«Збеглыя, вяртайцеся!» Але не ўсе, не заўсёды, і без гарантый

На сайце Генпракуратуры апублікаваная інструкцыя для «збеглых», — што ім трэба зрабіць, каб вярнуцца на радзіму. Але «збеглыя» пра гэта не даведаюцца — гэтая інструкцыя, як і ўвесь сайт пракуратуры з-за мяжы не адчыняюцца. Правакацыя, ці адчуваецца ад'езд айцішнікаў?

_julija_juhno___sud___ekanamiczny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1_logo.jpg

Каб ліквідаваць гэтую памылку Генпракуратуры, раскажам, чаго патрабуе камісія ад «збеглых». Спойлер — як і прадбачылася, трэба напісаць на сябе данос.

Такім чынам, у паўнамоцтвы камісіі ўваходзіць разгляд зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой і жадаюць вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь, але:

  • здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы, звязаныя са значнымі грамадска-палітычнымі падзеямі ў краіне;
  • асцерагаюцца вяртання ў Рэспубліку Беларусь у сувязі з магчымым дачыненнем да здзяйснення такіх правапарушэнняў.

Спачатку добрае: Генпракуратура вызначыла падзеі 2020-га як «значныя грамадска-палітычныя падзеі». Такім чынам, ускосна яна прызнала, што гэта былі не «масавыя беспарадкі», і таму арыштаваныя за гэтыя падзеі ўсё ж сапраўды з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

У той жа час зразумела, што далёкаму ад юрыспрудэнцыі чалавеку цяжка вызначыць, здзейсніў ён правапарушэнні і злачынствы, альбо не. Гэта з пераходам вуліцы на чырвонае святло ўсё зразумела — адміністрацыйнае правапарушэнне. А ўдзел у мірных мітынгах і шэсцях? Улада лічыць гэта за злачынства, хаця свабода збораў і сходаў — гэта не толькі права, зафіксаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, але і права грамадзян, вызначанае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая ёсць Асноўным законам. Як у гэтым выпадку: кіравацца Канстытуцыяй, альбо «не да законамі»?

Цікавае азначэнне, што многія асцерагаюцца вяртацца ў РБ «у сувязі з магчымым дачыненнем да здзяйснення правапарушэнняў». То-бок, насамрэч віна чалавека не вызначаная і не даказаная. Аднак яму прапануецца падаць у камісію зварот.


Але зварот можна падаць не проста так.

«З моманту ўступлення ўказа ў сілу падаць звароты можна да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай (220030, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 22) або электроннай форме (mail@komissia-dom.by)», — гаворыцца ў інструкцыі.

Як чалавек, які жыве за межамі краіны, і асцерагаецца ў яе прыехаць, можа асабіста завітаць на вуліцу Інтэрнацыянальную ў Мінску — гэта загадка. Але спішам яе на фармальны бюракратызм. Больш цікава, што камісія не працуе стала. Як бачна, яе паўнамоцтвы заканчваюцца 31 снежня гэтага году. То-бок, гэта такая «сітуацыйная» кантора, якая сёння ёсць — заўтра няма. А можа быць, і сёння няма, «да ўступлення ўказа ў сілу».

Але далей. Звароты павінны быць выкладзены на рускай або беларускай (ого!) мове і ўтрымліваць:

— Найменне камісіі; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца) грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання), дату апошняга выезду за межы Рэспублікі Беларусь, а таксама звесткі аб апошнім месцы працы (вучобы) у Рэспубліцы Беларусь;

— сутнасці звароту з адлюстраваннем інфармацыі: аб прычынах, па якіх грамадзянін пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь; аб абставінах, у сувязі з якімі, як мяркуе грамадзянін, яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай і (або) крымінальнай адказнасці; аб жаданні вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і гатоўнасці пасля вяртання выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі Рэспублікі Беларусь, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.

— пры здзяйсненні правапарушэння грамадзянін таксама паведамляе аб чыстасардэчным раскаянні ў зробленым, гатоўнасці прынесці публічныя прабачэнні і пакрыць прычыненую шкоду;

— асабісты подпіс грамадзяніна (для пісьмовых зваротаў).

Да звароту павінны быць прыкладзены копія дакумента, які сведчыць асобу грамадзяніна, іншыя дакументы, якія, на думку грамадзяніна, маюць значэнне для разгляду дадзенага пытання камісіяй, уключаючы асабістыя паручальніцтвы. Паручальнікамі могуць быць паўналетнія дзеяздольныя асобы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржаўныя служачыя, працоўныя калектывы, іншыя аб'яднанні грамадзян, юрыдычныя асобы. Колькасць паручыцеляў не абмяжоўваецца.

Пра тое, што ні ў чым не вінаваты грамадзянін (бо віна яго вызначаецца толькі судом) павінен напісаць абставіны, у сувязі з якімі ён выехаў (ага, той самы данос на сябе), пра гатоўнасць «чыстасардэчна раскаяцца», «прынесці публічныя прабачэнні», пісалі багата. Таксама як і пра гатоўнасць пакрыць прычыненую шкоду.

Але фішка ў чым. Разам з гатоўнасцю пакрыць шкоду грамадзянін паказвае сваё месца жыхарства і апошняе месца працы. Мы ўсе ведаем, што па «завочных прысудах» ужо арыштоўвалася маёмасць людзей, якія праходзілі па «экстрэмісцкіх» справах. Нават у падсудных цяпер праваабаронцаў «Вясны» канфіскоўваецца нібыта належная ім маёмасць. То-бок, чалавек сам павінен паказаць, дзе ён жыве і што ў яго ёсць, і, такім чынам, даць карнай сістэме «ключы ад хаты». А гэтая сістэма ўжо вырашыць, што рабіць. Можа, сапраўды забраць «у даход дзяржавы», а можа, ціснуць на родных і сваякоў.


Звароты «збеглых» будуць разглядацца камісіяй па сутнасці ў тэрмін не пазней двух месяцаў з дня іх паступлення. Пры неабходнасці старшыня камісіі мае права падоўжыць гэты тэрмін да трох месяцаў. Па выніках разгляду зваротаў на пасяджэнні камісіі шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў будзе прынята адно з наступных рашэнняў:

  • аб інфармаванні грамадзяніна аб адсутнасці ў дачыненні да яго на дату звароту ў камісію пачатага адміністрацыйнага працэсу аб правапарушэннях, якія прадугледжваюць спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, нявыкананай пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, узбуджанай крымінальнай справы, пастановы аб прызнанні падазраваным, прыцягненні ў якасці абвінавачанага;
  • аб мэтазгоднасці адмены абранай у дачыненні да грамадзяніна меры стрымання або замены яе больш мяккай;
  • аб мэтазгоднасці спынення ў дачыненні да грамадзяніна справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, вызвалення яго ад крымінальнай адказнасці ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам;
  • аб інфармаванні грамадзяніна аб яго працэсуальным становішчы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, па крымінальнай справе.

Разумееце, у чым тут фокус? Чалавек ужо распісаўся ў тым, што, на яго думку, ён здзейсніў правапарушэнне альбо ўвогуле крымінальнае злачынства. Ён выклаў камісіі не толькі ўвесь «кампрамат», але і свае даходы, сваіх сяброў і калег (месца працы альбо вучобы), тых, каму ён давярае (праз «паручальніцтва»), паведаміў пра сваю маёмасць (месца жыхарства) і гэтак далей. Больш такой «камісіі», насамрэч, нічога не трэба. Яна ўжо пра ўсё даведалася, і яе рашэнне можа быць любым.

Таму, што камісія разглядае заяву, як пазначана ў пункце першым апошняга спісу, «на дату звароту ў камісію». А з нашай практыкай «перазатрыманняў» і маючага зваротную моц заканадаўства гэтая «дата» можа пасоўвацца туды-сюды. Сёння тэлеграм-канал, на які падпісаны «збеглы», яшчэ нармальны, а заўтра ён ужо «экстрэмісцкі». Знойдзецца адзін рэпост двухгадовай даўніны — і вось ужо правапарушэнне, якое зусім не «на дату звароту ў камісію».

А такім чынам затрымаць можна любога — проста любога чалавека, які карыстаецца інтэрнэтам. Ужо неаднаразова пісалася, што прызнанне «экстрэмісцкім фарміраваннем» парталу TUT.BY зрабіла экстрэмістамі ўсю краіну, бо наўрад ці знойдзецца хаця б адзін чалавек, які за два дзясяткі гадоў існавання звышпапулярнага партала не падзяліўся ў сацсетках хаця б адной яго навіной. Пра пошту @tut.by нават казаць не трэба, ёй карысталіся нават дзяржаўныя органы.

Адаслаў ліст з адрэсай tut.by — ты ўжо распаўсюдзіў «экстрэмісцкае фарміраванне».


І яшчэ тры моманты, на якія варта звярнуць увагу.

Першы: на гэтыя звароты не распаўсюджваюцца патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». То-бок, камісія вам і адказваць не абавязаная!

Другі: рашэнне Камісіі з'яўляецца канчатковым.

Трэці: у выпадку непрыбыцця грамадзяніна ў Рэспубліку Беларусь у трохмесячны тэрмін з даты накіравання яму паведамлення, рашэнне Камісіі страчвае сілу.

А цяпер падумаем: якое рашэнне камісіі? Камісія ж ці «інфармуе» грамадзяніна аб наяўнасці альбо адсутнасці да яго справы, ці вызначае «мэтазгоднасць» тых ці іншых дзеянняў «прадугледжаных заканадаўствам» у краіне, дзе «не да законаў».

Так што адзінае, што прапануе камісія — толькі сеанс самавыкрыцця. Прычым, без усялякай магіі.