Ва Украіне надрукавалі канверт, прысвечаны Алесю Бяляцкаму, і марку з «Пагоняй»
Марка з беларускай «Пагоняй» — цяпер і афіцыйны плацежны сродак ва Украіне, і сімвал падтрымкі беларускага народа, паведамляюць гродзенскія праваабаронцы.

Ва Украіне выпусцілі адмысловы канверт, прысвечаны лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму. Адначасна выйшла і марка, прысвечаная Беларусі ў звязку з нобелеўскім уганараваннем праваабаронцы. Ініцыятарам такога выдання стаў Уладзімір Ханас, грамадскі дзеяч з Тэрнопалю. Дапамагалі ў выданні і гродзенскія праваабаронцы.

Уладзімір Ханас распавёў:
— Калі мы рыхтавалі спецыяльныя канверты да атрымання Нобелеўскай прэміі міру Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў (старшыня Аляксандра Матвійчук), то вырашылі зрабіць такі ж канверт для беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. І тут мы сутыкнуліся з пэўным выклікам. Ва Украіне хапае патрыятычных марак, сусветны розгалас выклікаў знакаміты «рускі карабель». У Беларусі такіх брэндаў няма. Таму мы вырашылі выпусціць праект маркі з беларускай сімволікай. Пасля абмеркаванняў вырашылі абраць стылізаваны варыянт адной з першых марак незалежнай Беларусі з гербам «Пагоня». Гэта афіцыйны плацежны сродак – і своеасаблівы сімвал падтрымкі і салідарнасці з беларускім народам. І канверты, і маркі зробленыя, пасля спецгашэння — мы іх дашлем беларускім сябрам.
