«Праграму нацыянальнага пакаяння задумалі дзеля душэўнага спакою сведак стабільнасці»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ў чарговым сваім лісце заклікае не паддавацца на правакацыі і не заўважаць супярэчнасцей. Бо, «калі ты ўбачыла супярэчнасць, то я табе скажу, што ў цябе зусім антыдзяржаўны погляд».
Не ведаў, з чаго сёння пачаць, то пачну з жахлівай гісторыі. Украінская мяжа, ноч, месяц, памежны слуп. Ніхто не бачыў, як за ім прыйшлі, ніхто не ведае, куды ён пайшоў…
Вось пакуль Украіна рыхтавала напад і падрывала абараназдольнасць памежных слупоў, яшчэ прапаноўвала беларускім уладам падпісаць пакт аб ненападзе. Яна за мінулы год зладзіла 88 актаў правакацый супраць беларускіх памежнікаў з выкарыстаннем слоў і жэстаў. У той жа час, трэба аддаць ёй належнае, Украіна не паддаецца на правакацыі вядомых усім дзяржаў, каб напасці на Беларусь.
Ты супярэчнасць бачыш? А яе няма.
А беларускія ўлады працягвалі праводзіць паслядоўную міралюбную палітыку, выступаючы донарам бяспекі і стабільнасці. Таму не сталі падпісваць з Украінай пакт аб ненападзе, які яна прапаноўвала. (Пагадзіся, калі б падпісалі, дык нехта так учора і сказаў бы, што падпісаў з Украінай пакт аб ненападзе, а не расказваў, што там яму прапаноўвалі падпісаць).
І калі раптам ты зноў бачыш якую-небудзь супярэчнасць, то цалкам дарма.
Але гэта не абавязковая ўмова. У камісіі пісьменныя людзі сядзяць, артыкулы КК яны падбяруць самі. І пасля таго, як збеглыя, якія не вінаватыя, пакаюцца і прызнаюць віну, дзяржава гарантуе, што да іх «меры ў пэўных выпадках прымяняцца не будуць». А калі і будуць, то выключна «са згоды генеральнага пракурора».
Але гэта да тых, якія не вінаватыя. А якія вінаватыя, да тых літасці не будзе. Якія вінаватыя, будуць адказваць па ўсёй строгасці закона, нават калі яны нікуды не беглі, нічога не рабілі і сядзелі пад плінтусам.
І калі ты ўбачыла супярэчнасць, то я табе скажу, што ў цябе зусім антыдзяржаўны погляд.
Я вось, дарэчы, рашуча адпрэчваю незаслужаныя абвінавачванні ў тым, што беларускія ўлады задумалі праграму вяртання збеглых з карыснай мэтай папаўнення бюджэту. Што беларускім уладам не хапае падаткаплацельшчыкаў, грошы якіх дзяржава магла б выдаткаваць на ўтрыманне тых, хто будзе прыцягваць падаткаплацельшчыкаў да ўстаноўленай законам адказнасці за антыдзяржаўны лад думак.
Гэта значыць, падаткаплацельшчыкаў дзяржаве сапраўды не хапае. Але я моцна сумняваюся, што праграмай нацыянальнага пакаяння гэтых падаткаплацельшчыкаў можна завабіць у краіну ў таварных колькасцях.
А душэўны спакой асабліва актуальны, калі стабільнасці пагражаюць ужо не лайкі экстрэмісцкай накіраванасці, а нядобрыя ўзброеныя фарміраванні па перыметры дзяржаўных меж.