Украінская разведка: Лукашэнка разумее, што ён – мэта Пуціна, і гатовы аддаць Крамлю ўсё

Лукашэнка не хоча быць наўпрост уцягнутым у вайну і згодны дзеля гэтага ахвяраваць усім, што мае, абы захаваць уласнае жыццё.

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

Кіраўнік Беларусі ўсведамляе, што з'яўляецца адной з мэт на знішчэнне для Расійскай Федэрацыі. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі ў эфіры агульнаўкраінскага тэлемарафону.

Па словах намесніка кіраўніка ГУР, Лукашэнка не хоча прымаць непасрэдны ўдзел у вайне і выкарыстоўвае розныя метады. Кіраўнік Беларусі разумее хісткасць свайго становішча, але працягвае пазбягаць прамой канфрантацыі з Украінай.

У гэтым кантэксце Скібіцкі пракаментаваў інфармацыю аб тым, што цяпер на тэрыторыі Беларусі назіраецца перадыслакацыя са складоў захоўвання тэхнікі.

Так, у Беларусі пачынаюць здымаць са складоў захоўвання тэхніку і аддаваць у Расійскую Федэрацыю. «Мы гэта бачым. Мы бачылі танкі, якія перадалі Расіі. Мы бачылі танкі, вывезеныя з тэрыторыі Беларусі», — распавёў Скібіцкі.

На фоне боязі перад расійскімі спецслужбамі Лукашэнка гатовы на многае. Цяпер ён актыўна ўзмацняе ўласную ахову. «Ён гатовы аддаць усё, што мае», — заявіў Скібіцкі.

«У яго ёсць сям'я, у яго ёсць бізнес. І адбыліся падзеі, звязаныя з міністрам замежных спраў (кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей раптоўна памёр у лістападзе 2022 года. — рэд.)... Ён шмат памяняў у сваёй асабістай ахове, узмацніў сродкі бяспекі. Ён разумее, што з'яўляецца адной з мэт для Расійскай Федэрацыі. І таму яму цяжка», — адзначыў Скібіцкі.

Ці трэба шкадаваць чалавека, які запрасіў расійскае войска да сябе ў краіну — намеснік кіраўніка ГУР нічога пра гэта не сказаў.

Паводле gazeta.ua, www.unian.net