Ілля Салей: Факт стварэння камісіі па вяртанні «збеглых» сведчыць пра палітычны характар іх пераследу
Як чалавек, што выехаў з краіны, таму што баяўся за сваю бяспеку, можа быць упэўнены ў тым, што яго не арыштуюць па вяртанні дадому?
Юрыст Ілля Салей пракаментаваў стварэнне камісіі, якая будзе вырашаць, каму можна вярнуцца ў Беларусь, а каму не, піша тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
— Нават калі не казаць пра законнасць самога механізму і рэпутацыю чальцоў створанай камісіі, на паверхні ляжыць адно самае галоўнае пытанне: як чалавек, які выехаў з краіны з-за боязі за сваю бяспеку, можа быць упэўнены ў тым, што яго не арыштуюць па вяртанні дадому на іншых надуманых падставах?
Верагодна, улады прадбачылі гэта пытанне, таму імі прапануецца гарантыя таго, што любыя працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да «збеглых» могуць быць здзейснены выключна са згоды генеральнага пракурора.
Тады наступнае пытанне: наколькі складана будзе атрымаць такую згоду? Мяркую, адказ на гэтае пытанне таксама на паверхні.
Ну і галоўнае: на мой погляд, відавочна, што сам факт стварэння такой камісіі гаворыць не пра што іншае, як пра палітычны характар пераследу тых, хто выехаў з краіны, і пра тое, што дома вельмі не хапае ініцыятыўных, разумных і таленавітых беларусаў, якім давялося з'ехаць.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», беларускі кіраўнік падпісаў указ дзяля вяртання «збеглых». Нават створана адмысловая камісія для «падтрымання грамадзянскай згоды, забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян».
У яе маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці і асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».
Адпаведныя звароты на рускай або беларускай мове могуць быць накіраваны грамадзянамі да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з далучэннем неабходных дакументаў. Ліст мусіць утрымліваць: найменне камісіі, прозвішча, імя таго, хто звярнуўся, адрас жыхарства (месца знаходжання), дату апошняга выезду за межы Беларусі, а таксама звесткі пра апошняе месца працы (вучобы) у Беларусі. Акрамя таго ў звароце неабходна выкласці ўсю інфармацыю адносна «прычын, па якіх грамадзянін пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, абставін, у сувязі з якімі яго могуць прыцягнуць да адказнасці».