Камісія па вяртанні цяпер сама пачала хадзіць па сваяках «збеглых» і шукаць ахвяр?
Відаць, так і не дачакаўшыся масавага энтузіязму ахвочых вярнуцца ў Беларусь, улады вырашылі самі шукаць сабе кліентаў — пачалі абыходзіць кватэры сваякоў тых актывістаў, пра ад’езд якіх і так ведаюць.

Барыс Анікееў. Фота «Позірк»
Да сваякоў гомельскага актывіста Барыса Анікеева, які знаходзіцца за мяжой, прыходзілі з «камісіі па вяртанні ўцекачоў».
«Да сваякоў прыйшлі дзве жанчыны, паказалі бэджы, дзе было напісана, што яны чальцы камісіі па вяртанні ўцекачоў пры аблвыканкаме», — паведаміў выданню «Позірк» Барыс Анікееў.
Жанчыны з «камісіі па вяртанні ўцекачоў», паводле слоў актывіста, запытваліся, колькі Барыс знаходзіцца за мяжой, але паводзілі сябе культурна. Пасля заявілі: «Для вашага брата абвешчана амністыя. Ён можа спакойна вяртацца, яму нічога не пагражае. Трэба, каб ён вярнуўся, каб даў прыклад».

Пры гэтым жанчыны не змаглі патлумачыць, якая амністыя была абвешчана, паколькі Анікееў па палітычных справах асуджаны не быў.
Нагадаем, учора, 8 лютага, у Генпракуратуры зрабілі справаздачу, што людзі пачалі актыўна цікавіцца магчымасцю вярнуцца, але здолелі паведаміць толькі пра адзін зварот у «камісію па вяртанні». Пазней высветлілася, што нават ён аказаўся несапраўдным.
