Украіна блакіруе ўдзел Ціханоўскай і беларусаў у сумесных дыпламатычных мерапрыемствах?

Некаторыя еўрапейскія дыпламаты паведамілі «Н*шай Н*ве», што апошнім часам Украіна паслядоўна блакіруе ўдзел Святланы Ціханоўскай, а таксама прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага грамадства ў сумесных з еўрапейцамі мерапрыемствах.

52646212061_9587a6d4dc_b.jpg


На думку суразмоўцаў выдання, гэта выглядае часткай кулуарных дамоўленасцей Кіева і Лукашэнкі або спробай адгадаць жаданні апошняга.

«Пакуль Украіне ёсць на чым гуляць, каб хаця б тэарэтычна стрымліваць Лукашэнку ад нарошчвання аб'ёмаў свайго ўдзелу ў вайне, яны спрабуюць гэта рабіць. Што ён іх неаднаразова падманваў, у цяперашняй сітуацыі не ўлічваецца. Пакуль ёсць хоць кропля надзеі, як кажуць», — сказаў нам суразмоўца.

З фактаў: Ціханоўскай, у адрозненне ад мінулага года, у 2023-м не было на саміце Люблінскага трохкутніка.

Люблінскі трохкутнік — гэта дыпламатычная пляцоўка, заснаваная Польшчай, Украінай і Літвой, куды ў 2021-м Святлану Ціханоўскую запрасіў якраз міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба. Пазней ён жа выказаўся ў духу таго, што без дэмакратычнай Беларусі фармат з'яўляецца няпоўным і мае вырасці ў чатырохкутнік.

Але гэтым разам Ціханоўскую не запрашалі, хоць раней яна там бывала.

«Для парушэння традыцыі і няўдзелу ў саміце павінен быць моцны аргумент, які мог зыходзіць толькі ад Украіны», — сказаў нам дыпламат.

З гэтага ж шэрагу падзей: непрыкметная прысутнасць Ціханоўскай на афіцыйнай частцы адзначэння 160-х угодкаў паўстання 1863 года ў Варшаве.

«Ціханоўская прысутнічала на афіцыйнай частцы, але ёй не далі слова. У зачытаным лісце Зяленскага не была згадана Беларусь, што стала свайго роду дэманстратыўнай праявай свядомага ігнаравання, бо беларускі тэатр баявых дзеянняў быў значны ў тым паўстанні. Ва ўсім гэтым можна заўважыць тэндэнцыю», — сказаў дыпламат.

Суразмоўцы бачаць у гэтым частку дамовы з Лукашэнкам, які ўжо шмат разоў даказваў Украіне сваю «надзейнасць» і цану свайго слова.

«Украінцы блакіруюць удзел беларусаў, не толькі Ціханоўскай, паўсюль, дзе могуць — гэта праўда», — дадаў іншы абазнаны суразмоўца з шэрагу еўрапейскіх дыпламатаў.

Пазіцыя Польшчы і Літвы адносна Беларусі і статусу Святланы Ціханоўскай ніяк не змянілася, але яны вымушаны ўлічваць пажаданні Кіева на супольных з Украінай мерапрыемствах.

Святлану Ціханоўскую прымалі на высокім узроўні ў большасці сталіц краін Еўрасаюза, але не ў Кіеве.


Прадстаўнік па міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі ў інтэрв'ю «Б*лсату» патлумачыў, што сцэнарый цырымоніі ў Варшаве сапраўды быў зменены: «Калі мы рыхтаваліся да візіту, то ў нас была інфармацыя пра тое, што ёсць апазіцыя да прамовы Святланы Ціханоўскай, прысутнасці беларускага сцяга і беларускага вянка. Было відавочна, што была змена сцэнарыя, які планаваўся спачатку».

Кавалеўскі паведаміў, што пасля цырымоніі выказаў амбасадару Украіны ў Польшчы пратэст праз тое, што Уладзімір Зяленскі не згадаў Беларусь у заяве, прысвечанай паўстанню Каліноўскага.

«Я звярнуў увагу на недарэчнасць таго, што адсутнічала згадванне беларусаў — фактычна асноўнай сілы ў гэтым паўстанні. Спадар амбасадар прыняў гэтую інфармацыю, заўвагі ён ніяк не пракаментаваў. Як прафесійны дыпламат, ён гэтую інфармацыю давядзе да Кіева, да свайго МЗС. Дый грамадская рэакцыя досыць выразная. На гэтым этапе гэтага больш чым дастаткова і заўважна для ўкраінскага боку», — сказаў ён.

Прадстаўнік Кабінета таксама падкрэсліў, што «няпамятлівасць» Зяленскага ніяк не паўплывае на падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй, хаця і перапісваць гісторыю такім чынам нельга ні ў якім разе: «Мы звярнулі ўвагу на гэты эпізод, але ён не будзе вызначаць нашы адносіны і тым больш не будзе вызначаць нашу падтрымку ўкраінскага народа на гэтым этапе, калі яны абараняюць сваю радзіму. Мы будзем іх падтрымліваць, бо яны змагаюцца за сваю і за нашу свабоду».

scjahi_czatyroh_narodau_logo_1.jpg


Што датычыць незапрашэння Ціханоўскай на сёлетні саміт Люблінскага трохкутніка, то Кавалеўскі патлумачыў, што Беларусь у гэтай ініцыятыве ніяк не зафіксавана, таму і ўдзел дэмакратычнай лідаркі Беларусі не мусіць быць абавязковым. Запрашэнне Ціханоўскай на сустрэчу пазалетась «было сітуацыйным».

«Мы падкрэсліваем, што хочам удзельнічаць у гэтай ініцыятыве, але пакуль да гэтага не дайшло. Таму я б не разглядаў адсутнасць запрашэння сёлета як нейкую прыкмету асаблівага стаўлення да Святланы Ціханоўскай асабіста ці да Беларусі ўвогуле», — дадаў ён.

«Мы разумеем, што Украіна вельмі не хацела б стварыць нейкія умовы, якія маглі б справакаваць новае ўварванне з тэрыторыі Беларусі. Але ж, калі было першае ўварванне, ніякай правакацыі не трэба было: проста Пуцін захацеў гэта зрабіць, сказаў пра гэта Лукашэнку, той яго падтрымаў — і пачалася вайна. Калі трэба будзе зрабіць гэта другі раз, зноў жа не трэба будзе ніякіх правакацый, будзе дастаткова жадання Пуціна, і Лукашэнка нікога не спыніць. Ёсць вялікая небяспека, што зноў будзе падман, зноў будзе здрада, зноў будзе ілюзія, якая не спраўдзіцца», — падсумаваў Валер Кавалеўскі.