад сілавіком і той не патрабаваў маральную шкоду, і, нават, забраў заяву.

Суд прызнаў Мікіту вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады калоніі, а таксама пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон і ноўтбук хлопца.

У судзе Дзяржынскага раёну асудзілі палітзняволенага Юрыя Джэнжэру паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і палрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) КК. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Юрыю два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тэыпу («хатняй хіміі»).

Яго абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе перакрываў рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта ішоў па дарозе падчас акцыі пратэсту. Падчас пасяджэння Юрый не пагадзіўся з прад’яўленымі яму абвінавачваннямі.

Мяркуючы па відэа, якое апублікавалі сілавікі, доказамі «блакіроўкі дарог» сталі «сторысы» ў Instagram — на іх людзі ідуць па дарозе. Яны былі ў архіве профіля і знайшлі іх супрацоўнікі, хутчэй за ўсё, пасля «вывучэння» тэлефона мужчыны.

Юрый прафесійна займаецца міні-футболам. Спартовы досвед больш за 20 гадоў. Раней граў за клуб «Лівадыя».

Гродзенскі прадпрымальнік Антон Янкоўскі — на волі. Антон — стваральнік студыі настольных гульняў А4 і ўласнік крамы «Кубік» у Гродне, папулярызатар беларускай традыцыйнай культуры. Ягоная каманда стварыла гульню «Паўстанцы» і «Мова».

Янкоўскі быў затрыманы 25 студзеня — на відэа сілавікоў ён казаў, што быў затрыманы за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльнай сетцы».

У судзе Дрыбінскага раёну асудзілі Уладзіслава Мазурава і Іллю Кавалёва паводле арт. 370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі) КК. Суддзя Людміла Новікава прызначыла Уладзіславу і Іллю па тры месяцы арышту кожнаму.

Іх абвінавацілі ў тым, што 27 кастрычніка 2022 года яны сарвалі чырвона-зялёны сцяг, які вісеў на будынку Цемналесскага сельскага клуба. Пры гэтым яны зламалі дрэўка. Затым хлопцы зладзілі фатасесію са сцягам.

Пра хлопцаў вядома няшмат. Ілля Кавалёў — грамадзянін іншай краіны. Пра Мазурава вядома, што ён мясцовы жыхар ўзростам 22 гады.

Па даносе правакатара з чат-рулеткі затрымалі праграміста Дзмітрыя Ліцвіненку. На прымусовым відэа 34-гадовы хлопец кажа, што ў размове з правакатарам Ігарам Канюшыкам негатыўна выказваўся пра грамадзян Расіі — за гэта і быў затрыманы.

У судзе Ляхавічаў і Ляхавіцкага раёна вынесены прысуд мясцоваму жыхару Сяргею Аўдзееву. Суддзя Наталля Буднік прызнала яго вінаватым паводле арт. 368 КК і агучыла вырак: прымусовае лячэнне ў стацыянары.

Абвінавачанне было ўпэўненая, што цягам 2020-2021 гадоў Аўдзееў пакідаў у сацсетках каментары, якія абражалі Лукашэнку. Яно палічыла каментары «грамадска небяспечнай дзеяй». Судовая псіхіятрычная экспертыза выявіла, што мужчына пакутуе на псіхічнае захворванне, праз якое не мог разумець характар і грамадскую «небяспеку» сваіх дзеянняў.

Цалкам адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю жлобінскія палітвязні — Яўген Дамарацкі і Дзмітрый Новік. Хлопцы былі асуджаныя па ч.1 арт. 342 і 364 КК РБ да двух гадоў пазбаўлення волі.

Яўгена і Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што яны вечарам і ўначы на 10 жніўня 2020 году прымалі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак, перашкаджалі працы грамадскага транспарту, выходзілі на праезную частку, стаялі ў счэпцы. Таксама яны нібыта аказвалі актыўны супраціў супрацоўнікам МУС, кідалі ў іх бок камяні і бутэлькі, наносілі ўдары па экіпіроўцы.

Таксама выйшаў на волю палітвязень Іван Андрушойць. Іван — фігурант «справы ўзлому кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама», які знаходзіцца за кратамі ўжо 26 месяцаў. Яго абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Згодна з матэрыяламі справы, «абвінавачаныя з дапамогай шкоднаснага ПЗ атрымалі доступ да кампутарных сістэм КУП «ЦІТ Мінгарвыканкама» і ГУУС Мінгарвыканкама, што пацягнула за сабой парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржорганаў, а таксама гэтыя асобы скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў і ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю». У судзе Заводскага раёна Мінска 28 студзеня 2022 яму агучылі прысуд — 3,5 гады калоніі. Па выніках апеляцыі палітвязню змянілі прысуд — скарацілі да трох гадоў.

У траўні 2022 года Івана этапавалі ў бабруйскую калонію № 2, адміністрацыя якой змясціла Івана ў ПКТ да заканчэння тэрміну. 9 лютага палітвязень выйшаў на волю, адбыўшы ў зняволенні 2 гады, 2 месяцы і 4 дні.